У рэйтынгу «Беларусь-1» моцна прайграе расійскаму ТНТ

На пытанне «які ў вас любімы тэлеканал» найбольшая колькасць колькасць гледачоў адказвае «НТВ-Беларусь». А «Беларусь-1» саступае ў рэйтынгу нават расійскаму забаўляльнаму ТНТ. Гэта канал, які транслюе серыялы, гумарыстычныя праграмы, а таксама шоу «Дом-2».
Такія вынікі даследаванняў, праведзеных у 2016 годзе пад эгідай Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, апублікаваныя ў адпаведным статыстычным зборніку.

У даведніку не ўказваецца, колькі чалавек удзельнічала ў апытаннях і калі канкрэтна яны праводзіліся.

Звернемся да раздзела, прысвечанага СМІ. 86% апытаных атрымліваюць інфармацыю па тэлебачанні, 57% — у інтэрнэце, 43% — у друкаваных СМІ, 29% — па радыё.

Аднак варта ўдакладніць, што ў моладзі (18-29 гадоў) іншыя прыярытэты. Інфармацыю з інтэрнэта атрымлівае 91% рэспандэнтаў, 67% — з тэлебачання, 23% — з друкаваных СМІ, 20% — з радыё.

Самыя папулярныя тэлеканалы (глядзелі хоць раз на працягу месяца)

АНТ — 67,7% (любімая праграма на тэлеканале — ток-шоу «Няхай гавораць»)
«НТВ-Беларусь» — 64,6% (ток-шоу «Гаворым і паказваем»)
«Беларусь-1» — 59,7% (крымінальная хроніка «Зона Х»)
«РТР-Беларусь» — 54,8% (ток-шоу «Жывы эфір»)
«Беларусь-2» — 44,2% («Тэлебарометр»)
СТБ — 35,6% (кулінарнае шоу «Званая вячэра»)
«Мір» — 29,7%
ТНТ — 24,9%
«Беларусь-3» — 22,2%
«Беларусь-5» — 17%
Больш паказальным выглядае іншы спіс, які ўтварыўся з адказаў на пытанне пра любімы канал.

Які тэлеканал ваш любімы?

«НТВ-Беларусь» — 16,3%
«РТР-Беларусь» — 13,8%
АНТ — 10,8%
ТНТ — 8,2%
«Беларусь-1» — 4,5%
Звяртае на сябе ўвагу лідарства тэлеканалаў, заснаваных на расійскім кантэнце. А «Беларусь-1» істотна прайграе ў глядацкай любові нават расійскаму забаўляльнаму ТНТ.

Самыя папулярныя газеты (чыталі хоць раз на працягу месяца)

«Советская Белоруссія» — 34,4%
«Камсамольская праўда» — 30,3%
«Аргументы і факты» — 29%
«Рэспубліка» — 9,9%
«З рук у рукі» — 9,2%
Якая газета ваша любімая?
«Камсамольская праўда» — 12,7%
«Советская Белоруссія» — 7,9%
«Аргументы і факты» — 7,6%
«Сябар пенсіянера» — 2,4%
«Жаночая газета» — 1,9%
Пры гэтым сцвярджаецца, што чытачоў газет найбольш цікавяць… міжнародныя падзеі. А мясцовыя навіны нібыта хвалююць ў паўтара разу менш аўдыторыі.


Самая папулярная радыёстанцыя (слухалі хоць раз на працягу месяца)

Першы нацыянальны канал — 21%
«Радыюс ФМ» — 19,1%
«Радыё Рокс» — 13,8%
«Рускае радыё» — 11,1%
«Альфа радыё» — 6,9%
Якая ваша любімая радыёстанцыя?
«Радыё Рокс» — 9,3%
Радыюс ФМ — 6,8%
«Рускае радыё» — 5,7%
Першы нацыянальны канал — 4,3%
«Мелодыі стагоддзя» — 4,0%.
Самае любімае радыё ў беларусаў — тое, дзе круцяць найбольш расійскіх блатных песень.

На які сайт вы заходзілі за апошнія суткі?

«Укантакце» — 28,2%
«Аднакласнікі» — 24,1%
Tut.by — 19,7%
«Яндэкс» — 14,2%
«Гугл» — 11,3%
«Ютуб» — 10,8%
«Анлайнер» — 7,5%
Mail.ru — 7,4%
«Куфар» — 3,8%
«Фэйсбук» — 3,1%
Які ваш сайт самы любімы?
«Аднакласнікі» — 14,1%
«Укантакце» — 10,9%
Tut.by — 6,2%
«Ютуб» — 6,2%
«Анлайнер» — 3,4%

Акаўнты «Укантакце» маюць 68,4% апытаных, у «Аднакласніках» — 67,5%. Астатнія сеткі значна адстаюць. У «Фэйсбуку» зарэгістраваныя 22,8% рэспандэнтаў, а ў «Інстаграме» — 9,7%. Далей ідуць «Мой мір» (4%), «Твітар» (3,7%) і «Ютуб» (3,2%).


Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!