Ігар Банцар: «Я не збіраюся ўцякаць з гэтай краіны, таму што я сябе злачынцам не пачуваю»

Гродзенскі палітзняволены Ігар Банцар тыдзень спрабуе даведацца, куды яго накіравалі на «хімію», паведамляе «Радыё Рацыя».

Ігар Бынцар прайшоў ужо амаль дзясятак розных інстанцый, аднак яшчэ не атрымаў адказу.

— Ужо які дзень тэлефаную ва ўсе мажлівыя інспекцыі: патэлефанаваў у Дэпартамент выканання пакаранняў у Менск, потым — у Дэпартамент выкананання пакарання ў Гародні і нарэшце мяне скіравалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Ленінскага раёна. Сёння пайшоў, высветлілася, што няма таго чалавека, у якога мая справа. І я знаходжуся ў падвешаным стане і ніхто не можа патлумачыць дзе, калі, куды.

Я заўжды, тэлефануючы, пытаюся: я — Банцар, “палітычны”, мне прызначана “хімія”,  калі вы мяне выправіце на “хімію”? Што мне рабіць, мо ўжо з краіны ўцякаць? Бо ў нас былі ў сераду затрыманні ў Гародні. Таму я не ведаю, як доўга я пахаджу на волі. Ці мне зараз нейкі больш злачынны крымінальны артыкул “прышыюць”?

— Вы кажаце пра затрыманні. Можа якія падрабязнасці ведаеце?

— Датычна затрыманняў, гэта адбылося 9 чэрвеня. Тры чалавекі з асяроддзя антыфашыстоўскага, якіх я ведаю асабіста. Гэта людзі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны прытрымліваюцца левых поглядаў. І тое, што іх затрымалі па 285 артыкуле, як шмат каго з Менска, Берасця, для мяне відавочна, што будуць рабіць пасля паправак у Крымінальны кодэкс, нейкую агульную справу супраць “радыкальна-экстрэмісцкай арганізацыі”, „Анціфа”, напрыклад. Гэта для мяне відавочна.

І асноўнае, наколькі я ведаю з затрымання гарадзенцаў інфармацыі, што распытвалі пра Банцэра. Таму я падазраю, што таксама буду ўдзельнічаць у гэтай крымінальнай справе. Паглядзім, ці не захочуць яны мяне зрабіць голасам гэтай левай сцэны. Таму што я вядомы як выканаўца. Ці захочуць зрабіць нейкім ідэйным натхняльнікам, “шэрым кардыналам”, лідарам гэтага “падполля”? Гэта мала прыемна, вельмі стрэсуе і на нервы дзейнічае. Вельмі псіхічны стан зараз цяжкі ў мяне.

Наколькі я ведаю па затрыманнях, следчы ГУБАЗіКу з Менска прыязджаў, і хлопцаў этапам адразу ў Менск завезлі. Яны зараз на Валадарцы. Таму я тэлефаную ва ўстановы і пытаю, ці мне ўжо чакаць іншай крымінальнай справы ці ўцякаць з краіны.

Для мяне відавочна, што мяне ў такім падвешаным стане трымаюць менавіта для таго, каб максімальна мяне псіхічна разгойдаць. Але я не збіраюся ўцякаць з гэтай краіны, таму што я сябе злачынцам не пачуваю, нічога злачыннага не рабіў, не парушаў заканадаўства, а калі пакрыўдзіў каго з супрацоўнікаў міліцыі, за гэта гатовы папрасіць прабачэнне.

За свой перформанс перад супрацоўнікамі міліцыі у 2020-м годзе актывіст і музыка Ігар Банцэр правёў за кратамі 5 месяцаў, трымаў 16 дзён сухую галадоўку. У пачатку чэрвеня 2021 году Ігара мусілі адправіць адбываць 8 месяцаў, што засталіся па прысудзе, на “хімію”, аднак пакуль улады не могуць адказаць, куды адпраўляюць актывіста.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: