Ігар Ільяш: у Беларусі могуць з'явіцца крымінальныя справы за дваровыя сходы

Да такой высновы аналітык прыйшоў пасля нядаўніх выказванняў Лукашэнкі.
Палітычны аналітык Ігар Ільяш лічыць, што неўзабаве ў Беларусі могуць з'явіцца крымінальныя справы за дваровыя сходы.

Ігар Ільяш у сваім тэлеграм-канале «Беларускі Данбас» пракаментаваў заявы Лукашэнкі наконт пратэстаў і пагрозы «гарачай вайны».

«Лукашэнка ў прысутнасці мітрапаліта Веньяміна фактычна анансаваў чарговую хвалю палітычных рэпрэсіяў. Асноўная мэта новай кампаніі – дваровыя сходы, апошні асяродак вулічных пратэстаў на гэты момант. Калядная заява арганічна ўбудоўваецца ў падзеі апошняга тыдня.

4 студзеня Лукашэнка сустракаецца з генпракурорам Шведам, дзе ставіць задачу ўзмацніць інтэнсіўнасць пераследу ўдзельнікаў пратэстаў. А Швед, у сваю чаргу, заяўляе аб неабходнасці спынення дваровых акцыяў. Увечары 5 студзеня праходзяць жорсткія аблавы на іншадумцаў у розных мінскіх дварах. А сёння, на Раство, Лукашэнка і сам публічна кажа пра тое, што з дваровымі акцыямі трэба пакончыць. А значыць, градус тэрору будзе ўстойліва павышацца. Рызыкну выказаць здагадку, што неўзабаве справа дойдзе да масавых крымінальных справаў за дваровыя сходы».

На думку Ільяша, заява Лукашэнкі яшчэ раз сведчыць пра тое, што ў 2021 годзе ён захавае курс на жорсткія рэпрэсіі. А заявы пра «Год народнага адзінства» або амністыю – гэта «рытуальныя фразы, за якімі няма ніякага палітычнага манеўра».

Паводле аналітыка, Лукашэнка робіць стаўку на тэрор таму, што разумее глыбіню сваёй электаральнай прорвы і баіцца рэвалюцыйнага выбуху праз пагаршэнне эканамічнай сітуацыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: