Ігар Ільяш завёз першую перадачу Кацярыне Андрэевай у Жодзіна (фота)

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі ўжо больш за чатыры месяцы.

Кацярыну Андрэеву этапавалі ў жодзінскую турму 17 сакавіка, распавядае «Белсат». Этапаванне зацягнулася на ўсю ноч і завершылася толькі раніцай: спачатку яе і іншых вязняў давезлі на аўтазаку да чыгуначнай станцыі, адтуль у «сталыпінскіх» вагонах адправілі ў Жодзіна, а з жодзінскага вакзала да турмы зноў везлі ў аўтазаках. На Валадарскага перад этапам і адразу пасля этапавання ў Жодзіна Кацярыну некалькі гадзін трымалі ў так званай «камеры-адстойніку». За дзень да гэтага, 16 сакавіка, у Жодзіна адправілі Дар’ю Чульцову.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы этапу, Кацярына захоўвае добры эмацыйны стан, бадзёры настрой і не скардзіцца на здароўе. Адразу пасля пераводу ў Жодзіна Кацярыну наведаў адвакат Сяргей Зікрацкі. На наступны дзень пасля этапавання муж журналісткі Ігар Ільяш завёз ёй у турму перадачу.

Кацярына і Дар’я не першы раз трапляюць у Жодзінскую турму: яны сядзелі там амаль 2,5 месяцы перад судом. У лютым і сакавіку нашых каляжанак трымалі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Увесь гэты час Каця сядзела ў адной камеры з журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч.

Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі. Нашы каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстай спецслужб за прафесійную дзейнасць.

Харчы, якія не прынялі ў перадачу. Фісташкі павінны быць без шалупаек, а джэмы — забароненыя.

Абаронцы яшчэ 26 лютага накіравалі апеляцыйную скаргу на вырак суддзі Наталлі Бугук. Адвакаты патрабуюць скасаваць прысуд Фрунзенскага раённага суда і спыніць вядзенне ў гэтай крымінальнай справе. Апеляцыйную скаргу на вырак разгледзяць у Мінскім гарадскім судзе 23 красавіка а 10:00.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краін.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: