Ігар Комлік: Нашая справа ўсё выразней ператвараецца ў палітычную

Следчы камітэт працягнуў расследаванне справы адносна лідара прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Фота з сайта spring96.org

Крымінальная справа заведзена па артыкуле аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Па словах Ігара Комліка, аб працягненні расследавання яму паведаміў следчы падчас чарговага допыту, аднак пісьмовай пастановы аб працягненні расследавання не паказаў.

— Cправа гэтая працягнутая да 2 лютага, таму што стаіць загад нешта знайсці. І таму следчыя як бы выконваюць сваю працу. Але ж можна казаць, што пытанні не заўсёды маюць дачыненне да таго, каб быць звязанымі з нейкімі дзеяннямі, якія адбыліся ў 2011 годзе. Таму паўстаюць сумненні, наколькі гэта крымінальная справа, хутчэй пераводзіць яе ў палітычную.

Па словах Ігара Комліка, напрыклад, следчыя патрабавалі ад яго і Генадзя Фядыніча прадставіць спіс сябраў прафсаюзу. Гэта не мае ніякіх адносінаў да абвінавачанняў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у 2011 годзе. А ведаючы, што інфармацыя аб актывістах прафсаюзу можа прывесці да ціску і нават іх звальненняў, кіраўнікі РЭПу адмовіліся гэта зрабіць.

Па-ранейшаму мы адмаўляем сваю віну і ўвесь час заяўляем аб гэтым”, — падкрэсліў Ігар Комлік.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя


Каментаваць