Ігар Комлік: Улада баіцца людзей

Ці будзе ўдзел у страйках? Па маіх звестках, у любым выпадку людзі да гэтага рыхтуюцца, распавёў «Радыё Рацыя» каардынатар прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

 

Пра ўльтыматум Святланы Ціханоўскай беларускім уладам і пра яе заклік да агульнабеларускга страйку разважае госць Радыё Рацыя, каардынатар прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці па Мінску і Мінскай вобласці Ігара Комлік у размове з карэспандэнтам Генадзем Барбарычам.

— Вядома, што Святлана Ціханоўская абвясціла ўльтыматум уладам Беларусі. У выпадку яго не выканання яна звярнулася да працоўных абвясціць страйк у Беларусі з 26 кастрычніка. Наколькі такое развіццё падзеяў магчымае?

— Дадзены ход падзеяў, як заўжды ў гэтым годзе, пакажуць канкрэтна 25 і 26 чыслы. То-бок, прагназаваць у цяперашняй сітуацыі дастаткова складана, але ясна адно, што ўлада ўжо спужалася гэтага ўльтыматуму. Недарэмна зараз у сетцы інтэрнэт прыходзяць паведамленні з розных рэгіёнаў краіны пра тое, што ўлада шляхам подкупу, пагроз ды іншага спрабуе правесці сваю альтэрнатыўную кампанію людзям, якія маюць перакананні і змагаюцца з гэтай уладай. То-бок, гэта ўжо паўплывала і кажа пра дастаткова сур’ёзную пазіцыю людзей у краіне. Улада баіцца іх.

Другое — ці будзе ўдзел у страйках? Па маіх звестках, у любым выпадку людзі да гэтага рыхтуюцца. На колькі актыўна гэта будзе адбывацца на кожным канкрэтным прадпрыемстве, наколькі гэта актыўна будзе адбывацца па-за межамі прамысловых прадпрыемстваў пакажа час, але такі настрой у людзей прысутнічае. Калі было заяўлена лідарам меркаванняў, лідарам цяперашняй апазіцыі людзям, то заява зробленая, і яна мае тэндэнцыю якімсьці чынам рэалізоўвацца. Наколькі яно будзе актыўным, будзем глядзець ужо па выніках.

— А які настрой на прадпрыемствах? Улады ў сваю чаргу рыхтавалі вялікі мітынг у падтрымку Лукашэнкі.

— У тым і справа, што шматлікія людзі адмаўляліся ўдзельнічаць у такіх мітынгах, усё ж такі не прадаюць сваё сумленне і годнасць. Як гэта, напрыклад, робяць сілавыя структуры, якія баяцца гневу з двух бакоў. Прычым з аднаго боку яны баяцца гневу народа, а з другога — гневу Лукашэнкі. І за сябе баяцца, бо, на жаль, сябе яны ўжо зганьбілі дзеяннямі ў жніўні гэтага года.

А што тычыцца іншага боку — людзі на прадпрыемствах, прыхільнікі пераменаў, самастойна па сваёй ініцыятыве рыхтуюцца да таго, каб прыняць удзел у страйках. На тых прадпрыемствах, дзе прысутнічаюць нашы сябры прафсаюзу, мне пра гэта дакладна вядома, размовы вядуцца з работнікамі прадпрыемстваў, то бок удакладняецца наколькі яны гатовыя і якія патрабаванні працаўнікі гатовыя падтрымаць.

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: