Ігар Кузняцоў: За апошнія 25 гадоў такой арганізаванай кампаніі супраць Курапатаў я не сустракаў

Пасля «вялікай размовы» Лукашэнкі 4 красавіка ў Курапатах пачалі зносіць крыжы, затым улады ўзяліся за «добраўпарадкаванне» Народнага мемарыялу. Усё гэта суправаджаецца шматлікімі маніпуляцыямі адносна версій і колькасці знішчаных тут людзей. Многія з выказванняў, у тым ліку афіцыйных СМІ, пераступаюць не толькі маральныя, але і законныя межы. 

Ігар Кузняцоў

Гісторык, даследчык савецкіх рэпрэсій 1930 – 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў падзяліўся з «Новым Часам» сваім меркаваннем пра чарговы наступ на Курапаты.

Ігару Кузняцову не раз даводзілася сутыкацца з абвінавачваннямі ў фальсіфікацыях звестак па рэпрэсіях у Беларусі і нават адстойваць свае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю ў судзе. Але справа ў тым, што ўсе нападкі на дыпламаванага спецыяліста сыходзілі ад людзей, абсалютна недасведчаных не тое што ў тэме рэпрэсій, але і ў гісторыі ўвогуле. Вось і 17 красавіка на сайце «Советской Белоруссии» быў апублікаваны артыкул Андрэя Мукавозчыка «Лжэгісторыкі». Аўтар паставіў пад сумнеў прафпрыдатнасць даследчыкаў сталінскіх рэпрэсій, якія агучваюць альтэрнатыўную дзяржаўнай версію расстрэлаў у Курапатах. Адметна, што пасля таго, як Ігар Кузняцоў звярнуўся ў рэдакцыю з патрабаваннем абвяржэння, артыкул з сайту «СБ» знік. 

Хронікі інфармацыйнай вайны

Аднак інфармацыйная вайна вакол Курапатаў пачалася не з артыкула Мукавозчыка, а значна раней, з моманту адкрыцця Нацыянальнага некропалю. Галоўным ініцыятарам спрэчак вакол яго як у 1988 годзе, так і цяпер, выступае камуністычная партыя, кажа Ігар Кузняцоў. У 1990 годзе яе прадстаўнікі звярнуліся ў Генпракуратуру СССР для вывучэння злачынстваў, здейсненых ва ўрочышчы. Аднак камісія з Генпракуратуры не знайшла нічога, што сведчыла б пра забойствы ваенных часоў. Тады ж у «Народнай газеце» выйшла публікацыя, у якой сцвярджалася, што рэпрэсіі ў СССР былі законнымі.

Потым на некалькі гадоў спекуляцыі вакол злачынстваў на ўскраіне Мінска сціхлі, і аднавіліся ўжо з прыходам да ўлады Лукашэнкі. У 1995 годзе старшы следчы па асабліва важных справах Генпракуратуры Валерый Камароўскі пераправяраў усе звязаныя з Курапатамі дакументы, бо зноў усплыла версія, што тут падчас вайны нацысты расстрэльвалі гамбургскіх яўрэяў. Аднак яна не пацвердзілася.

Але камуністы ўсё ніяк не супакойваліся, і ў 1996 годзе звярнуліся наўпрост да кіраўніка дзяржавы, што, маўляў, апазіцыя зноў фальсіфікуе гістарычныя факты, звязаныя з расстрэламі ў Курапатах. Праз год распачынаецца новае следства, якое даручаюць ужо ваеннай пракуратуры, і вядзе яго падпалкоўнік юстыцыі, старшы следчы па асабліва важных справах Віктар Сомаў. Зноў прапрацоўвалася версія нямецкага следу. Галоўным доказам на яе карысць служылі знойдзеныя ў Курапатах стрэляныя гільзы ад нямецкіх пісталетаў — вальтэра і браўнінга. Аднак дакументы, якія сустракаў у Нацыянальным архіве Беларусі Ігар Кузняцоў, сведчаць пра тое, што гэтая зброя была штатнай у савецкім НКУС. Да таго ж у той час паралельна ішло даследаванне катынскіх расстрэлаў. У яго матэрыялах ёсць паказанні, што чэкісты выкарыстоўвалі пісталеты сістэмы вальтэр, бо наганы не вытрымлівалі нагрузкі пры масавых расстрэлах, калі за ноч трэба было забіць 200 — 250 чалавек.

Падчас гэтага следства правялі эксгумацыю самага вялікага пахавання ў Курапатах, дзе знайшлі парэшткі 373 чалавек, і ўстанавілі імёны двух афіцыйна вядомых сёння расстраляных — Мойшэ Крамера і Мардыхая Шулькеса, якія ў чэрвені 1940-га года ўтрымліваліся ў гродзенскай турме. Ініцыятараў расследавання — прадстаўнікоў кампартыі — запрашалі прысутнічаць пры эксгумацыі, але яны запэўнівалі, што давяраюць ваеннай пракуратуры, і адмаўляліся прыходзіць. Аднак нягледзячы на гэта неўзабаве газета «Славянский набат» апублікавала вялікі артыкул па расследаванні ў Курапатах, дзе раскрывала матэрыялы следства, нягледзячы на падпіску аб неразгалошванні. У гэтым матэрыяле выказваўся недавер да ваеннай пракуратуры і зноў мусіравалася тэма нацысцкіх расстрэлаў, хаця падчас расследавання ніводнага рэчавага доказу, старэйшага за 1940 год, знойдзена не было.

На сённяшні дзень афіцыйна вядомыя толькі два імені расстраляных у Курапатах

На сённяшні дзень афіцыйна вядомыя толькі два імені расстраляных у Курапатах

Тым не менш, калі ў 1998 годзе следства завяршылася, па тэлебачанні выйшаў дакументальны фільм, у якім зноў прасоўвалі версію ваенных забойстваў у Курапатах. На працягу наступных некалькіх гадоў гэтую гіпотэзу працягвалі тыражаваць хіба што ў друку і на сайце кампартыі.

Дзяржава прызнала Курапаты. Ці не?

Чарговае абвастрэнне адбылося ў 2017 годзе. На сайце кампартыі Беларусі з’явіўся артыкул на тэму Курапатаў, які стаў нагодай для позвы Ігара Кузняцова ў суд. Гэта была ўжо другая «курапацкая» судовая кампанія гісторыка па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі (папярэдні пазоў ён падаваў у 1997 годзе з нагоды публікацыі ў «Народнай газеце»). Аднак абодва суды скончыліся аднолькава: справу вывелі з судовага разгляду, паколькі палічылі яе навуковай спрэчкай.

Неўзабаве пасля гэтага, у лютым 2017 года, адбыўся круглы стол у «Советской Белоруссии», на якім першы намеснік старшыні КДБ генерал-маёр Ігар Сергяенка пацвердзіў, што ў Курапатах расстрэльваў НКУС. Тады ж з ініцыятывы тагачаснага рэдактара «СБ» Паўла Якубовіча была створана грамадская камісія па Курапатах, у якую ўвайшлі ў тым ліку Ігар Кузняцоў, Ганна Шапуцька і Алесь Чахольскі. Праўда, апошняе яе пасяджэнне адбылося ў красавіку 2017 года. У гэты ж час адбыўся конкурс на праект дзяржаўнага помніка ў мемарыяле, аднак прадстаўнікоў грамадскасці з ім ніхто не азнаёміў.

Адметна, што першапачаткова надпіс аб прысвячэнні ахвярам палітычных рэпрэсій 1930 — 1940-х гадоў на помніку не быў прадугледжаны. Але літаральна за некалькі тыдняў удалося дамагчыся, каб ён з’явіўся на дзяржаўным мемарыяльным знаку. Акрамя надпісу па-беларуску па рэкамендацыі мастацкай рады вырабілі шыльды на польскай, рускай і ідышы. Яны ўжо вырабленыя, але пакуль не ўсталяваныя.

Старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч на фоне дзяржаўнага помніка ў Курапатах

Старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч на фоне дзяржаўнага помніка ў Курапатах

Але пасля ўсталявання дзяржаўнага помніка пачаўся новы наступ на Курапаты, які суправаджаўся вандалізмам: на самім знаку нехта надрапаў зоркі Давіда, з другой спробы была разбітая «лава Клінтана», быў размаляваны камень, усталяваны ў памяць аб забітых яўрэях. Былі ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы па фактах вандалізму на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, але ніякай інфармацыі аб іх ходзе няма.

Потым да інфармацыйных нападак кампартыі на фоне выказванняў Лукашэнкі падчас «вялікай размовы» далучылася «СБ» з ужо згаданым артыкулам Мукавозчыка (хаця пры мінулым рэдактару ў выдання была іншая рыторыка адносна савецкіх рэпрэсій). А днямі яшчэ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што ў Беларусі ў часы рэпрэсій было расстраляна не больш за 30 тысяч, а ў Мінску — 7,5 тысячы чалавек. Па словах Кузняцова, Марзалюк, які спецыялізуецца на перыядзе XVII стагоддзя, проста не мае права выказвацца пра Курапаты, паколькі не з’яўляецца спецыялістам у гэтай тэме.

Але ўзнікае пытанне: калі ўлады ўсё яшчэ маюць сумневы адносна расстрэлаў у Курапатах, каму тады яны паставілі помнік (які, дарэчы, афіцыйна так і не быў адкрыты)? Для чаго афіцыйная газета ў свой час ініцыявала круглы стол, калі цяпер палівае брудам тых, хто спрабуе дакапацца да праўды пра расстрэлы ва ўрочышчы?

Каму выгадныя спекуляцыі на тэме рэпрэсій?

На думку Ігара Кузняцова, цяпер ідзе кампанія, накіраваная на замацаванне ў грамадскай свядомасці заніжаных лічбаў забітых у Курапатах.

Колькасць ахвяр у 7,5 тысячы ўзнікла пасля першых эксгумацый у 1988 годзе, аднак яна не дакладная, паколькі тады было даследавана да 20 пахаванняў. А ўсяго ў Курапатах — 510 магільных заняпадзін, хоць, вядома, не ўсе яны могуць быць пахаваннямі. Тым не менш, мапа пахаванняў даходзіць ажно да Зялёнага Луга — то-бок, МКАД адназначна прайшла па костках і разбурыла частку магіл. Да таго ж па самай Галгофе правялі газапровад. Можна меркаваць, што падчас пракладкі гэтых трас было знішчана не менш за 150-200 пахаванняў. Плюс зусім не даследаваны лес за Заслаўскай шашой, таму што за адведзены на вывучэнне месяц зрабіць гэта было проста немагчыма.

Таму лічбу ў 7,5 тысячы забітых у Курапатах можна прымаць у якасці мінімальнай, але ніяк не поўнай. Зрэшты, незразумела, чаму прадзяржаўныя структуры так актыўна прасоўваюць менавіта яе — хіба меншая колькасць ахвяр змякчае злачынства? Дарэчы, таму, што гэта было менавіта злачынства сталінізму, ёсць яшчэ адзін ускосны доказ. У сярэдзіне 1990-х намеснік начальніка КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Андрэеў у адным інтэрв’ю заявіў, што рэпрэсіі не абмінулі яго сям’ю: ён вывучаў дакументы і ўстанавіў, што яго дзед быў расстраляны ў Курапатах.

Што да лічбы ў 30 тысяч расстраляных у Беларусі, яе ў 1994 годзе ў сваёй кнізе агучыў гісторык і дзяржаўны дзеяч Уладзімір Адамушка. Паводле яго было расстраляна больш за 28 тысяч чалавек. Аднак іншы гісторык, Алег Іоў, які ўдзельнічаў у раскопках у Курапатах разам з Зянонам Пазьняком і Міколам Крывальцэвічам, кажа, што толькі ва ўрочышчы было расстраляна 30 тысяч чалавек. З гэтай колькасцю Ігар Кузняцоў таксама не згодны. Паводле яго падлікаў, заснаваных на вывучэнні афіцыйных і неафіцыйных крыніц , ёмістасць пахаванняў у Курапатах можа дасягаць 95 — 100 тысяч чалавек. А адкрывальнік урочышча Зянон Пазьняк увогуле мяркуе, што лік можа сягаць 250 — 300 тысяч ахвяр. У любым выпадку, пра лічбы можна спрачацца, яшчэ лепш — іх даследаваць, але ўсе спрэчкі могуць праходзіць у межах навуковай дыскусіі, але ніяк не ў прамых асабістых абразах, як гэта робяць асобна ўзятыя прадстаўнікі камуністычнай партыі ці журналісты. «За апошнія 25 гадоў такой арганізаванай кампаніі супраць Курапатаў я не сустракаў», — прызнаецца Ігар Кузняцоў.

Здавалася б, калі ўжо немагчыма даследаваць матэрыяльныя сведчанні, паколькі частка з іх проста знішчана, самім уладам было б выгадна адкрыць доступ да ведамасных архіваў. Гэта б дазволіла запоўніць прабелы і спыніць спекуляцыі на тэме Курапатаў. Для тых, хто не ведае: грамадскасць не раз звярталася да ўладаў з патрабаваннем рассакрэціць дакументы па рэпрэсіях, але атрымлівала адмовы. На крыглым стале «СБ», прысвечаным мемарыялізацыі Курапатаў, Ігар Кузняцоў асабіста прапаноўваў стварыць працоўную групу па вывучэнні расстрэлаў у Курапатах, куды б увайшлі прадстаўнікі КДБ і гісторыкі. Але ні станоўчага, ні адмоўнага адказу не атрымаў. Усё гэта падводзіць да думак, што маніпуляцыі версіямі і лічбамі вакол Народнага мемарыялу ўладзе выгадныя. Альбо яны хаваюць ад народа нешта настолькі страшнае, што адкрыццё архіваў выкліча як мінімум рэвалюцыю на асобна ўзятым астраўку стабільнасці, а як максімум — канец свету?..



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!