Ігар Лосік спыніў галадоўку: «Мяне ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці»

Палітвязень адмаўляўся ад ежы цягам 42 дзён.
Пра тое, што Ігар Лосік спыніў галадоўку, паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга», адным з адміністратараў якога ён быў.

Падрабязнасці аўтары тэлеграм-каналу абяцаюць пазней.

Нагадаем, Ігар Лосік абвясціў галадоўку 15 снежня на знак пратэсту супраць новага выстаўленага яму абвінавачання па артыкуле 293 — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Раней Ігара абвінавачвалі толькі па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У той час «Радыё Свабода» паведамляе, што 25 студзеня з Ігарам Лосікам у следчай турме Жодзіна сустрэўся яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар. Праз яго Ігар перадаў вялікі зварот да ўсіх, хто яго падтрымліваў.

"Я вырашыў спыніць галадоўку, — перадаў Ігар з-за кратаў. — Чаму я гэта зрабіў? Сапраўды па ўласным жаданні. Я не прымаў ежу больш за сорак дзён, і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым.

А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасці, не хачу, каб за мой свядомы выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы ўсе вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу хваляваць і прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас.
У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці.

Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсці на гэтую крайнюю меру.
Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так прыкметна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуванне і салідарнасць, а ім пляваць на пакуты сотняў семʼяў, дзяцей, на чалавечыя жыцці. Вы не падвядзеце. Зараз такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі.

За зімой абавязкова надыходзіць вясна, ноч змяняецца світаннем. Гістарычныя працэсы яшчэ нікому не ўдалося адмяніць або спыніць ніякімі дэкрэтамі, арыштамі або расстрэламі.

Усім-усім вялікі дзякуй за падтрымку, буду чакаць добрых навінаў.

P.S. Шмат хто пісаў, што я нічога не дабʼюся. Гэта не так. Сваім учынкам я прыцягнуў увагу не толькі да сваёй справы, але і да становішча з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне. Зараз пра нас усіх кажуць гучна і на ўсіх магчымых пляцоўках патрабуюць вызвалення нявінна арыштаваных і асуджаных. Гэта нямала. Спадзяюся, што са спыненнем маёй галадоўкі тэма палітычных зняволеных не сыдзе з грамадскага парадку. Яшчэ раз усім дзякуй за падтрымку і салідарнасць".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: