Ігар Тышкевіч: Расія на сёння не мае на каго абаперціся ў Беларусі

Пазіцыя Расіі — не столькі зняць Лукашэнку, пытанне — на каго яго мяняць. І пытанне стварэння перадумоў для таго, каб Беларусь не працягнула дрэйф далей ад расійскіх інтарэсаў. Таму для Расіі крытычна важна запусціць партыйнае жыццё у Беларусі, прарасійскія партыйныя праекты, распавёў Ігар Тышкевіч «Еўрарадыё».

Ігар Тышкевіч 

22 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі амаль цэлы дзень разам: каталіся на лыжах, абедалі, размаўлялі пра нешта за зачыненымі дзвярыма, цёпла абдымаліся на развітанне. Вось толькі вынікі гэтай сустрэчы незразумелыя. Да журналістаў па заканчэнні сустрэчы кіраўнікі краін не выходзілі, а паведамленні прэс-службы абмяжоўваюцца пералічэннем агульных тэм перамоў. Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч у размове з рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком кажа, што гэта запланаваная інфармацыйная аперацыя.

— З пункту гледжання рыторыкі Пяскова, тут варта звярнуць увагу тых, хто цікавіцца расійскімі медыя, паглядзець, як змянілася інфармацыйнае асвятленне менавіта падзей у Беларусі на працягу апошніх трох-чатырох месяцаў. Прынамсі, перад Новым годам рэзка з'явіўся новы контур, што слова «Беларусь» у расійскіх дзяржаўных і недзяржаўных, дарэчы, медыя вельмі рэдка пачалі ўжываць без слова «Расія». І, адпаведна, гэта праводзіцца такая паралель Беларусь — Расія, Расія — Беларусь, калі Лукашэнка, то гэта абавязкова Расія альбо Пуцін. І, зыходзячы з гэтага, пасыл Пяскова цалкам укладаецца ў такую інфармацыйную аперацыю.

Калі ж гаварыць пра сам змест размовы, у дадзеным выпадку мы маем ціск Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі пэўных планаў, якія цікавыя і для яе. Гэта і пэўныя меры палітычнай трансфармацыі, і эканамічныя праекты. І жаданне Лукашэнкі — з аднаго боку, атрымаць падтрымку ад Расіі, з другога боку — максімальна зацягнуць час. Таму можна сказаць, што фармат такі меў месца быць, але пры гэтым Лукашэнка спрабаваў ізноў гуляць у старую гульню «лозунгі ў абмен на грошы», калі ён старанна дэманстраваў блізкасць, братэрскасць, добрыя адносіны і гэтак далей.



— Тым не менш, па гарачых слядах учарашняй сустрэчы з'явіўся артыкул на старонцы расійскага «Московского комсомольца». Працытую на мове арыгінала адзін сказ: «Отталкиваясь от национальных интересов двух стран, мы очень чётко можем предположить, что именно они должны были обсудить. Плановый, производимый не под давлением оппозиции и Запада, но при этом достаточно скорый отход Лукашенко от власти в Минске». Ці можна сказаць, што гэта фактычна такая канцэнтраваная пазіцыя расійскага істэблішменту наконт сітуацыі ў Беларусі?

— Не зусім. Таму што пазіцыя атачэння — не столькі зняць Лукашэнку, пытанне — на каго яго мяняць. І пытанне стварэння перадумоў для таго, каб Беларусь не працягнула дрэйф далей ад расійскіх інтарэсаў. Таму што, незалежна ад таго, Лукашэнка быў прэзідэнтам ці не, стаўленне ў грамадстве мянялася. Таму для Расіі крытычна важна, якраз-такі ў ідэі беларускай палітычнай рэформы для Расійскай Федэрацыі, запусціць партыйнае жыццё, партыйныя праекты.

Расія на сёння не мае на каго абаперціся ў Беларусі

— Вернемся да палітычнай сферы: канстытуцыйнай рэформы, на якой нібыта настойвае Крэмль, такім чынам настойваючы на транзіце ўлады ад Лукашэнкі да некага іншага. Ці атрымаецца, ці будзе ён настойваць на хутчэйшым правядзенні канстытуцыйнай рэформы або праглыне прапанаваную Лукашэнкам дарожную мапу?

— Ужо праглынуў.

— І што далей?

— Сама ідэя канстытуцыйных змен Беларусі з'явілася да выбараў 2020 года. Тут дастаткова паглядзець беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Так, планавалася трансфармацыя ў некалькіх кірунках. Першае — мясцовае самакіраванне, і гэта будзе. Не таму што Лукашэнка — дэмакрат. Не дэмакрат. З пункту гледжання цяперашняй эканомікі, сістэма мясцовага самакіравання — яна стратная. Яна не можа быць самаакупнай, яна не можа быць эфектыўнай. Другое — што мясцовыя эліты, іх якасць вельмі-вельмі нізкая. І без надання ім пэўнай меры самастойнасці гэтая якасць не павысіцца. І зыходзячы з таго, што мясцовыя эліты — гэта першая прыступка замен эліты, але, адпаведна, гэта крызіс усёй сістэмы. Таму мясцовае самакіраванне — гэта асобна.

Другая частка — падыход пад магчымы транзіт. І тут Лукашэнка нездарма яшчэ ў 19-м годзе казаў пра размеркаванне паўнамоцтваў. Гэта альбо іранскі, альбо казахскі варыянт — каму як заўгодна. Калі чалавек, які меў усе рычагі ўплыву, сыходзіць на нейкую пасаду (яна можа быць прыдумана, можа быць штучна ўзмоцнена), — тое, што ёсць у сістэме, і гэтая частка гэтай структуры, яна пачынае кантраляваць стратэгічныя кірункі. І якраз-такі гэта тое, што завецца «аяталой».

У Беларусі, наколькі я разумею, Лукашэнка хоча зрабіць Усебеларускі народны сход. Але пры гэтым пэўнае ажыўленне палітычнага жыцця адбываецца ў парламенце. Гэта значыць запуск, сярод іншага, партыйных ініцыятыў. Запуск партый, запуск партыйнага жыцця. І ствараецца ўражанне такой сабе дэмакратыі.

Пытанне ў тым, што ў 20-м годзе гэтую сістэму без змен, без трансфармацый беларускі бок запусціць ужо ў прынцыпе не мог. Па адной простай прычыне: што Лукашэнку ніхто не верыў. А з іншага боку, Расія настойвала, і для Расіі з гэтых трох кірункаў крытычна важны палітычны складнік. Пераразмеркаванне паўнамоцтваў і палітычны складнік. Таму што Расійская Федэрацыя на сёння, на жаль, не мае на каго абаперціся ў Беларусі.

Для Расіі важна стварыць пэўнаю групу эліт — гэта могуць быць чыноўнікі, бізнесмены, хтосьці яшчэ, з каго можна пасля ляпіць партыйныя праекты і праекты па кіраванні працэсамі. Альбо шэрыя кардыналы, альбо сама ўлада. На гэта патрэбны час, і гэта трэба ўсё абкатаць. Таму для Расійскай Федэрацыі крытычна важны менавіта палітычны партыйны складнік, каб стварыць некалькі партый, прычым яўна прарасійская будзе адна, а так праекты будуць кшталту ліберальныя, яны могуць хадзіць пад бела-чырвоным сцягам, але галасаваць так, як выгадна там Расійскай Федэрацыі — ну, напрыклад, па пытанні аб'яднання прадпрыемстваў, збліжэння заканадаўства і гэтак далей. Ну, гэта тое, што ў 20-я гады бальшавікі называлі тэрмінам «карысныя ідыёты». Таму стварыць і прарасійскую партыю, і некалькі «карысных ідыётаў». Таму, зыходзячы з дадзеных сацыялогіі, атрымаць хаця б 40 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў, нават пры вольных выбарах, але каб стымуляваць канфлікт, у тым ліку між рознымі часткамі беларускага грамадства, і ў такім выпадку трэцяя сіла прарасійская будзе як хвост, які матляе сабакам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: