Ігар Аліневіч: "Я хацеў расказаць людзям пра кашмар, што адбываецца побач"

У Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні — 15 лістапада — І. Аліневіч распавёў Праваабарончаму цэнтру "Вясна", што падштурхнула яго да напісання кнігі, як гэта пісаць у зняволенні і як літаратурная творчасць дапамагае ў турме.

 



У 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і беларускай рэдакцыяй "Радыё Свабода" была заснавана прэмія імя Францішка Аляхновіча, якая штогод прысуджаецца асуджаным, што пісалі за кратамі. Першую такую ​​прэмію ўручылі палітвязьню Ігару Аліневічу 10 снежня 2013 г. за кнігу "Еду ў Магадан".

“За той няпоўны год у маім жыцці адбылося столькі шакавальных падзей, што не верылася, што гэта адбываецца са мной. Абвінавачванне, уцёкі, арышт, ціск, турэмны побыт, людскія лёсы, суд і прысуд, этап — гэта было падобна на трылер, а не на рэальнае жыццё. Складана ўтрымаць народжаны паток думак і пачуццяў — усё маё нутро патрабавала выхаду гэтай буры”, — дзеліцца Ігар Аліневіч. — “Я хацеў давесці свой вопыт да паплечнікаў, разумеючы, што і шмат каму з іх трэба будзе гэта прайсці. Я хацеў расказаць людзям пра кашмар, што адбываецца тут побач, праз дарогу, па якой ездзяць машыны і шпацыруюць людзі. Я хацеў разбурыць тое нагрувашчванне хлусні, якое пачало будавацца яшчэ да арышту. І я разумеў, што потым будзе позна, ды і наогул можа не наступіць ніколі”.

Былы палітвязень адзначае, што пісаць у турме складана: заўсёды існуе небяспека прыцягнуць увагу турэмшчыкаў, ды і «стукачы» назіраюць за ўсімі 24 гадзіны ў суткі, што спараджае атмасферу недаверу, часам нават параною. Акрамя таго, цяжкасці ў напісанні за кратамі ўзнікаюць і з-за недахопу даведачных матэрыялаў:

“Штосьці можна папрасіць у лістах, але гэта займае шмат часу і не ўсе прапускае цэнзура. Так што ў стагоддзе гугла і Вікіпедыі зноў становяцца важныя знаёмства з эрудзіраванымі людзьмі, якія памятаюць тысячы дробязяў”.

Ігар Аліневіч успамінае словы свайго таварыша: "Нават калі народ не жадае свабоды, змагацца ўсё роўна трэба хоць бы дзеля сябе самога", і падкрэслівае:

“У турме, як нідзе жыццёва неабходна сабраць волю ў кулак, мабілізавацца, разабрацца ў сваіх сумневах і каштоўнасцях. Духоўная рыхласць ў турме пагібельная якасць. А сам працэс напісання выступае як саматэрапія.

Не забыцца таго радаснага пачуцця, калі заканчваеш апошнюю старонку, адчування лёгкасці, гармоніі, вызвалення. Менавіта тады я адчуў, што магу жыць далей, а не пракручваць усё ў галаве круг за кругам”.

Былы палітвязень кажа, што не адчувае сябе пісьменнікам, але плануе значна дапоўніць сваю пакуль адзіную кнігу:

“Не ўсё было апублікавана, не ўсе я ведаў на той момант з таго, што трэба было сказаць. Гэты прабел я запоўню.

Што тычыцца працягу, то, як ні дзіўна, на волі пісаць значна складаней, чым у зоне. За кратамі не трэба думаць аб даху над галавой, ды і харчаванне якое-ніякое ёсць. А па гэты бок кратаў усе гэтыя пытанні становяцца надзённымі. Побыт бязлітасны.

Больш за тое, галоўная перашкода ў вялізным выбары таго, як рэалізаваць тую энергію, якая сілкуе пісьменніка. Магчыма, кніга не лепшы рашэнне”.

Сёння кніга “Еду ў Магадан” ўжо перакладзена на беларускую, англійскую, сербскую/харвацкую/баснійскую, чэшскую, нямецкую, польскую, іспанскую і французскую мовы і апавядае ўсяму свету аб рэалях беларускай турмы і людзях за яе кратамі.

Нагадаем, Ігар Аліневіч быў выкрадзены спецслужбамі ў Расіі, незаконна вывезены ў Рэспубліку Беларусь і змешчаны ў СІЗА КДБ (“Амерыканку”). Асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г. Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію "Віцьба-3". 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.


spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: