«Ігнор Лукашэнкі на ўсіх узроўнях»

Вольга Кавалькова расказала пра стратэгію Каардынацыйнай рады, паведамляе «Свабода».
Фота Аляксандра Васюковіча

Фота Аляксандра Васюковіча

Традыцыйная нядзельная акцыя пратэсту ў Мінску сабрала больш за 100 тысяч чалавек, стаўшы самай масавай як мінімум у кастрычніку. Акцыя адбываецца ў крайні тэрмін «народнага ўльтыматуму», які вылучыла Святлана Ціханоўская.

Паводле ўмоваў гэтага ўльтыматуму Лукашэнка павінен быў да нядзелі, 25 кастрычніка, абвясціць аб сваёй адстаўцы, вызваліць усіх палітвязняў і спыніць міліцэйскі гвалт на вуліцах. У адваротным выпадку ў панядзелак, 26 кастрычніка, мае распачацца агульнанацыянальны страйк.

Лукашэнка, як і чакала большасць назіральнікаў, ад улады не адмовіўся і выпусціў толькі некалькіх палітвязняў. Гвалт на акцыях пратэсту працягваўся і ў нядзелю. Чаго чакае ад панядзелка Каардынацыйная рада, у інтэрв’ю тэлеканалу «Настоящее время» расказала сябра яго прэзідыуму Вольга Кавалькова.

— Святлана Ціханоўская чакала, што на вуліцы выйдзе ўся Беларусь. Выйшла?

— Людзі, вядома ж, выходзяць. Сёння на тых кадрах, якія я бачу з Менску, — масавыя акцыі пратэсту, вялікая колькасць людзей.

Вольга, чаго вы чакаеце ад заўтрашняга дня? Як гэта ўсё пачнецца — тая самая агульнанацыянальная забастоўка?

— Тут важна, што кожны для сябе прымае рашэнне: я не іду на працу. Важна, што для людзей, якія прынялі для сябе такое рашэнне, ёсць дапамога і падтрымка, якую дэкларуюць фонды салідарнасці з Беларуссю. Але трэба адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і разумець, што сёння асноўны рухавік зменаў у Беларусі — беларускі народ і тыя людзі, якія не галасавалі за Аляксандра Лукашэнку, а падтрымалі дэмакратычнага кандыдата і прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую, за новыя выбары, за новую Беларусь.

Важная стратэгія грунтуецца на нашым бачанні і на нашых задачах у грамадзянскай супольнасці. Калі сёння Аляксандр Лукашэнка асабіста не чуе, што яму кажа беларускі народ, то, мне здаецца, далейшая стратэгія — гэта ігнор Аляксандра Лукашэнкі на ўсіх узроўнях, у тым ліку і ў самой Беларусі. Грамадзянская супольнасць ужо сёння фармуецца на нізавых структурах у абʼяднанні, якія будуць прымаць рашэнні за свой двор, за свой раён і за свой горад. І гэта фактычна сёння цэнтр у Беларусі — не ўлада, якая адарваная [ад народу]. Калі ўлада не будзе падпарадкоўвацца, не будзе выконваць рашэнні гэтых нізавых абʼяднанняў людзей, якія выходзяць на вуліцы, то, фактычна, людзям такая ўлада не патрэбная.

— Як гэта можа працаваць на практыцы? Вось я жыву, у мяне ёсць пэнсія — мне яе прыносяць прадстаўнікі дзяржаўных структур. У мяне ёсць двор — яго абслугоўваюць прадстаўнікі камунальных службаў, таксама дзяржаўных. У мяне ёсць дзяржаўныя нейкія крамы. Як гэта ўсё заменяць дваровыя абʼяднанні, пра якія вы кажаце?

— Мы не кажам пра замену, мы кажам пра ігнараванне.

— Мне прыносяць пенсію, а я гэта ігнарую?

— Не, пачакайце, не пра пенсію гаворка. Тут розныя ўзроўні прыняцця рашэнняў у розных ведамствах. Мы цяпер гаворым пра тое, што калі міністэрства, ведамства, якое не дзейнічае ў інтарэсах народу, не выконвае іх патрабаванняў, то гэта будзе іх ігнараванне. Мы не гаворым цяпер пра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Не Аляксандр Лукашэнка плаціць пенсіі, пра якія вы цяпер кажаце. Пенсію плацяць тыя людзі, якія працуюць. У нас сістэма так пабудавана — размеркавальная сістэма пенсійнага забеспячэння. Калі беларусы перастануць працаваць, то пенсію плаціць не будзе каму. І не трэба казаць, што Аляксандр Лукашэнка асабіста або міністэрства плаціць людзям пенсіі. Гэта ўвогуле адарвана ад рэальнасці. Калі яны не пачуюць патрабаванняў народу аб тым, што ўлада павінна належаць людзям, то бізнес не будзе працаваць, ён не будзе плаціць падаткаў у бюджэт, пенсію не будзе чым плаціць.

Вольга Кавалькова. Фота "Радыё Свабода"


— Гэтае прыпыненне павінна пачацца заўтра. У вас ёсць нейкія дамоўленасці з бізнесам, з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, з дробным бізнесам пра тое, што яны сапраўды не пачнуць заўтра працаваць?

— Бізнес — гэта адна структура, але ёсць яшчэ дзяржаўныя структуры, дзяржаўныя прадпрыемствы. Дамовіцца з кіраўнікамі дзяржпрадпрыемстваў — гэта трэба мець ружовыя акуляры. З людзьмі, якія там працуюць, — так. Вядома ж, ёсць кантакты і з страйкавымі камітэтамі, вядома ж, ёсць кантакты з бізнэс-супольнасцямі. Ужо цяпер велізарная частка стартапаў і IT-бізнесаў з Беларусі сыходзіць. І гэты працэс, на жаль, будзе працягвацца, таму што ніхто сёння ў Беларусі пры тых умовах, якія створаныя для бізнесу, не бачыць перспектывы для развіцця — пры Лукашэнку, пры тых заціснутых мэханізмах і пры непразрыстым падаткаабкладанні.

Я асабіста не маю [ілюзій], што ўсё здарыцца ў адзін дзень. Мы, вядома ж, на гэта працуем. Але па тым, як сітуацыя развіваецца ў апошнія два месяцы, мы бачым, што ёсць дзве задачы. Па-першае, задача ўмацавання грамадзянскай супольнасці і нізавых ініцыятываў, якія ёсць цяпер, для таго каб супрацьстаяць тым выклікам, якія стаяць і ў Беларусі, і з боку Расійскай Федэрацыі, таму што ў іх таксама ёсць свой план па кантролі. Калі яны могуць кантраляваць толькі Лукашэнку, яны, магчыма, будуць выкарыстоўваць сцэнар кантролю над сістэмай. І тут вельмі важныя нізавыя ініцыятывы і лідары, гэтыя абʼяднанні. І другі паралельны працэс — гэта працэс ігнаравання ўлады. І працэс, што мы самі можам замест гэтай улады прапанаваць. Мне здаецца, усе мы працуем на розныя працэсы.

Каардынацыйная рада сёння — гэта шырокае прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасці, з якім мы цяпер павінны працягваць працаваць, мы дамо свой план. Такім чынам, не толькі выходзячы ў нядзелю на пратэсты, мы зможам супрацьстаяць сістэме і руйнаваць яе, фармуючы сілу ў людзях і ў тых абʼяднаннях, якія ёсць цяпер на месцах.

— А вы бачылі сацыялігічнае апытанне, якое было праведзена брытанскай арганізацыяй: беларусаў пыталіся анлайн, за каго яны галасавалі?

— Не, не бачыла.

— Гэтае даследаванне правёў Chatham House. Асноўная выснова, якую яны робяць, — што большасць прагаласавала за Святлану Ціханоўскую, Лукашэнка набраў каля 20%. Паказчык, які мяне зацікавіў, — людзі адказвалі, што ў асноўным не ведаюць, чым займаецца Каардынацыйная рада, і хацелі б больш актыўнасці. Чаму яны так ацэньваюць працу Каардынацыйнай рады?

— Вядома, мы абсалютна самакрытычныя. І пытанне тут у тым, што калі Лукашэнка ўбачыў сілу Каардынацыйнай рады і той узровень даверу, які людзі аказваюць яго чальцам, ён зрабіў усё магчымае, каб разграміць раду і зрабіць яе працу менш эфектыўнай, у тым ліку і выгнаннем лідараў, і арыштам лідараў прэзідыуму, якія цяпер яшчэ працягваюць знаходзіцца ў турме. Але з упэўненасцю магу сказаць, што ў нас план ёсць і мы ў найбліжэйшы час яго для беларусаў прэзентуем.

Нашая задача — гэта грамадзянская супольнасць, гэта тыя людзі, якія цяпер удзельнічаюць у акцыях. Мы будзем працягваць рабіць усё магчымае для таго, каб умацаваць гэты сегмент. Але я самакрытычная. Я бачу, што, на жаль, Аляксандр Лукашэнка дзейнічаў так, таму што ў яго не было ніякіх шанцаў нейкім чынам паказваць, што ён абраны людзьмі, і ён спрабаваў процідзейнічаць лідарам: вывез з краіны Святлану Ціханоўскую і ўсіх астатніх.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: