Ілан Маск адказаў, што не дарыў Лукашэнку «Тэслу»

Бізнесовец і вынаходнік Ілан Маск у Twitter адказаў на пытанне аб тым, ці праўда ён дарыў машыну Tesla Аляксандру Лукашэнку, як той заявіў 2 верасня, піша «Свабода».

Ілан Маск. Фота www.svaboda.org

«Вой, не», — адказаў Ілан Маск на адно з пытанняў карыстальнікаў аб заяве Лукашэнкі.


«У мяне ёсьць электрычная машына “Тэсла”, я часам яе тэстую. Маск падараваў, — расказаў Аляксандар Лукашэнка школьнікам 2 верасня. — Убачыў мяне на матацыкле, “слухай, ён у вас на двухколавым ездзіць”. Ёсць самы любімы матацыкл мой — наш, мінскі робіць завод — добрая штука. Вядома, ён не ляціць 180, як “Тэслы”, але вельмі прыемна. Я цябе ў гэтым падтрымліваю, і мы ўсё больш будзем пераходзіць на электрамабілі».

Калі і адкуль у Лукашэнкі з’явілася «Тэсла», раней не абвяшчалася. Хаця Лукашэнка расказваў, напрыклад, што «Майбах» яму падарылі на дзень народзінаў, а прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі казала, што расійскі алігарх Ігар Макараў падарыў яму ровар.

Маск не рабіў публічных візітаў у Беларусь або публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, а таксама ніяк не згадваў Беларусь і Лукашэнку ў сацсетках.

У 2017 годзе Лукашэнка ўжо зрабіў адну сумнеўную заяву адносна сваёй «Тэслы»: ён расказаў, як разагнаўся на ёй да 280 кіламетраў на гадзіну, у той час як максімальная хуткасць Tesla Model S P100D — 250 км/г. Цяпер Лукашэнка казаў ужо пра значна меншую хуткасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: