«Ілюзія стабільнасці небяспечная тым, што ніколі не ведаеш, у які момант гэтая стабільнасць раптам скончыцца»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» разважае пра тое, чаму 25 сакавіка, Дзень Волі — не «дзень Страшнага суда» і што пасля 25-га будуць і іншыя дні.


Прывітанне, дачка! Сёння пачну, мабыць, з нашай традыцыйнай гумарыстычнай рубрыкі: Міністэрства энергетыкі паведаміла аб падключэнні да сеткі першага энергаблока Беларускай атамнай станцыі. Ну, каб было што іншы раз выключыць. Ты, галоўнае, сачы, каб я не заблытаўся. У гэты раз ўключылі, значыць, у наступны будзе пра тое, што выключылі.

Учора канал «Эканоміка па-беларуску» апублікаваў графік каціровак беларускіх еўрабондаў. І па стане на бягучы момант ужо тры з пяці выпускаў гандлююцца ніжэй за намінальны кошт. Трошачкі танней было толькі ў жніўні. Потым, у верасні, калі пачаліся ўсе гэтыя размовы пра хуткі транзіт улады, кошт аблігацый стаў патроху расці, і з канца лістапада да самага лютага яны жылі сабе амаль без прыгод. Ну, а з лютага кошт аблігацый зноў стаў зніжацца. Гэта мы якраз даведаліся, што Мінфін пазычыў у банкаў 626 мільёнаў на выратаванне БМЗ і знешняга доўгу. А з сакавіка траекторыя зніжэння кошту аблігацый стала паволі ператварацца ўжо ў траекторыю падзення.

Ты прабач, што я табе другі дзень запар кажу пра сумныя еўрабонды. Проста гэта сапраўды важны сімптом. Не толькі таму, што там занадта прыстойныя грошы, каб беларускія ўлады маглі іх лёгка знайсці, калі інвестары раптам захочуць датэрміновага пагашэння. Кошт еўрабондаў — гэта яшчэ і сумленная адзнака нашага палітычнага і эканамічнага стану вачыма знешняга свету. Ці, па меншай меры, той часткі гэтага свету, у якой, здараецца, бываюць лішнія грошы. Таму што, калі якая кампанія захоча што-небудзь замуціць у Беларусі, яна ж не лічбы росту ВУП ад Белстата будзе вывучаць. Яна спачатку пацікавіцца дынамікай каціровак суверэнных аблігацый. І атрымліваецца, што вера ў намаляваную ўладамі стабільнасць дэвальвуецца хутчэй, чым курс беларускага рубля.

Хаця сама ўлада сваёй стабільнасцю таксама не занадта цешыць сябе. Прынамсі, калі верыць лісту ад міністра ўнутраных спраў да міністра абароны, апублікаванага не скажу дзе. Нават перад 9-м жніўня яны не запытвалі ў арміі падмацаванняў у такіх маштабах. (На ўсялякі выпадак: праславіліся ў пачатку жніўня ўнутраныя войскі — гэта ўсё-ткі не армія. Гэта як АМАП, толькі бясплатна).

Вось улады рыхтуюцца да 25 сакавіка, як быццам гэта апошні і рашучы бой. Самі рыхтуюцца і заадно спрабуюць пераканаць у гэтым навакольных. У іх прыкладна такія ж настроі былі перад 9 жніўня. Яны тады таксама думалі, што трэба прастаяць два дні і пратрымацца адну ноч паміж імі, а потым адразу будзе ім шчасце.

Але пасля 9-га жніўня былі ж у жніўні і іншыя дні. І ў верасні, і ў кастрычніку, што характэрна. Так і 25-га сакавіка не дзень Страшнага суда. Стаўленне людзей да ўлады пасля 25-га не зменіцца чароўным чынам. Прынамсі, што б там 25-га ні здарылася, любові да ўлады з 26 сакавіка дакладна не дадасца.


Ты, вядома, можаш сказаць, што ўлада на любоў ужо і не набіваецца. Што згубіла яна ўжо гэтыя ілюзіі за апошнія сем месяцаў. Што іх цяпер задавальняе стабільнасць з чорнымі патрулямі на кожным скрыжаванні і рэгулярнымі налётамі на Новую Баравую.

Але я табе нагадаю, што фразу «Хай ненавідзяць, абы баяліся» вельмі любіў паўтараць імператар Гай Юлій Цэзар Аўгуст Германік, больш вядомы пад мянушкай Калігула, якога зарэзалі яго ўласныя ахоўнікі на чацвёртым годзе праўлення. Таму што без народнай любові ці хаця б сімпатыі ні ў якой улады аніякай стабільнасці не бывае. А ілюзія стабільнасці небяспечная тым, што ты ж ніколі не ведаеш, у які момант і ў якім месцы гэтая стабільнасць раптам скончыцца.

P.S. А траекторыя падзення кошту беларускіх еўрабондаў, дарэчы, ужо амаль супадае з траекторыяй падзення пацука, якога сокалы скінулі на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: