Ілля Міронаў пра зняволенне ў ІЧУ: Я днямі сядзеў на жалезным ложку і глядзеў у адну кропку

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў быў затрыманы сёлета 8 ліпеня супрацоўнікамі КДБ і змешчаны ў ІЧУ па арт. 289 ч.2 КК РБ «Акт тэрарызму». 15 ліпеня яго вызвалілі з-пад арышту. Але ён застаецца ў статусе падазраванага. Ілля распавёў Гомельскай вясне як праходзіла яго зняволенне.

Пра акалічнасці самой крымінальнай справы актывіст не распавядае, бо даў падпіску аб неразгалошванні, але падзяліўся з сайтам «Гомельская вясна» акалічнасцямі ператрусу, затрымання і ўмовамі ўтрымання ў ІЧУ т.зв. «палітычных».

8 ліпеня раніцою Ілля Міронаў меўся ісці маніторыць суд над палітзняволеным Мікітам Залатаровым. Ён ужо апранаўся, калі ў дзверы пазванілі, Ілля адчыніў. Чацвёра супрацоўнікаў КДБ паказалі яму пастанову на ператрус у кватэры. 20 хвілін шукалі панятых і дзве гадзіны ладзілі вобшук. Шукалі забароненыя для захоўвання рэчы: зброю, наркотыкі і грошы. Па выніку, са словамі «нешта трэба ўзяць» забралі кнігу палітолага Валера Карбалевіча пра выбары, брашуру кандыдата на прэзідэнты ў 2006 годзе Аляксандра Мілінкевіча, некалькі паштовак, які валанцёр меўся адправіць у СІЗА і калоніі палітзняволеным, мабільны тэлефон і вінчэсцер з кампутару.

«Вэрхал нарабілі страшэнны, – узгадвае Ілля, – усё перавярнулі, як Мамай прайшоўся».

Пасля вобшуку Іллю Міронава павезлі на допыт у КДБ. Адзін з супрацоўнікаў даў Ілле падпісаць паперу, што ён правёў з ім прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці парушэння закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Пасля допыту (пра які Міронаў даў падпіску не разгалошваць) следчы перакваліфікаваў статус Іллі Міронава са сведкі на падазраванага і на гэтай падставе прыняў рашэнне змясціць яго ў ізалятар часовага ўтрымання.

У ІЧУ Ілле Міронаву не выдалі бялізну, матрац і коўдру. Не дазвалялі ляжаць нават на жалезных прутах шконкі ўдзень, утрымлівалі ў вельмі маленькай камеры, дзе немагчыма было ані хадзіць, ані займацца фізічнымі практыкаваннямі. Яму даводзілася цэлы дзень сядзець.

«Упершыню я трапіў на такі рэжым для палітычных, – кажа валанцёр, – увосень такога не было. Уначы не давалі спаць, будзілі два разы. Трэба было ўстаць з ложку і сказаць сваё імя і прозвішча. Удзень дадаліся дзве праверкі, на якія мяне выводзілі выключна ў кайданках, з апушчанай галавой. Такое стаўленне было толькі да мяне, бо ў маіх сукамернікаў была і бялізна і коўдры з матрацам. Увесь час зняволення я прасіў каб мне забяспечылі адваката, але так яго і не дачакаўся».

15 ліпеня ў пятніцу Іллю Міронава вызвалілі. Дзяжурны паведаміў, што ад следчага КДБ прыйшоў факс з адпаведным распараджэннем. Ілле аддалі лісты ад людзей, якія яму пісалі ў ізалятар, і перадачу ад мамы.

На наступным тыдні ў панядзелак у КДБ Ілле Міронаву аддалі ключы ад кватэры і пашпарт.

Па вызваленні валанцёр напісаў скаргу ў Кіраванне ўнутраных спраў пры Гомельскім аблвыканкаме на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, якія Ілля назваў катаванням і бесчалавечным абыходжаннем.
«Самае цяжкае было чакаць, – узгадвае Ілля Міронаў, – у маленькіх пакоях сядзець, нават хадзіць было немагчыма. Я спрабаваў там адціснуцца, прысесці, але месца было вельмі мала, таму я днямі сядзеў і глядзеў у адну кропку».

Валанцёр лічыць, што яго затрыманне і арышт на 8 дзён звязаны з яго грамадскай актыўнасцю па падтрымцы палітзняволеных у судах, СІЗА і калоніях. За тыдзень да гэтага да Іллі прыходзіў участковы інспектар, які чытаў вытрымкі з яго лістоў палітвязням і раіў накіроўваць скаргі не ў рэспубліканскую Пракуратуру, а ім у міліцыю

«Гэта ціск на мяне такі, каб я перастаў займацца падтрымкай палітзняволеных, – кажа Ілля Міронаў. – Нічога я не раблю супрацьзаконнага, але ўсё роўна ім гэта не падабаецца. Яны відаць хочуць каб я кінуў гэтую справу альбо каб з’ехаў з краіны. Я ўязджаць не збіраюся, бо я нічога такога не раблю, каб мяне маглі пакараць. Пісаць лісты падтрымкі ў СІЗА і калоніі і прысутнічаць на адкрытых працэсах – цалкам законна».

Падчас падрыхтоўкі публікацыі Ілля Міронаў паведаміў, што яго ўжо ў чацверты раз за мінулы год выклікаюць на допыт у Следчы камітэт.

Фота Сяргей Лысенка

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: