Imagine Belarus: летняя школа Адукацыі 2017

Каманда Adukacyja.Info запрашае апантаных маладых беларусаў на інтэнсіўную летнюю школу па абмене досведам і здабыццю новых крэатыўных ведаў і ідэй. Галоўная мэта — пераасэнсаваць імідж Беларусі … за тыдзень!
Калі: 10-15 ліпеня 2017 года.
Дзе: Клайпеда, Літва.

Вобраз краіны збольшага залежыць ад людзей, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра сваю радзіму. Студэнт атрымлівае магістарскую ступень у замежнай ВНУ — і распавядае пра сваю краіну суседзям па інтэрнаце. Падарожнік наведвае найцікавейшыя месцы планеты — і дзеліцца навінамі з дому ў хостэле. Малады спецыяліст знаходзіць працу мары за мяжой — і далучаецца да дыскусіі аб палітычных пытаннях у розных краінах. Прыкладаў мноства, аднак нельга сказаць дакладна, які імідж ствараюць гэтыя гісторыі. З’яўляюцца яны пазітыўнымі альбо негатыўнымі, высвятляюць добрыя бакі альбо падкрэсліваюць стэрэатыпы – але менавіта яны ўплывюць на той вобраз, які ўспрымаецца замежнікамі. І ў будучыні такі вобраз становіцца краевугольным каменем міжнародных зносінаў.

Нават зараз, калі Беларусь прываблівае ўсё больш увагі замежнага свету — праз Нобелеўскую лаўрэятку, паспяховых IT-геніяў, мірныя перамовы і іншае, —  імідж краіны застаецца перадузятым з-за тыповых адмоўных стэрэатыпаў.

Мэта школы: разам з маладымі актыўнымі  беларусамі – нефармальнымі амбасадарамі краіны за мяжой – паразважаць над тым, як успрымаецца Беларусь у іншых краінах, паказаць лепшыя практыкі прэзентацыі краіны за мяжой і стварыць новыя інструменты.

Падчас школы ты зможаш:
• Парэфлексаваць над існуючымі стэрэатыпамі пра Беларусь сярод жыхароў і палітыкаў ЕС (у тым ліку і праз відэа-інтэрв’ю, якія навучышся здымаць на месцы)
• Пазнаёміцца з лепшымі практыкамі прэзентацыі краіны з Беларусі і Літвы
• Занэтворкіцца з цікавымі неабыякавымі беларусамі, даследчыкамі, прадстаўнікамі дыяспары, а таксама літоўскімі экспертамі
• Пракачаць свае медыйныя ды крэатыўныя навыкі ды навыкі публічных прэзентацый
• Стварыць інструменты для прасоўвання пазітыўнага іміджу Беларусі ў Еўропе

Каго чакаюць арганізатары:
Паспяховых маладых беларусаў (18-30 гадоў), якія альбо ўжо маюць замежны досвед (удзел у праграмах абмену, навучанне, праца, доўгія падарожжы), альбо настроены здабыць такі досвед у бліжэйшы час.

Фінансавыя ўмовы
Удзел у летняй школе бясплатны. Арганізатары аплочваюць пражыванне і харчаванне, а таксама аказваюць дапамогу ў атрыманні візы.

Скрайні тэрмін падачы заяўкі — 14 траўня 2017. Вынікі будуць вядомы да 21 траўня.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з Летняй школай, звяртайцеся на электронную скрыню adukacyja@gmail.com.

Праект ладзіцца камандай Адукацыя.Інфо сумесна з Фундацыяй імя Конрада Адэнаўэра ў Беларусі.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: