Іменем закона, якога няма

У Беларусі ўжо каторы месяц ідзе канвеер крымінальных працэсаў за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў. Прысуды ў выглядзе тэрмінаў зняволення сыплюцца нібы з рога. Мы прасачылі за некаторымі з самых гучных спраў і сабралі інфармацыю пра суддзяў і пракурораў, якія адпраўляюць людзей у калоніі за тое, што тыя выказалі нязгоду з рэжымам.

«Ударны малаток судовай сістэмы»

Першы прысуд за сутыкненне з сілавікамі 14 ліпеня на Нямізе вынесены 18 лістапада 21-гадоваму Антону Лакішыку. За напад на амапаўца яму прызначылі 3 гады калоніі. Рашэнне прыняла вядомая суддзя Цэнтральнага суда Мінска Вікторыя Шабуня, задаволіўшы тэрмін, які прасіў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Арцём Сяргеевіч Цвяткоў. Пры гэтым на судзе пацярпелы амапавец сцвярджаў, што фізічных пакут не перажываў, у медустанову па дапамогу не звяртаўся і ўвогуле прасіў прыцягнуць Лакішыка толькі да адміністрацыйнай, а не крымінальнай адказнасці.

Вікторыя Шабуня

Вікторыя Шабуня

Прысуд Антон Лакішык паспрабаваў абскардзіць. Неверагодна, але нават пракурор Сакалова папрасіла калегію Мінгарсуда знізіць яму тэрмін да двух гадоў. Але прысуд пакінулі без змен.

Тандэм суддзі Шабуні і дзяржабвінаваўцы Цвяткова 25 лістапада вызначыў тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу для 21-гадовага Уладзіслава Усціна за тыя ж падзеі 14 ліпеня.

Вікторыя Валер’еўна Шабуня нарадзілася 27 лютага 1974 года ва ўкраінскім Нікалаеве. У 2005 годзе скончыла МІУ, факультэт правазнаўства (кафедра грамадзянскага і дзяржаўнага права). У разводзе. Карыстальнікі ў сеціве пішуць, што мае сына Вадзіма, якому цяпер каля 23 гадоў.

Яна адпраўляла на суткі актывістаў яшчэ падчас «Плошчы-2010». Яе рука выпісвала арышты Вячаславу Сіўчыку, Паўлу Севярынцу, Алесю Чахольскаму, Сяргею Дылеўскаму і іншым дзеячам. Яна вяла ўсе самыя гучныя палітычныя суды. Палітык Юрый Губарэвіч назваў Вікторыю Шабуню «ўдарным малатком нашай судовай сістэмы», яна, бадай, рэкардсменка па колькасці адміністрацыйных штрафаў і арыштаў дзеячам апазіцыі.

Вікторыя Шабуня трапіла ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, бо, паводле анатацыі, «нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і падрыў вяршэнства закона, а таксама за падтрымку рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі».

Нястомная суддзя з Заводскага суда

Чацвёртага лютага суддзя Заводскага раёна Мінска Кацярына Мурашка агучыла прысуд у дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка Івана Канявегі: 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіла прысудзіць пракурор. Іван Канявега спрабаваў спыніць машыну ДАІ, каб яна не заехала ў людзей, таму двойчы ўдарыў па ёй рукой.

Суддзя Кацярына Мурашка

Суддзя Кацярына Мурашка

Раней, у студзені Кацярына Мікалаеўна Мурашка прысудзіла два гады абмежавання волі за ўдзел у маршы 1 лістапада 19-гадовай палітзняволенай Рэнаце Смірновай. Пракурорам на тым пасяджэнні выступала Вераніка Валер’еўна Зубік. На яе асобе мы спынімся крыху пазней.

Той жа тандэм суддзі Мурашка і дзяржабвінаваўцы Зубік удзельнічаў у разглядзе крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Гес. Мінчанку асудзілі за нанясенне «трох гербаў з выявай вершнікаў на кані», а таксама за надпісы «Яна з намі» і за «прычыненне пабояў» участковаму, які яе пры гэтым затрымліваў. У выніку Алене Гес прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» і 1000 рублёў кампенсацыі (дзяржабвінаваўца прасіла яшчэ 120 гадзін грамадскіх прац).

Гэтая ж суддзя запомнілася тым, што ў верасні аштрафавала тэлевядучага Дзмітрыя Кахно за непадпарадкаванне міліцыянту — адмову выйсці з машыны, хоць ён у той дзень адбываў зняволенне на Акрэсціна. Таксама яна на адным пасяджэнні ў лістападзе разглядала адразу чатыры пратаколы, складзеныя на мінчанку Дар’ю Саладуха за фота ў Інстаграме, — і прысудзіла ёй 30 базавых штрафу.

Інфармацыі пра Кацярыну Мурашка ў адкрытых крыніцах няшмат. Вядома, што ў 2009 годзе ўказам Лукашэнкі Кацярыне Мурашка быў нададзены пяты кваліфікацыйны клас (надаецца суддзям раённых судоў).

У чаканні кар’ернага ўзлёту

У тым жа Заводскім судзе Мінска 10 лютага быў вынесены прысуд Сяргею Сакуну, абвінавачанаму па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») па падзеях 1 лістапада — на акцыі-шэсці ў Курапаты. Суддзя Дзмітрый Астапенка прысудзіў яму тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») за выхад на праезную частку. Менавіта такое пакаранне напярэдадні запытвала пракурор — ужо знаёмая нам Вераніка Зубік.

Вераніка Зубік

Вераніка Зубік

Падчас пасяджэння быў заяўлены пазоў ад «Мінсктранса» за блакаванне руху транспарту на суму больш за 10 тысяч рублёў. Пракурор Зубік прыклала грамадзянскі пазоў на ўсю суму ад прастою транспарту па ўсім Мінску за дзень, не вылучыўшы суму па тым раёне на праспекце Незалежнасці, дзе праходзіла акцыя.

Мяркуючы па тым, як актыўна маладая пракурор стала з’яўляцца на палітычна матываваных судах, яе кар’ера абяцае пайсці ўгару. Да гэтага Вераніка Зубік фігуравала ў прэсе толькі аднойчы: у чэрвені 2019 года, калі яна выступіла перад кіраўнікамі і начальнікамі аддзелаў і цэхаў філіяла «Мінская ЦЭЦ-3» з паведамленнем на тэму «Барацьба з карупцыяй — найважнейшая задача для дзяржавы і грамадства».

Суддзя Дзмітрый Астапенка вядомы тым, што ў жніўні пакараў 10 суткамі арышту сябра Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову. У 2017 годзе ён судзіў палітыка Мікалая Статкевіча за «Марш абураных беларусаў», вёў працэсы над актывістамі за Дзень Волі.

У 2017 годзе Дзмітрый Андрэевіч працаваў яшчэ ў Ленінскім судзе Мінска. Ад гэтай пасады яго вызваліў указ Лукашэнкі ад 2019 года і прызначыў на пяцігадовы тэрмін суддзёй і намеснікам старшыні суда Заводскага раёна.

Пара Блізнюк-Касьянчык

Дзявятага лютага суд Фрунзенскага раёна агучыў прысуд 30-гадоваму палітвязню Арцёму Саўчуку. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазоў «Мінсктранса» будзе выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць. Справу разгледзела суддзя Юлія Блізнюк. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляла Аліна Касьянчык.
15 студзеня сябра Арцёма, палітвязня Арцёма Хвашчэўскага, з якім яны былі ў той вечар, асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу таксама разглядала Юлія Блізнюк у пары з дзяржабвінаваўцай Алінай Касьянчык.

Юлія Блізнюк

Юлія Блізнюк

Але, бадай, самы вядомы прысуд, які вынесла спадарыня Блізнюк (і зноў — сумесна з Касьянчык), — гэта прызнанне вінаватымі ў хуліганстве мінчан Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка, якія нанеслі надпіс «Не забубем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Паўлюшчыку яна прызначыла два гады калоніі агульнага рэжыму, Бабовіч — паўтара года абмежавання волі.

Юлія Блізнюк разглядае справу палітвязня Лявона Халатрана.

Юлія Аляксандраўна — не проста суддзя: з лютага 2019 года яна — намесніца старшыні Фрунзенскага суда, на гэтую пасаду яна прызначаная тэрмінам на 5 гадоў. Яна вядомая палітычна матываванымі прысудамі (перадусім — па артыкуле 23.34) з 2010 года. Падчас пратэстаў-2020 Юлія Блізнюк таксама выйшла ў перадавікі па колькасці вынесеных ёю адміністрацыйных штрафаў і арыштаў.

А вось Аліна Касьянчык толькі пачынае свой шлях, але, як бачна, стартуе з самых гучных спраў. У 2019 годзе дзяўчына была стажорам на пасадзе памочніка пракурора Фрунзенскага раёна, добра праявіла сябе падчас вучобы ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ. Ва ўстанове адукацыі адзначылі яе актыўнасць і зацікаўленасць у атрыманні новых ведаў, добрую тэарэтычную падрыхтоўку і творчы падыход пры напісанні выніковай работы. За гэта Аліна Касьянчык атрымала заахвочванне з рук пракурора Мінска Сяргея Хмарука крыху больш за год таму.

У актыўнасці Касьянчык за апошнія некалькі месяцаў не адмовіш: яшчэ не сціхлі абмеркаванні папярэдніх прысудаў, у якіх яна брала ўдзел, як у лютым 2021 года яна выступае дзяржабвінаваўцам па справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. Калі верыць інфармацыі ў сацсетках, Аліна Сяргееўна Касьянчык нарадзілася 12 сакавіка 1998 года. Дзяўчыне няма яшчэ 23 гадоў, а яна паспела ўжо здабыць сабе славу адной з самых жорсткіх і беспрынцыповых дзяржабвінаваўцаў.

Аліна Касьянчык

Аліна Касьянчык

Прэтэндэнты на рэкорд

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 5 лютага абвешчаны прысуд 28-гадоваму айцішніку Андрэю Пазняку. Яго абвінавацілі па крымінальным артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК РБ). Суддзя Алена Жывіца прысудзіла яму тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Алена Жывіца (крайняя справа)

Алена Жывіца (крайняя справа)

Алена Аляксандраўна Жывіца стала вядомай адносна нядаўна. Да 2020-га пра яе дзейнасць звестак амаль няма, акрамя таго, што ў 2018-м яна прайшла ў БДУ спецыяльную падрыхтоўку на пасаду суддзі, а у 2019-м была прызначаная працаваць у суд Кастрычніцкага раёна. На пачатку студзеня 2020-га Жывіца была адной з тых, хто судзіў удзельнікаў акцый за незалежнасць. Тады яна пакарала велізарнымі штрафамі палітыка Мікалая Казлова.

У чэрвені Жывіца судзіла ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў: блогер Эдуард Пальчыс тады атрымаў 15 сутак арышту, а 83-гадовы паэт Ян Грыб — штраф у памеры 1080 рублёў.

У жніўні Алена Жывіца вяла справы аб «правапарушэннях» фатографа Аляксандра Васюковіча і журналісткі Кацярыны Андрэевай, у кастрычніку адпраўляла на суткі іншых незалежных журналістаў. У лістападзе яна дала 13 сутак фотакору «Новага Часу» Яне Трусіла, пазней штрафавала пенсіянераў за ўдзел у «Маршы мудрасці».

У студзені Алена Жывіца прысудзіла тры гады «хіміі» палітвязню Валерыю Каленчыцу.

Суд Ленінскага раёна Мінска 5 лютага асудзіў 29-гадовага мастака Аляксандра Нурдзінава на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мінчаніна абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях 9-10 жніўня, блакаванні дарог, узвядзенні барыкад і ў тым, што ён «кідаў расліннасць з кветнікаў у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Прысуд вынесла суддзя Таццяна Шоцік. Пракурор Святаслаў Вялікі прасіў для Нурдзінава менавіта такое пакаранне.

Таццяна Шоцік

Таццяна Шоцік

Таццяна Віктараўна Шоцік займае пасаду суддзі Ленінскага раёна з кастрычніка 2019 года. Ёй яшчэ няма і 30 гадоў, але яна ўжо адзначылася на шматлікіх працэсах. Так, у мінулым годзе яна судзіла Уладзіміра Някляева, падчас поствыбарчых пратэстаў вынесла мноства адміністрацыйных штрафаў і арыштаў, у тым ліку выкладчыцы МДЛУ Наталлі Дулінай і баскетбалістцы Алене Леўчанка.

10 лютага яна прысудзіла чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму 24-гадоваму інжынеру-праграмісту Раману Канановічу.

Таксама Таццяна Шоцік і пракурор Святаслаў Вялікі прысудзілі тры гады «хіміі» палітвязню Арцёму Мядзведскаму.

Служкі сістэмы са стажам

Суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук 5 лютага вынесла прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына — чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запытваў дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў.

Дзіна Валянцінаўна Кучук нарадзілася 11 лютага 1974 года. У 2015 годзе яе бестэрмінова прызначылі суддзёй Мінгарсуда, да гэтага яна працавала ў судзе Ленінскага раёна.

Летась Дзіна Кучук прыгаварыла да другога пажыццёвага тэрміну забойцу, які ўжо адбываў пажыццёвае пакаранне. Аказваецца, так можна.

Антон Мікалаевіч Цюменцаў нарадзіўся 15 кастрычніка 1987 года. Вядома, што ён — старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінска, юрыст 1 класа.

Антон Цюменцаў

Антон Цюменцаў

У судзе Фрунзенскага раёна пятага лютага вынеслі прысуд тэхніку-праграмісту Аляксею Мачалаву, абвінавачанаму па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») за абразу ў тэлеграм-чаце начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіла Бедункевіча. Суддзя Алена Бушава пакарала яго 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Менавіта столькі прасіў пракурор Павел Папкоў.

Алёну (Алену) Войцехаўну Бушаву прызначылі на працу ў суд Фрунзенскага раёна на пяць гадоў у чэрвені 2020 года. Раней яна неаднаразова прыцягвала да адміністрацыйнай адказнасці актывістаў, у тым ліку журналіста «Новага Часу» Мікалая Дзядка. Знаходзіцца ў рэестры асоб Беларускага дакументацыйнага цэнтра, якія маюць дачыненне да палітычна матываваных пераследаў.

16 лютага суддзя Бушава прысудзіла паўтара года калоніі жыхару Мінска, грамадзяніну Расіі Ігару Канапайку, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі.

Дзяржабвінаваўца Павел Алегавіч Папкоў працаваў старшым памочнікам пракурора Ленінскага раёна, пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінску, цяпер — старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна. У 2013 годзе ён удзельнічаў у працэсе над мадэльерам Сашам Варламавым.

Таксама Павел Папкоў прадстаўляў дзяржабвінавачванне на працэсе над валанцёрам штаба Бабарыкі палітвязнем Лявонам Халатранам.

Старацелі з Салігорска

Руслану Акостку, дэсантніку, які 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам, на пачатку лютага прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 2 000 рублёў. Яго вінавацілі у супраціве супрацоўніку міліцыі, які ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў нанясенні цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабой цяжкіх ускладненняў і шкоды здароўю.

Суддзя, якая разглядала справу — Алеся Серадзенка. Пракурор — Аляксей Чарнышэвіч.

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, Алеся Міхайлаўна Серадзенка працуе суддзёй у Салігорску з 2017 года, яе прызначылі туды на пяць гадоў.

Алеся Серадзенка

Алеся Серадзенка

Нарадзілася 3 студзеня 1989 года, у 2006 годзе скончыла Старадарожскую школу №2 з залатым медалём. Пасля скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Працавала памочнікам пракурора ў Слуцку.  

Вядома, што да справы Акосткі Алеся Серадзенка прысудзіла пяць сутак адміністрацыйнага арышту Аляксандру Канановічу, затрыманаму ні за што на салігорскай плошчы 14 ліпеня 2020 года. Таксама яна вынесла прысуд экс-старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску Мікалаю Зіміну па артыкуле 23.34 КаАП — 45 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 жніўня 2020.

Што да дзяржабвінаваўцы Чарнышэвіча, то на пасадзе старшага памочніка пракурора Салігорскага раёна ён фігуруе ў СМІ з 2009 года ў справах, звязаных з крадзяжом, махлярствам, а таксама з прысудамі па «наркатычным» 328 артыкуле. У лістападзе 2020 года ён каментуе прысуджэнне 200 базавых штрафу салігарчаніну, які ў сацсетках абразіў міліцыянта.

Аляксей Чарнышэвіч

Аляксей Чарнышэвіч

Барацьбіт са сцягам

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 4 лютага абвешчаны прысуд 24-гадоваму Аляксею Губічу, якога абвінавацілі па арт. 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). У выніку яго пакаралі пазбаўленнем волі на тры гады (пракурор прасіў пяць). Таксама ён мусіць выплаціць 300 рублёў кампенсацыі пацярпеламу.

Справу разглядаў суддзя Віктар Адамавіч Казачак, якога ў 2019 годзе лукашэнкаўскім указам прызначылі намеснікам старшыні суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Раней ён выносіў адміністрацыйныя штрафы і суткі актывістам. У жніўні 2020 года ён пастанавіў знішчыць бел-чырвона-белы сцяг аштрафаванага ім на дзве базавыя за ўдзел у акцыі пратэсту гамельчука Улада Сабалеўскага. У верасні Віктар Казачак прысудзіў 10 сутак дацэнту Гомельскага дзяржуніверсітэта Наталлі Суславай. А ў кастрычніку гэты суддзя пакараў 15 суткамі 19-гадовую дзяўчыну, якой іншы суддзя пасля зменшыў прысуд да 7 сутак.

Вырашальнікі лёсаў з Маладзечна

Восьмага лютага ў судзе Маладзечанскага раёна быў вынесены прысуд Вадзіму Гурману, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і па арт. 364 КК, за тое, што нібыта правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і пагражаў гвалтам міліцыянерам на акцыі 9 жніўня. Суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца — Сяргей Габруковіч.

Адметна, што Вольга Анатольеўна Дубовік да чэрвеня 2020 года займала пасаду намесніка старшыні суда Маладзечанскага раёна. Цяпер яна проста суддзя гэтага суда.

Што да дзяржабвінаваўцы Габруковіча, то ён паспеў «засвяціцца» падчас гучнай справы маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева, якіх адправілі ў калонію за штурханіну з сілавікамі 19 чэрвеня.

Сяргей Габруковіч

Сяргей Габруковіч

Хто кратуе дзяцей і інвалідаў?

У судзе Жлобінскага раёна 5 лютага вынеслі прысуды Яўгену Каханоўскаму (3,5 гады калоніі агульнага рэжыму) і Дзмітрыю Гопту (2 гады). Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9–11 жніўня. Справу разглядала намесніца старшыні суда Жлобінскага раёна Ірына Васільеўна Прадун. Дзяржабвінаваўца — Андрэй Аношка, які выконвае абавязкі пракурора Жлобінскага раёна. Іх не збянтэжыла тое, што Дзмітрый Гопта мае разумовую адсталасць.

Ірына Прадун

Ірына Прадун

Гэтыя ж суддзя і пракурор 8 лютага вынеслі прысуд непаўнагадоваму Віталю Прохараву, які атрымаў два гады выхаваўчай «хіміі» за ўдзел у беспарадках 10 жніўня.

Ірына Прадун нарадзілася 21 траўня 1974 года. Вядома, што раней яна працавала суддзёй у Светлагорскім судзе.

Андрэй Уладзіміравіч Аношка нарадзіўся ў 1977 годзе, працаваў следчым Жлобінскай міжрайпракуратуры. Пра гэта сведчыць размешчаны ў сеціве ўказ Лукашэнкі ад 2003 года «Аб адтэрміноўцы ад прызыву на ваенную службу пракурорскіх работнікаў».

Андрэй Аношка выступаў таксама дзяржабвінаваўцам у судзе над трыма супрацоўнікамі БМЗ Ігарам Поваравым, Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам, якім 1 лютага прысудзілі тэрміны ў калоніі за ўдзел у страйку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: