Іна Ліпніцкая: «Складала радавод і плакала»

Іна Ліпніцкая — выкладчыца музыкі ў вясковай музычнай школе Слуцкага раёна. 1 лістапада яна ўсклала кветкі каля крыжа ў лясным масіве каля вёскі Каліта. Для яе гэта быў не проста сімвалічны акт.


Жанчына цікавіцца гісторый Беларусі даўно, шмат ведае пра сталінскія рэпрэсіі на Случчыне. «Мяне ўразіла афіцыйная інфармацыя, што першапачатковыя “нормы” рэпрэсій для Беларусі (расстраляць — 2000 чалавек, адправіць у лагеры — 10000) былі выкананы і перавыкананы за перыяд з лета 1937-га да восені 1938 га, — гаворыць настаўніца. — Замест запланаваных 12000 тысяч беларусаў ад рэпрэсій пацярпелі 86000, а пакараны праз расстрэл 25425 жыхароў Беларусі.

Асабліва пашчыраваў мясцовы Слуцкі НКУС. У свабодным доступе ёсць інфармацыя, што ў спаборніцтве сярод раённых аддзелаў па знішчэнні грамадзян Слуцкі НКУС выйшаў на 1-е месца ў Савецкім Саюзе. Пры сутачнай “норме” для аператыўнікаў аформіць матэрыялы на аднаго “ворага” у дзень некаторыя следчыя Слуцкага НКУС арыштоўвалі па 4-5 у суткі».

Для Іны Ліпніцкай гэтыя лічбы — не проста лічбы. Сярод загубленых энкэвэдэшнікамі нявінных душ шмат яе родзічаў, у тым ліку і два прадзеды па бацькоўскай і матчынай лініі.

«Жыхары вёскі Ленькі Слуцкага раёна сведчылі, што за адну восеньскую ноч 1937 года “варанкі” забралі 19 чалавек, — распавядае Іна Ліпніцкая. — Сярод іх быў і мой прадзед, дзед майго бацькі. У матэрыялах справы напісана, што Кобель Павел Іосіфавіч — непісьменны, каталік, земляроб. Арыштаваны 16 снежня 1937 года. Непісьменнаму селяніну, якому споўніўся 61 год, прыпісваліся “ўзброенае паўстанне, шпіянаж, удзел у паўстанцкай дыверсійнай групе “Пов”. Нібыта меў заданне ў момант вайны з Польшчай арганізаваць дыверсійныя акты на абаронных аб'ектах, праводзіў агітацыю паражэнцкага характару. Ужо 8 студзеня 1938 года Павел Кобель быў расстраляны ў Мінску. Да расстрэлу ўтрымліваўся ў слуцкай турме. Месца яго пахавання невядома, родзічы мяркуюць, што магчыма яго парэшткі ляжаць ў Курапатах».

Дзякуючы таму, што жанчына пачала складаць свой радавод, даведалася яна і пра іншых сваіх продкаў, загубленых сталінскімі катамі.

«Горка чытаць гэтыя рашэнні аб расстрэле. За імі стаяць вынішчаныя лёсы, — кажа Іна. — З чатырох сыноў Паўла Іосіфавіча Кобеля пасля сталініскіх рэпрэсій выжыў толькі старэйшы Адам, інвалід дзяцінства, мой дзед. Яшчэ пра аднаго брата дзеда знайшла іфармацыю: Кобель Іосіф Паўлавіч, памочнік механіка парахода. Быў расстраляны амаль адразу пасля растрэлу свайго бацькі ў Ленінградзе — за “шпіянаж і арганізацыйна-кантрэвалюцыйную дзейнасць”. Лёс жа трэцяга і чацвёртага сыноў (Сцяпана і Дамяніка) не вядомы да гэтага часу — зніклі ў траўні-чэрвені 1941 года… Як быццам іх кудысьці запрасілі праехаць на машыне, і яны пасля гэтага не вярнуліся».

Яшчэ адзін прадзед з боку маці таксама быў закатаваны і расстраляны.

Па словах Іны, да партрэта дзеды мамы яна прывыкла з дзяцінства — вісеў на сцяне. Маці адказвала, што дзеда забралі і недзе знік.

Родзічы рабілі запыты яшчэ да 1953 года, атрымалі адпіску, што прадзед нібыта памёр ад сухотаў у лагеры падчас вайны.

На сайтах па генеалогіі Іна знайшла чалавека, які займаецца іх родам. Высветлілася, што родам Ліпніцкіх цікавіўся не адзін чалавек і нават складзена цэласнае дрэва з галінкамі. Цяжкасць была ў тым, што бабулі ўжо не было ў жывых, і са свайго боку жанчына апрача імені прадзеда не ведала нічога. Нават не ведала прозвішча па бацьку. Падказалі, што павінен быць “Сцяпанавіч”, якраз не былі вядомы нашчадкі Сцяпана Ліпніцкага. Звярнулася з запросам у архіў КДБ. Высветлілася, што яе прадзед Пётр Сцяпанавіч Ліпніцкі, селянін з Бабруйскага раёна, расстраляны восенню 1939 года нібыта за “шпіянаж”, рэабілітаваны ў 1958 годзе. Яму было ўсяго 38 гадоў. Хлуслівы адказ пра яго смерць у лагеры насамрэч схаваў расстрэльны прысуд.

«Я без слёз не магла чытаць у матэрыялах справы пра склад сям’і прадзеда — шасцёра маленькіх дзяцей: старэйшаму сыну — 13, малодшай дачцэ — 3 гады, — успамінае Іна Ліпніцкая. — Плакала, чытаючы пра яго прысуд: “Расстраляць”. Як сям’я без яго выжывала ў тыя галодныя гады — доўгі аповяд… Бедавалі, да таго ж гэта была сямья “ворага народа”, спрацоўвалі розныя абмежаванні, непрыязнае стаўленне з боку ўлад. Над маім радаводам плакала ўся сям'я».

Іна Ліпніцкая лічыць, што зараз вакол зноў запанаваў гвалт. Прымаюццца жахлівыя загады, законы супраць людзей. Людзей хапаюць і кідаюць у СІЗА — нават толькі за тое, што паклалі кветкі. Як і тады, на ўсю моц працуе прапаганда.

«Нават многія мае суседзі не спрабуюць разабрацца ў тым, што адбываецца вакол. Можа, калі б яны капнулі свае радаводы, вывучылі карані, то таксама б не спачувалі Злу», — робіць выснову выкладчыца музыкі.

Кветкі каля крыжоў у гэты дзень у лясных масівах Случчыны ўсклалі 14 чалавек.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: