Распачаты збор подпісаў за вывучэнне месцаў масавых расстрэлаў НКУС пад Гомлем

Ініцыятыўная група гамяльчан распачала збор подпісаў за вывучэнне, даследаванне і ўшанаванне месцаў масавых расстрэлаў НКУС 1930-40-х гадоў пад Гомлем.



Ініцыятыўная група гамяльчан распачала збор подпісаў за вывучэнне, даследаванне і ўшанаванне месцаў масавых расстрэлаў НКУС 1930-40-х гадоў пад Гомлем. Зварот будзе накіраваны ў Гомельскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, пракуратуру, упраўленне Следчага камітэту, упраўленне Камітэту дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці. У склад ініцыятыўнай групы ўваходзяць журналісты, гісторыкі, музыкі, грамадска-палітычныя актывісты.

Каардынатарка групы, журналістка Ларыса Шчыракова ў звароце распавядае пра сучасны стан месцаў расстрэлаў. “Нявінныя ахвары палітычнага тэрору 30-х — пачатку 40-х гадоў ляжаць тут не пахаваныя ні па хрысціянскіх, ні па чалавечых нормах. Не пад крыжамі і ў трунах, а зваленыя ў яміны. А іх косткі валяюцца на зямлі, іх расцягваць сабакі ды птушкі. Калі мы лічым сябе цывылізаванымі людзьмі, то гэта ненармальна”, — падкрэсліла ўдзельніца ініцыятыўнай групы. 

Для ушанавання месцаў масавых растрэлаў група прапаноўвае: 

  • правесці даследаванне, раскопкі і вывучэнне (навукоўцамі-археолагамі) масавых пахаванняў з чалавечымі парэшткамі, са слядамі гвалтоўнай смерці (расстраляных) у ваколіцах Гомеля;
  • па выніках раскопак змясціць усю інфармацыю ў мясцовыя СМІ;
  • правесці грамадскае абмеркаванне канцэпцыі ўшанавання расстрэльных месцаў;
  • надаць месцам масавых пахаванняў асаблівы ахоўны статус;
  • узвесці мемарыял у памяць аб бязвінна загінулых людзях, ахвярах палітычных рэпрэсій;
  • у помніку-мемарыяле перапахаваць неапазнаныя чалавечыя парэшткі, у выпадку, калі магчыма ідэнтэфікаваць парэшткі, даць магчымасць сваякам загінулых перапахаваць іх;
  • кантроль дзейнасці па расследванні, вывучэнні месцаў масавых расстрэлаў ажыццяўляць пад кантролем адмысловай грамадскай камісіі.

Подпісы будуць збірацца цягам 3 месяцаў у электронным варыянце на сайце petitions.by, а таксама ў сябраў ініцыятыўнай групы. 

У БССР у 1920-я – 1950-я гады паводле крымінальных справаў судовым і несудовым спосабам было рэпрэсавана 235.5 тыс. чалавек. Частка гэтых людзей была расстраляна непасрэдна каля Гомеля — у Бутулінскім і Шчыкатоўскім лесе на выездзе з горада справа і злева ад Чарнігаўскай шашы. Дагэтуль нявінныя ахвяры тэрору не пахаваны належным чынам ні па хрысціянскіх, ні па чалавечых абрадах. Іх парэшткі з адтулінамі ад стрэлаў у чарапах знаходзяцца ў агульных ямінах, а косткі ўжо часткова валяюцца на зямлі. Існуе небяспека раскопвання парэшткаў “чорнымі капальнікамі” ў пошуку артэфактаў.

Сваякі рэпрэсаваных не ведаюць дзе магілы іх продкаў, куды можна прынесці кветкі і паставіць памятны знак. Згодна з пастановай Вярхоўнага савету Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года “Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920-х – 1980-х гадоў” органы дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, пракуратуры, абавязаны аказваць спрыянне сваякам і грамадскім аб’яднанням у адшукванні месцаў пахавання асобаў, расстраляных і памерлых у месцах пазбаўлення волі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: