«Інклюзіўны барыста»: новую прафесію атрымалі людзі з інваліднасцю з розных куткоў Беларусі

70 сумоўяў і 3 кантракты для вазочнікаў — першыя выпускнікі Акадэміі інклюзіўных барыста атрымалі працу ў брэсцкай кавярні.

Тыдзень у кавярні на Інтэрнацыянальнай 36, у флагманскім магазіне А1, вучыліся варыць каву студэнты Акадэміі «Інклюзіўны барыста». Новую прафесію атрымалі людзі з інваліднасцю з розных куткоў Беларусі. Трое з іх ужо гатовыя ехаць на працу ў Брэст — ім зрабілі афіцыйную прапанову. Кавярня адкрыецца ў сакавіку ў цэнтры продажаў А1 на Машэрава, 17.

У лютым кіраўнік праекта актывіст-вазочнік з Ліды Саша Аўдзевіч пры падтрымцы А1 арганізаваў курсы барыста з наступным працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю. Паступіла больш за 70 заявак з усёй краіны. Патрабаванні былі простыя: жаданне і магчымасць прайсці навучанне ў Мінску і гатоўнасць пераехаць у Брэст. Пасля анлайн-сумоўя былі адабраныя пяць чалавек. Чацвёра з якіх — вазочнікі з Бярозы, Бабруйска, Мінска, Полацка і чалавек маленькага росту з Гродна. Кожны атрымаў сертыфікат, а трое з іх — і прапанову працы. Цяпер для іх надыходзіць самы складаны перыяд — зацвердзіцца на новым месцы: выпрабавальны тэрмін пачнецца з сакавіка.

Дзмітрый Снітко з Бярозы — самы малады з усіх. Яму 23. Яго называюць «крыштальным чалавекам» з-за рэдкай генетычнай паталогіі. «Я даўно хацеў знайсці працу. У Бярозе гэта вельмі цяжка, таму што і варыянтаў мала, і на вазку наогул не хочуць браць. Усім патрэбны досвед працы, а яго няма. Ад гэтага і адмаўляюць у працы. Паводле плана цэнтра занятасці, у якасці адаптацыі я працаваў аператарам ЭВМ год, але на гэтым усё і скончылася. Таму, вядома, на курсы ехаў з вялікім энтузіязмам. Як будзе далей — час пакажа. Бацькі вельмі рады пераменам у маім жыцці. Будучы працадаўца абяцаў дапамагчы з жыллём. Для мяне гэта вельмі важна».

Дзмітрый Снітко

Дзмітрый Снітко

Яшчэ адзін будучы супрацоўнік кавярні — 31-гадовы Максім Яроцкі. Чатыры гады таму ён зваліўся з дрэва, з вышыні шасці метраў, і зламаў хрыбетнік. Няшчасце пасадзіла яго ў вазок, але не зламала. Навучыўся весці актыўны лад жыцця і ў абмежаваных умовах. Калі ўбачыў аб'яву, тут жа адправіў анкету і замовіў спецвагон з роднага Бабруйска ў Мінск. З моманту падзення гэта яго першая праца. Да трагедыі працаваў афіцыянтам, таму сфера грамадскага харчавання знаёмая. «Хочацца развівацца, быць лепшай установай у Брэсце, пазнаёміцца з гэтым бізнесам знутры і нешта сваё адкрыць, магчыма, у будучыні. Я люблю размаўляць з людзьмі, атрымліваю ад гэтага шмат добрых эмоцый, я вельмі натхнёны, таму што для вазочнікаў, калі і знаходзіцца нейкая праца, то, як правіла, камунікацый з людзьмі ў ёй амаль няма».

Максім Яроцкі

Максім Яроцкі

Трэці барыста — 33-гадовы Аляксей Сінкевіч з Полацка — таксама лёгкі на ўздым. Да пераездаў яму не прывыкаць. На вазку перасоўваецца ўжо больш за 10 гадоў: «У 22 гады паехаў у Маскву на заробкі, каб аплачваць навучанне ў ВНУ. Тры тыдні папрацаваў, і мяне збіла машына на пешаходным пераходзе. Першы час сядзеў дома, не рухаўся зусім, быў замкнёны. Штуршком у жыццё стала... паралімпійскае фехтаванне». Каб займацца, пераехаў з Віцебска ў Полацк. Быў прызёрам чэмпіянатаў Еўропы, свету, этапаў Кубка свету. Аб'ездзіў паўсвету. Сёння ўсе яго пачынанні падтрымлівае жонка з маленькай дачкой, гатовая ісці за ім усюды, як «жонка афіцэра». З Сашам Аўдзевічам пазнаёміўся яшчэ ў Віцебску. «Заахвоцілі мяне добрай кавай. І мне гэта падабаецца, ляжыць душа. Планаваў адкрыць сваю кавярню ў Полацку, нават частку абсталявання купіў, але не знайшоў даступнай арэнды. Кавярня ў Брэсце для мяне — шанец ажыццявіць сваю мару. Адчуваю толькі адну перашкоду: бацькі ў Віцебску, а гэта амаль 700 км ад Брэста, унучку будуць рэдка бачыць. Але спадзяюся, што кавярні будуць і ў іншых гарадах адкрывацца. Таму пачну ў Брэсце, а там паглядзім».

Аляксей Сінкевіч

Аляксей Сінкевіч

У планах «Інклюзіўнага барыста» і А1 і далей адкрываць новыя кавярні. Таму з часам будзе магчымасць працаўладкавацца і ў іншых вучняў інклюзіўнай Акадэміі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: