Інвентарызацыя Курапатаў. Дакументы на «лаву Клінтана» і яшчэ 38 абʼектаў перадалі ў Міністэрства культуры

3 кастрычніка Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадало ў Міністэрства культуры дакументы для інвентарызацыі 39 аб’ектаў Народнага мемарыялу ў Курапатах, паведамляе Радыё Свабода.
Гэта 37 безыменных і іменных крыжоў, у тым ліку крыж Вацлаву Ластоўскаму, а таксама так званая «лава Клінтана» і памятны знак беларускім габрэям, расстраляным у Курапатах.

Чыноўнікам прапануюць «узгадніць і надаць законны статус элементам добраўпарадкавання, пастаўленым грамадскасцю ў Курапатах».

Да кожнага крыжа ці знака ёсць фота, апісанне, інвентарны нумар і каардынаты. Усе абʼекты пазначаныя на схеме.
Фіксацыю абʼектаў у Курапатах і падрыхтоўку дакументаў цягам двух мінулых тыдняў рабілі актывісты Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Спярша былі зафіксаваныя абʼекты на курапацкай «Галгофе» і абапал дарогі на яе, патлумачыў Свабодзе Юрый Меляшкевіч з Таварыства аховы помнікаў.

«Астатняя праца для інвентарызацыі курапацкіх аб’ектаў, а гэта толькі крыжоў каля паўтары тысячы, запланаваная намі на будучы год. Цяпер жа варта паспяшацца з узгадненнем асноўных аб’ектаў у Курапатах, бо там неўзабаве могуць пачаць будаўнічыя працы для ўсталявання мемарыяльнага знаку», — кажа Юрый Меляшкевіч.
Ён дадае, што па маральную падтрымку таварыства будзе звяртацца ў амбасады ЗША, Польшчы і Ізраілю.

«Бо тая ж „лава Клінтана“, падарунак прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, дагэтуль фактычна як помнік не легалізаваная. Як і крыж памяці расстраляных у Курапатах палякаў ці знак памяці габрэяў. Зацверджанне гэтых аб’ектаў як аб’ектаў добраўпарадкавання Народнага мемарыялу дазволіць іх надзейна захаваць у будучыні», — мяркуе Меляшкевіч.

Дарэчы, дарагое абсталяванне для фіксацыі курапацкіх абʼектаў было набытае за грошы мецэната.

У Міністэрстве культуры ведаюць пра ідэю інвентарызацыі Курапатаў


Паводле Юрыя Меляшкевіча, ідэя фіксацыі курапацкіх абʼектаў летам абмяркоўвалася ў Міністэрстве культуры і спачатку была сустрэтая станоўча.

«Нарэшце нехта прыйшоў з пэўнай прапановай, а не з прэтэнзіямі», — працытаваў актывіст выказванне адказнага чыноўніка, чыё імя пакуль не хоча называць. Чаму? Бо пазней той самы чыноўнік «адкруціў назад».

«Нічога. Мы мусім рабіць сваю справу, — кажа Меляшкевіч. — Калі чыноўнікі адмовяць, адправім ім запыт: а што вы прапануеце рабіць з існымі курапацкімі аб’ектамі, як мяркуеце іх захаваць? Прапануем ім абмяркоўваць гэта публічна. Спадзяемся, у рэшце рэшт пагодзяцца, што прапанаваны намі шлях — самы рэальны».

Аўтар афіцыйнага мемарыяльнага знаку не ўяўляе яго без курапацкіх крыжоў

Адметна, што сярод дакументаў, дасланых у Міністэрства культуры, ёсць ліст скульптара Сяргея Аганава, чый праект перамог у дзяржаўным конкурсе на ўсталяванне ў Курапатах мемарыяльнага знаку «памяці і прамірэння».

Сяргей Аганаў падтрымаў ідэю актывістаў таварыства і звярнуўся да чыноўнікаў з просьбай зацвердзіць аб’екты Народнага мемарыялу.

«Усе элементы добраўпарадкавання і мемарыялізацыі памяці ахвяр рэпрэсій (крыжы, памятныя камяні і г.д.) ёсць неадʼемнымі элементамі кампазіцыі нашага мемарыяльнага знаку, фармуюць ансамблевасць і абавязковыя для захавання цэласнасці мастацкай ідэі мемарыяльнага знаку», — зазначыў у сваім лісце Сяргей Аганаў.

Паводле закону, адказ з міністэрства мусіць прыйсці цягам двух тыдняў.

«Спадзяемся, што разгледзяць і адкажуць нават хутчэй, з увагі на важнасць тэмы Курапатаў», — кажа Юрый Меляшкевіч.

Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!