Ірадава расправа

Алесь Бяляцкі сёння раніцай нагадаў мне пра той самы дзень, пра вечар дакладней, які як паганая рана, не можа аніяк загаіцца на целе і дагэтуль. 19 снежня 2010 года.


Можа гадзін да 16 я яшчэ не здагадваўся, якой станецца гэтая ноч для Беларусі і для кожнага з нас. Ну так, бачыў дзясятак «ціхароў», якія паўдня дзяжурылі на двары, але не заміналі. Пакуль што...

Было шмат працы, журналісцкай, і не зусім. Сапраўды вельмі шмат. І трэба было ўсё паспець.

Толькі раптам, адразу, усё паламалася: пагромы ператрусы, збіццё, пераламаныя ногі ў дзяўчат, выкраданні і кроў…

Гэты жах надаваў моцы і я стараўся паспець пра ўсё напісаць, выкінуць «на людзі», на ўвесь белы свет інфармацыю аб падзеях у Мінску…

Завісаў і блакаваўся сайт, сотні прозвішчаў затрыманых знікалі з маіх сацыяльных сетак — іх выдалялі.
Не думалася пра гэта, шукаў толькі варыянтаў, як шырэй падаць інфармацыю пра страшэнныя падзеі.
Быў толькі адзін момант, калі я ўздыхнуў з палёгкай, калі ўбачыў, што з плошчы вярнуўся Бяляцкі з нашымі хлопцамі — не затрыманыя і жывыя...

Потым на «Вясну» прыйшлі грамілы і навалілася стома…

Людзі тыя былі няўпэўненыя ў сабе, нерваваліся. Асабліва калі Валік Стэфановіч узяў з рук гэбоўскага следака пастанову на агляд памяшкання і падраўшы яе на дробныя шматкі, шпурлянуў у твары «таварышаў».

Выводзілі нас з офіса па аднаму да калоны міліцэйскіх аўтамабіляў, у кожным з якіх сядзеў аўтаматчык… Завезлі ў Першамайскі РУУС, завялі ў актавую залю.

Пад раніцу, калі сталі выводзіць на допыты да следчых, папрасіў «прыняць мяне» першага, бо дома засталася хворая на краснуху чатырохгадовая дачушка Стася, пакінутая на цешчу.

Следчы міла запытаўся ў мяне: «А гэта ваш аўтамабільчык зраніцы стаіць каля офіса "Вясны"?»

А побач Зміцер Салаўёў настойліва вучыў яшчэ аднаго следчага размаўляць на беларускай мове. Той чамусьці супраціўляўся.

Жонка Галіна Дубянецкая была на Готландзе і не вылазіла ўсю ноч з інтэрнэту. Потым у нейкім эсэ апісвала тую ноч:

«Страшныя весткі з Беларусі, пачынаючы ад вечару 19 снежня, трымалі пад напругай днямі і начамі. Думаю, што ў Швецыі, дзякуючы вольнаму Інтэрнэту, я ведала ўсё хутчэй і больш дакладна, чым ведала б дома. Дасылала словы падтрымкі сябрам. Дарэчы, навігацыя ў Інтэрнэце, якая дагэтуль была мне таямніцай за пячаткамі, цалкам сталася маёй тамтэйшаю заваёвай.
Ірадава расправа ў Менску папсавала зімовыя святы беларусам па ўсім свеце. Некалькі дзён было зусім не да чытання ангельскіх і польскіх паэтаў, чыіх кніжак набрала ў бібліятэцы гасціннага Балтыйскага Цэнтру, і не да перакладаў…»

А мы то выжылі, сталі мацнейшымі. І дзякуй богу, што кашмар той не забыўся дагэтуль, бо такое нельга забыць.

Паводле facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: