Ірына Леўшына: «Справа БЕЛТА» магла проста разваліцца ў судзе

З галоўнай рэдактаркі БелаПАН знялі абвінавачанне. Яна спадзяецца, што хутка гэтая крымінальная справа скончыцца для ўсіх фігурантаў, піша «Радыё Свабода».
Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, архіўнае фота

Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, архіўнае фота

Следчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай 29 лістапада. Яны была адной з фігурантаў «Справы БЕЛТА», паводле якой журналістаў вінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва.

 

«Мэта была запужаць»

Ірына Леўшына сплаціла страты ў памеры 12 тысяч рублёў на карысць агенцтва, а таксама штраф у памеры 735 рублёў. Ірына Леўшына падзялілася са "Свабодай" думкамі наконт «справы БЕЛТА».

«Галоўная мэта гэтай справы — запужванне, а іншая — пакапацца ў кампутарах і нататніках журналістаў. Магчыма, яны і думалі давесці справу да суду, але быў моцны міжнародны ціск на ўлады і была салідарнасць у адносінах да журналістаў унутры краіны. Да таго ж яны зразумелі, што ў судзе справа можа разваліцца», — сказала Ірына Леўшына.

 

«Замест радасці — спустошанасць»

Галоўная рэдактарка БелаПАН кажа, што, апроч маральных пакутаў, журналісты атрымалі пазовы ад дзяржаўнага агенцтва на велічэзныя грошы.

«Вядома, што кіраўніца БЕЛТА напісала заяву ў Следчы камітэт пад ціскам, але, думаю, яе б не звольнілі, калі б яна гэтага не зрабіла. Для мяне гэта чатыры месяцы нерваў, адчуванне, што цябе ўвесь час разглядаюць, праслухоўваюць. Радасці з гэтай нагоды вялікай я не адчуваю, хутчэй спустошанасць», — сказала Леўшына.​

Адзінай фігуранткай «справы БЕЛТА», з якой не знялі абвінавачанне, застаецца галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава. Ёй інкрымінуюць «бяздзейнасць службовай асобы» (ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу). Санкцыі па гэтым артыкуле — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Усяго па «справе БЕЛТА» праходзілі 15 журналістаў і рэдактараў.

 www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!