Ірына Сухій: Мы маем шанцы паменшыць шкоду, якую нанясе кітайскі парк

Смалявіцкі райвыканкам праводзіць грамадскія абмеркаванні праекта «Дэталёвы план тэрыторыі першачарговага засваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку». Яшчэ не расстаўлены кропкі над "і" у першым этапе грамадскіх абмеркаванняў, вынікі якога аспрэчваюць эколагі, але ўлады спяшаюцца прыступіць да засваення кітайскіх грошай.

 



Ірына Сухій


Да якіх наступстваў можа прывесці такая спешка? Пра гэта ў інтэрв'ю «СН-плюс» разважае кіраўнік ГА "Экадом" Ірына Сухій.

«Экадом» і вашыя калегі з таварыства «Зялёная сетка» патрабуюць ад пракуратуры Мінскай вобласці праверыць законнасць дзяржаўных экспертыз праекта «Генеральны план«Кітайска-беларускі індустрыяльны парк». Што менавіта і чаму выклікае ў вас сумневы?

— Напрыклад, той факт, што экалагічная экспертыза праведзеная раней за будаўнічую: па заканадаўстве ўсё з дакладнасцю да наадварот.

Мы своечасова, з захаваннем усіх тэрмінаў, падалі дакументы аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы, аднак яшчэ раней камітэт аховы прыроды Мінскай вобласці зрабіў сваю, а гэта таксама супраць правілаў.

Не ведаю, куды і навошта спяшаліся чыноўнікі. Падкрэслю: усе спецыялісты згодныя з намі — занадта шмат неадпаведнасцяў і парушэнняў у генплане, занадта шмат недапрацовак і праблем.

— Якія самыя відавочныя парушэнні выявілі эксперты?

— Мы рэкамендавалі разгледзець альтэрнатыўную тэрыторыю для размяшчэння кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Для гэтага ёсць важкія падставы.

Дакумент «Генеральны план кітайска-беларускага індустрыяльнага парку» змяшчае інфармацыю ў вельмі агульным выглядзе, якую немагчыма выкарыстоўваць для дэталёвай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Навідавоку парушэнне патрабаванняў дзейнага заканадаўства, у тым ліку — прэзідэнцкага ўказу № 253.

Мы настойваем, што неабходна выключыць тэрыторыю рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Валмянскі» і мясцовага біялагічнага заказніка «Маяк» з межаў зямельнага ўчастка, на якім плануецца размяшчэнне індустрыяльнага парку.

Генплан ўключае комплексу мерапрыемстваў па абыходжанні з адходамі.

Пры станоўчых горадабудаўнічых умовах (транспарт, інжынерныя камунікацыі, блізкасць аэрапорта, водазабор) маецца шэраг экалагічных праблем. Напрыклад, высечка 2756,0 га элітнага лесу парушыць асяроддзе аздараўлення Мінска.

Рэалізацыя генплана немагчымая праз супярэчнасці заканадаўству пры дзейных праектах водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб'ектаў, пры існым мэтавым прызначэнні земляў, а таксама ў межах зоны адпачынку мясцовага значэння «Вясёлка».

На падставе ўсяго гэтага мы не рэкамендуем зацвярджаць генеральны план КБТП.

— Пакуль эколагі ставяць пад сумнеў вынікі першага этапу абмеркаванняў, Смалявіцкі райвыканкам пачаў ужо грамадскія абмеркавання праекта.

— Працэс сапраўды пайшоў далей, хоць не расстаўленыя кропкі над «і» ў першых слуханнях. Мы зараз спрабуем паўплываць на сітуацыю, таму і звярнуліся ў пракуратуру праз парушэнне парадку правядзення экспертыз.

З іншага боку, заявілі аб правядзенні незалежнай экалагічнай экспертызы «Дэталёвага плана тэрыторыі першачарговага засваення кітайска-беларускага індустрыяльнага парку».

Некаторыя не разумеюць: калі мы — праціўнікі гэтага праекта ў цэлым, чаму мы ўвязваемся ў грамадскія абмеркаванні кожнага этапу? Стаўшы ў позу, крычучы на кожным скрыжаванні, што мы супраць кітайскага парку, не спрабуючы адстойваць сваю пазіцыю на кожным этапе, толькі пакажам сваю слабасць. Калі паслядоўна прыводзіш доказы парушэнняў, у канчатковым выніку можна паўплываць на будаўніцтва тэхнапарку.

Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Орхускай канвенцыі, якая прадугледжвае ўдзел грамадскасці пры прыняцці рашэнняў. І Беларусь павінна гэтаму вучыцца.

— Улада да эколагаў не прыслухоўваецца, а падняць грамадскасць на вырашэнне праблем, якія наўпрост не звязаныя з дабрабытам, немагчыма. Вы не спрабавалі для вырашэння праблемы кітайска-беларускага парку выкарыстоўваць механізмы Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі, напрыклад?

— Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі — стратэгічны інструмент, там ніхто не будзе разбірацца з канкрэтным кітайскім паркам. ЕДМ працуе над стратэгічнымі планамі развіцця.

Калі ў працэсе нашых дзеянняў набярэцца дастаткова матэрыялу для падачы скаргі ў Камітэт па адпаведнасці Орхускай канвенцыі, то мы падамо скаргу. Але да таго моманту, калі гэтую скаргу разгледзяць і вынесуць рэкамендацыі, парк ужо пабудуюць.

Аднак гэта трэба рабіць. Пасля разбораў адносна будаўніцтва Астравецкай АЭС Камітэт па адпаведнасці вынес рэкамендацыі беларускаму ўраду па паляпшэнню рэалізацыі Орхускай канвенцыі. Цяпер распрацоўваецца пастанова Саўміна аб удзеле грамадскасці ў экалагічна значных рашэннях. У гэтым нарматыўным акце будзе канкрэтна прапісана: які чыноўнік, у які момант і што павінен зрабіць. Хоць Орхуская канвенцыя з'яўляецца дакументам прамога дзеяння, якую павінны выконваць без усялякіх «ўдакладняльных» нарматыўных актаў унутры краіны, дзяржслужбоўцы не маюць канкрэтнай працэдуры. Пакуль няма дакладных указанняў, канвенцыя не працуе.

Урад распрацоўвае такую пастанову, мы, на жаль, яе пакуль не бачылі. Хоць, па ідэі, павінны таксама ўдзельнічаць у распрацоўцы — вось чаму вучыць нас практыка еўрапейскай мадэрнізацыі былых сацыялістычных краін. І ўсё ж спадзяюся, што пастанова будзе добрай, паколькі да яе распрацоўкі прыцягваліся эксперты ПРААН.

— Значыць, колькі б эколагі ні абураліся, улады пабудуюць кітайскі парк такім, як яны хочуць?

— Мы маем шанцы зменшыць шкоду, якую ён нанясе. Калі наогул не звяртаць увагі на праблему, кітайцы ўсё зробяць па-свойму. Пільная ўвага грамадскасці прымушае паводзіць сябе больш сур'ёзна. І кітайскія інвестары, і беларуская адміністрацыя разумеюць: за імі сочаць — гэта яшчэ адзін урок Еўрапейскага дыялогу мадэрнізацыі.

— Улады ўвесь час ігнаруюць эколагаў. Пра іх згадваюць падчас маштабных кампаній, такіх, як будаўніцтва Астравецкай АЭС, і пачынаюць затыкаць рот. Можна змяніць такую практыку ў прынцыпе?

— Улады ігнаруюць не толькі нас: па сутнасці, Міністэрства прыродных рэсурсаў — гэта міністэрства трэцяй або чацвёртай катэгорыі. Беларускія ўлады да экалогіі ў цэлым ставяцца па рэшткавым прынцыпе — я думаю, у гэтым праблема. Дарэчы, па некаторых пазіцыях у нас з Мінпрыроды цалкам аднолькавыя пазіцыі, але міністэрства дакладна гэтак жа не можа абараніць прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя ў Саўміне. Мінпрыроды там фактычна супраць усіх міністэрстваў.

«Свободные новости плюс»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: