Ірына Жыхар: “Калі пацыенты самі не змагаюцца за сваё жыццё і правы, шансаў у іх дакладна — нуль”

У Беларусі сёння каля двух тысяч пацыентаў на гемадыялізе. Без трансплантацыі донарскіх органаў прыкладна палова з іх памрэ цягам пяці гадоў.



Гемадыяліз або “штучная нырка” — каласальная нагрузка на сэрца ды іншыя органы і сістэмы арганізма. Апісваючы ўздзеянне дыялізу на арганізм чалавека, дактары прапаноўваюць уявіць, нібы штодня праз яго праязджае легкавік. Таму, безумоўна, трансплантацыя — выйсце для такіх пацыентаў.

У гэтым звязку сёння ў Беларусі востра наспела патрэба ў грунтоўнай інфармацыйна-асветніцкай кампаніі па падрыхтоўцы грамадства да адносна новай з’явы — донарства і трансплантацыі.

Трансплантацыя абыходзіцца ўдвая танней за дыяліз, таму развіваць гэты кірунак — таксама і ў эканамічных інтарэсах дзяржавы. Дарэчы, у той жа Расіі афіцыйная медыцына ўжо сутыкнулася і з супрацьдзеяннем фірм, чый бізнес завязаны на дыялізе. У Беларусі важна ўлічваць гэты досвед суседзяў, таму без кантролю грамадскасці ў такой сітуацыі таксама не абысціся.

Пакуль мы часцяком сустракаемся з шокавым успрыняццем. А трэба, каб практыка донарства органаў увайшла ў свядомасць нашых людзей, у нашу культуру. Сучасны цывілізаваны чалавек павінен уцяміць, што пасля сваёй смерці ён можа працягнуць іншае жыццё! — кажа галоўны пазаштатны трансплантолаг Брэсцкай вобласці Расціслаў Лаўрынюк.

Апроч таго, доктар артыкулюе і шэраг іншых праблемаў пацыентаў, якія ўжо перажылі трансплантацыю.

Найбольшая праблема на сёння — забяспечыць сацыяльную адаптацыю гэтых людзей, памагчы ўладкавацца на працу, асабліва калі яны могуць і гатовыя нешта рабіць, камусьці дапамагаць.

Каб стварыць сістэму якаснай і паўнавартаснай сацыяльнай адаптацыі такіх пацыентаў, у 2015 годзе ў Брэсце была створана сацыяльна-асветніцкая ўстанова “Міжнародны цэнтр “Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя”. У яе ёсць усё дзеля паспяховай і карыснай грамадскай дзейнасці: і выдатны, з ясным разуменнем стратэгіі лідар, і касцяк прыкладна з сотні людзей пасля трансплантацыі, імпэту і матывацыі каторых варта было б павучыцца здаровай большасці беларускага соцыуму. Зрэшты, пацыенты-актывісты “Міжнароднага цэнтра “Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя” хворымі сябе не лічаць.

Каб не трансплантацыя, я даўно памёр бы. А так жыву, ды яшчэ і на танцы хаджу. Я не зацыкліваюся на сваёй хваробе і ўвогуле лічу сябе здаровым, звычайным чалавекам. Імкнуся і астатнім падобным людзям дапамагчы думаць гэтаксама, — кажа Валера, які больш як два гады таму перанёс перасадку ныркі.

Па меркаванню аднаго з ініцыятараў-стваральнікаў, псіхолага Таццяны Тхоравай, у Беларусі таксама востра паўстала неабходнасць наладжвання адпаведных трэнінгаў для пацыентаў, што праходзяць дыяліз або перанеслі трансплантацыю, распрацоўкі псіхалогіі крытычных станаў. Таму ў перспектыве плануецца стварыць цэлы альтэрнатыўны адаптацыйны курс для людзей з перасаджанымі органамі. Па ўсёй краіне падобнага кшталту дапамогі, што праграмна можна сфармуляваць: “Як жыць далей у кардынальна новай сітуацыі?”, чакаюць каля 2,5 тысяч чалавек.

Трэба адзначыць, што ў галіне трансплантацыі менавіта Брэст і Брэсцкая вобласць сёння наперадзе ўсёй краіны. Тут упершыню распачалі гэту практыку, і тут, на дадзены момант, максімальны сярод усіх рэгіёнаў адсотак пацыентаў з перасаджанымі органамі. Аднак і гэта, па словах Расціслава Лаўрынюка, толькі першыя неабходныя крокі, бо практыка трансплантацыі ў Беларусі патрабуе значнага пашырэння.

Брэсцкая ініцыятыва пацыентаў без перабольшання выдатная, хаця і не першая ў Беларусі. Чатыры гады таму падобную суполку анкалагічных пацыентаў у Мінску стварыла Ірына Жыхар, якая цяпер узначальвае сваю якасна ўзбуйнелую сацыяльна-асветніцкую ўстанову “Цэнтр падтрымкі онкапацыентаў “У імя жыцця”.

Ірына сама двойчы перажыла рак і на шляху змагання з хваробаю пачала шукаць падобных да сябе людзей, каму таксама трэба было пазбавіцца ад адзіноты і знайсці сябе ў новым жыцці пасля хваробы. Безумоўна, такія людзі хутка знайшліся і іх, як выявілася, шмат.

Сваім каштоўным арганізацыйным досведам Ірына і падзялілася з брэсцкімі пацыентамі, якія пакуль толькі замацоўваюцца на гэтым шляху, на сустрэчы, што ўдалося зладзіць у чэрвені пры падтрымцы дырэктара грамадскага аб'яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” Леаніда Каліцені.

На сваім шляху Ірына Жыхар перажыла многае: заснаванне і афармленне сваёй суполкі, адаптацыю, крызіс і новую адаптацыю. Канфлікт унутры групы — гэта заўжды выпрабаванне, але яго таксама трэба перажыць.

У выніку жыццё паказвае, што рак мацнейшы за любыя нашы канфлікты, і ён прымушае нас аб’ядноўвацца. Добра, калі і доктар, і пацыент змагаюцца разам. Але калі пацыенты ў першую чаргу самі не змагаюцца за сваё жыццё і правы, шансаў у іх дакладна — нуль, — кажа Ірына Жыхар.

Сёння на рахунку Ірыны Жыхар і яе Цэнтра шмат добрых справаў. Гэта не толькі вузкатэматычныя сустрэчы і круглыя сталы, але і тэатральныя імпрэзы з удзелам артыстаў, якія таксама хварэюць на рак, але не зацыкліваюцца ў сваім стане, і майстар-класы па здаровым харчаванні, і экскурсіі, і вандроўкі… Нядаўна пры падтрымцы “Цэнтра сацыяльных інавацый” атрымалася падрыхтаваць і выдаць брашуры з правамі і абавязкамі хворых — прадукт, як выявілася, вельмі запатрабаваны. У найбліжэйшых планах таксама падрыхтаваць курс лекцый экспертаў, якія дактары-анколагі маглі б раздаваць пацыентам па ўсёй краіне.

Мінздраў разумее, што сёння ў нас няма багата таго, што ўжо ёсць ў свеце для онкапацыентаў: онкадыета, фітатэрапія, фізкультура, ёга. Але чыноўнікі не ведаюць, як з іх рэсурсамі паўплываць на сітуацыю, каб усё гэта з’явілася і ў нас. І мы бярэм гэту ролю на сябе, — кажа Ірына Жыхар.

Як выказаўся Леанід Каліценя, калі б беларусы часцей рэалізоўвалі падобныя ініцыятывы, магчыма, у нас атрымалася б хутчэй змяняць навакольную сітуацыю да лепшага, і прыклад брэсцкай ініцыятывы трансплантолага дэманструе неверагодна рэдкае ў нашы дні пачуццё адказнасці за сваіх пацыентаў і за сваю справу.

Што цешыць, мінчукі і берасцейцы знаходзяць поўнае паразуменне і бачаць патэнцыял, каб разам працаваць на перспектыву. А візія агульнай перспектывы ў гэтай супольнасці прысутнічае даволі ясная: ад стварэння пляцоўкі па абмеркаванні ўнутраных праблем розных пацыенцкіх арганізацый да заснавання на дзяржаўным узроўні адмысловай рады, якая мела б магчымасць вырашаць глабальныя праблемы якаснай сацыяльнай адаптацыі пацыентаў. Застаецца толькі пажадаць гэтым светлым людзям не губляць на сваім няпростым шляху ўзнёслы дух і пачуццё салідарнасці.

eurobelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: