Іван Барбашынскі: Я не чакаў справядлівага прысуду

Іван Барбашынскі спакойна ўспрыняў вырак суда, паколькі не чакаў ад суда справядлівага прысуду і не верыць у справядлівасць нашай судовай сістэмы.


 «Я не вінаваты, я не прычыніў міліцыянтам аніякіх фізічных пашкоджанняў. Гэта яны напалі на нас з братам і пабілі нас», — заявіў падсудны раніцай 21 лістапада 2016 года падчас свайго «апошняга слова».

Іван Барбашынскі: Я не мог збіваць міліцыянтаў у аўтамабілі, бо аслеп ад газу і курчыўся ад болю


Гэтыя дні зала судовых пасяджэнняў была перапоўненая: больш за 30 чалавек прыйшлі падтрымаць Івана падчас вынясення прысуду. Сёння яго прысудзілі да 2-х гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — так званая «хатняя хімія».

Маці, Галіна Шаравар, некаторы час не магла гаварыць, а толькі гучна плакала, абхапіўшы шыю сына пасля вызвалення яго з клеткі. Нявеста Івана Вераніка, маці, родныя і сябры літаральна паланілі Івана на некалькі хвілін.


Пасля вынясення прысуду і Іван, і яго маці дзякавалі неабыякавых людзей, журналістаў, якія не пакінулі сям’ю Барбашынскіх сам-насам з трагедыяй.

— Я вельмі радая, што мой сын зараз паедзе дамоў, апынецца ў сям’і. З прысудам суда я не згодна. Лічу, што прысуд несправядлівы, і яго патрэбна абскарджваць. Мой сын пакараны фактычна за тое, што спрабаваў абскардзіць гвалтоўныя дзеянні міліцыі. Другі сын увогуле загінуў у Жодзінскіх засценках, — заявіла Галіна Шаравар журналістам.

Выйшаўшы з залы суда і ўбачыўшы ў калідоры міліцыянтаў, яна не змагла стрымаць эмоцый:

 — Забойцы! Гэта вы забілі майго сына! Забойцы, — літаральна галасіла жанчына.


«Міліцыянты і турма з’елі майго сына»



Іван Барбашынскі, таксама ўсхваляваны сустрэчай з блізкімі, роднымі і сябрамі, папрасіў журналістаў сачыць за ўмовамі ў Жодзінскай турме.


 — Паўтары тысячы чалавек, якія сядзяць у жудасных умовах у Жодзіна,  чакаюць вашай дапамогі і дапамогі праваабаронцаў, — паведаміў былы вязень. — Многія з людзей яшчэ чакаюць суда, ім не вынесены прысуд, а да іх ужо адносяцца, як да «быдла».

Асабліва негатыўна Іван распавядаў пра турэмную лякарню і адсутнасць лячэння для хворых людзей.

— Турэмная лякарня складаецца з трох паверхаў. 1-шы паверх фактычна знаходзіцца ў сырым падвале. Там немагчыма дыхаць. У аднаго хлопца разбалеліся зубы, напісаў заяву да начальніка медыцынскай часткі, каб палячылі па востраму болю, — распавядае Іван. — Пасля заявы каля «кармушкі» з’явіўся лекар у белым халаце з абцугамі і сказаў яму літаральна наступнае: «Мы тут не лечым, мы толькі вырываем зубы».

За некалькі дзён да смерці Ігара Барбашынскага моцна збілі


Калі чалавек захварэў, яго ніхто не абследуе і не ставіць дыягназу. Былы зняволены распавёў, як пасля звароту яго маці ў Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай аб яго медыцынскім абследаванні яго нават накіравалі ў гарадскую паліклініку, дзе ўзялі кроў з пальца і пералічылі пломбы ў зубах. На гэтым медыцынскае абследаванне было скончана. Затое маці атрымала аб’ёмны адказ з дэпартамента аб тым, наколькі ўсебакова медыкі вывучылі стан здароўя яе сына.


Такасама Іван распавёў аб тым, што размаўляў з некаторымі крымінальнікамі аб абставінах смерці брата. Тыя лічаць, што сам характар цялесных пашкоджанняў і месцы нанясення ўдараў сведчаць аб тым, што крымінальнікі тут ні пры чым.

 — Аб смерці брата я даведаўся з пісьма сваёй нявесты, — успамінае малодшы брат. — Кантралёры да апошняга хавалі інфармацыю аб гібелі старэйшага брата. Ва ўмовах зняволення і пры адсутнасці магчымасці пабываць на яго пахаванні мне было вельмі цяжка псіхалагічна. Удзячны сваім сукамернікам, якія падтрымалі ў цяжкую хвіліну псіхалагічна.

На пытанне аб планах на будучыню коратка адказаў: жыць на свабодзе і змагацца за тое, каб даведацца праўду аб абставінах смерці брата.

 — Я разумею, што даведацца праўду пра смерць брата будзе вельмі цяжка, паколькі наша праваахоўная сістэма вельмі несправядлівая і ахоўвае ў першую чаргу саму сябе. Але будзем спрабаваць — гэта наш абавязак перад братам і сынам.


Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, экс-суддзя Канстытуцыйнага суда лічыць, што сітуацыя парадаксальная: усе ўдзельнікі працэсу і прысутныя ў зале разумеюць, што перад судом паўстаў невінаваты чалавек, але яго нельга апраўдаць.

— Цяперашняя  судовая сістэма іньшага варыянту не дае, — гаворыць Міхаіл Пастухоў. — І ў гэтым я бачу асноўны яе недахоп: залежнасць ад органаў следства, пракурора, вышэйстаячых інстанцый. Усе настроены на абвінавачванне і асуджэнне. Такая сістэма патэнцыйна небяспечная для грамадзян. Яе трэба тэрмінова мяняць праз правядзенне судова-прававой рэформы. У выніку ў нас павінен з'явіцца незалежны суд, які будзе судзіць па законе і па праўдзе, узважваючы на вагах Феміды довады абвінавачвання і абароны. І суд не павінен баяцца вынесці апраўдальны прысуд, калі віна падсуднага не даказаная.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!