Іван Барбашынскі: Я не мог збіваць міліцыянтаў у аўтамабілі, бо аслеп ад газу і курчыўся ад болю

Судовае разбіральніцтва па справе Івана Барбашынскага працягнулася 17 лістапада. 

Большую частку часу занялі допыт следчага Людмілы Машко аб абставінах спробы ўзбуджэння крымінальных спраў па заявах братоў Барбашынскіх і міліцыянтаў і прагляд відэазапісаў з начной кавярні і медыцынскага выцвярэзніку. 

Пасля перапынку амаль паўтары гадзіны публіка ў зале назірала як адвакат, пракурор, суддзя і адзін пацярпелы міліцыянт аттачылі стол з невялічкім кампутарам суддзі і нешта вывучалі. Іван Барбашынскі праз краты дарэмна спрабаваў гэтае «нешта» таксама ўбачыць.

Наталля Лысечка, случчанка, якая прыйшла падтрымаць маці Івана Галіну Шаравар на судовым працэсе, вельмі ўражана абставінамі судовага працэсу:

— Я прыйшла на суд, каб больш зразумець: хто вінаваты, а хто — не. Прыйшла, каб самой пабачыць і пачуць. Не разумею, чаму нельга ў 21-м стагоддзі прысутным у зале паглядзець відэасюжэты, якія маюць адносіны да справы? Чаму так усё хаваецца ад людзей, чаму і суддзя, і пракурор не гавораць, а шэпчуць?

Цікава, што ў гэты дзень быў значна ўзмоцнены канвой. Магчыма з той нагоды, што напярэдадні сваякі змаглі перакінуцца некалькімі словамі з Іванам. На гэты раз за парадкам у зале суда сачыў сам начальнік Слуцкага ізалятара Алег Гадалаў. Ён паспрабаваў перашкодзіць журналісту «Новага часу» зрабіць фотаздымак падчас судовага перапынку і некуды бегаў са скаргай на паводзіны карэспандэнта. Мусіць, хтосьці пазнаёміў яго з законам, бо вярнуўся ён у залу суда больш лагодным.

Бліжэй да вечара паказанні даў абвінавачваны Іван Барбашынскі. Іх сутнасць цалкам супярэчыць версіі міліцыянтаў.

Па сведчаннях пацярпелых супрацоўнікаў Слуцкага РАУС, браты пры затрыманні амаль добраахвотна селі ў міліцэйскі аўтамабіль, дзе потым накінуліся на іх і збілі. Каб супакоіць Барбашынскіх давялося выкарыстаць балончыкі з газам.

Іван жа распавёў, што газ міліцыянты распылілі яшчэ на дарозе — на вуліцы Магістральнай, там жа і моцна збілі братоў, а рукі спаланілі пластыкавым хамутом.

 — Ішлі па абочыне, каб не перашкаджаць аўтамабілям. Як убачылі ў цемры фары аўтамабіля — адышлі далей ад дарогі, побач было ўжо поле, — распавядаў Іван. — Дзверцы збоку адчыніліся, выйшлі двое. Адзін кажа брату, які ішоў наперадзе: «Здравствуйте, товарищ майор! Поехали?». Мы адразу нават не зразумелі, што гэта – міліцыя. Ігар адказаў: «Я нікуды не паеду». Тут я зразумеў, што тут нешта не тое і падышоў бліжэй, каб быць разам. Але другі чалавек стукнуў моцна брата па спіне, і ён упаў. Пасля накінуліся на мяне. Білі нагамі — так моцна, што я крычаў, а брат крычаў на іх, каб мяне не білі.

Іван паведаміў, што пасля таго, як пусцілі ў вочы газ, яны абодва нічога не бачылі і ніяк не маглі накінуцца на міліцыянтаў у мікрааўтобусе. Да таго ж Іван заявіў, што ў аўтамабілі газ не распыльваўся.

На пытанне пракурора пра «адпачынак» у медыцынскім выцвярэзніку, распавёў, што ўсю ноч курчыўся ад болю ў грудзіне і вобласці сэрца — было не да адпачынку. Лекар толькі памерыў яму ціск.

Іван лічыць, што падстаў для іхняга затрымання не было: яны з братам знаходзіліся блізка ад дому, нікога не зневажалі сваім выглядам, паколькі побач было толькі поле.

Дарэчы, ніякіх рэальных доказаў версіі міліцыянтаў, акрамя вусных сведчанняў, таксама няма.
 
Відэарэгістратар, усталяваны на міліцэйскім аўтамабілі, чамусьці падчас затрымання і дастаўкі ў выцвярэзнік быў павернуты ўбок. У той жа час на судзе адвакат Станкевіч прад’явіла пісьмовае падцверджанне, падпісанае начальнікам Слуцкага РАУС, аб тым, што відэарэгістратар на аўтамабілі спраўны і да гэтага дня нараканняў на яго не было.

Напрыканцы судовага пасяджэння суддзя Паўленка прапанавала пракурору і адвакату падрыхтавацца да выніковых выступаў на наступным пасяджэнні ў пятніцу 18 лістапада, якое пачнецца ў 14:30. Магчыма, у гэты ж дзень будзе вынесены судовы вырак.

Марына Дамарад прысутнічала на ўсіх судовых паседжаннях і лічыць, што суддзя лагодна адносілася да апытвання іншых фігурантаў справы.

— Чамусьці суддзя з лёгкасцю прабачыла міліцыянту яго словы пра «туман у яго галаве», калі апытвала пра колькасць сінякоў. А вось Івана заблытвала пытаннямі пра парадак нанясення яму ўдараў нават больш, чым пракурор. Няўжо ім мала таго пакарання, якое ён ужо панёс?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!