Іван Луцкевіч — ініцыятар абвяшчэння БНР

Сення спаўняецца 132 гады з дня нараджэння вядомага палітыка і навукоўца Івана Луцкевіча. Разам са сваім братам Антонам ён быў адным з галоўных ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.



Стэнсіл з выявай Івана Луцкевіча ў мінскім двары


Іван Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года ў літоўскім Шаўляі. Ён паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна».

У 1890 годзе Іван Луцкевіч пачаў вучобу ў Лібаўскай гімназіі, працягваў яе ў Мінскай гімназіі. Займаўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта; у Маскоўскім археалагічным інстытуце.

За сваю палітычную дзейнасць у 1903 годзе трапіў у турму. Пасля вызвалення працягваў вучобу ў Венскім універсітэце. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады. Прымаў актыўны ўдзел у падзеях 1905 года ў Мінску. Пад пагрозай арышту выехаў у Вільню, дзе да 1908 знаходзіўся на нелегальным становішчы. Ініцыятар стварэння ў Вільні многіх беларускіх арганізацый і выданняў, у тым ліку газеты «Наша доля» і «Наша ніва». выдавецтва «Наша хата», Беларускага выдавецкага таварыства, Беларускага народнага камітэта, першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне, настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі, Беларускага навуковага таварыства. Збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцяў. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні.

Разам з Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім Іван Луцкевіч распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.

Ён лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх струкгур на Беларусі як праваднікоў палітыка-ідэалагічных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Па ініцыятыве і з асабістым яго ўдзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з'ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916).

Іван Луцкевіч — аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаны арабскай графікай «Аль-Кітаб». Яго багатыя калекцыі сталі асновай для створанага ў 1921 годзе Беларускага музея.

charter97.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!