Івонка Сурвіла: Веру, што разам мы «адродзім жыццё рэспублікі сваёй»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Днём Волі — «з угодкамі таго слаўнага дня, калі наш народ стварыў, пасля доўгае няволі, сваю першую мадэрную незалежную дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку».

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла прысвяціла свой «сёлетні зварот героям, якія выйшлі пасля жнівеньскіх «выбараў» сотнямі тысяч на вуліцы нашых гарадоў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, і ўсім беларусам замежжа, якія падтрымалі іх у змаганні за праўду і людскую годнасць».

Старшыня Рады БНР сказала, што моцна ганарыцца беларусамі: «Тры гады таму, з нагоды 100-годдзя БНР, я выказала веру, што вы, нашая моладзь, вызваліце Беларусь ад дыктатуры і што, нягледзячы на тое, што вы цярпелі 26 гадоў пад ботам камуністычнага спадкаемца, вашая нябачная зброя — вашае пачуццё прыналежнасці да беларускае зямлі. І вашая генетычная памяць — перамогуць усе перашкоды на вашай дарозе, а менавіта — страх».


«Працэс пачаўся. Веру, што здзек, на які рэжым яшчэ ўсё дазваляе сабе, хутка саступіць светлай, вольнай і дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. А ў міжчассе, моцна прашу вас — не губляйце надзеі! Заставайцеся з’яднанымі і салідарнымі пад знакам Пагоні. Вашая салідарнасць, ваш гераізм, вашая любоў да свае бацькаўшчыны і да найбліжэйшых вам людзей, вашых братоў і сёстраў беларусаў, перамогуць нялюдскі рэжым».

«Веру, — адзначыла старшыня рады БНР, — што, як гэта абяцае наш нацыянальны гімн, разам мы "адродзім жыццё рэспублікі сваёй". Дык — дай Божа! Жыве Беларусь!»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: