«Я думала, дзень нараджэння сына будзе самым страшным у маім жыцці»

Бывае, што ўжо і не чакаеш... Дзесяць гадоў лячэння ад бясплоддзя, няўдалае ЭКА, замерлая цяжарнасць... Але, відаць, хтосьці там наверсе сапраўды добра да цябе ставіцца. І вось ужо чатыры з паловай гады мы бацькі хлопчыка Лёвы. Праўда, шлях да гэтага быў зусім няпросты.



Парадаксальна, але станоўчы тэст на цяжарнасць выклікаў зусім не радасную рэакцыю. Хутчэй, раздражненне: маўляў, зноў праходзіць праз усё гэта: бальніца, хваляванні, а ў выніку — усё роўна «чыстка», слёзы...

Недзе на чацвёртым месяцы я дазволіла сабе расслабіцца і паверыць, што ўсё будзе добра, пачаць планаваць: ёгу для цяжарных, басейн, сумесныя роды. Але ж ніхто не ведае, чым скончыцца сённяшні дзень. Падчас цяжарнасці пачалі выяўляць розныя рызыкі для мяне і дзіцяці, і гэта штораз прыводзіла ў лякарню.  

Ты ідзеш на планавае абследаванне і пасля яго трапляеш у прыёмны пакой — да заўтра чакаць нельга, хто ведае, што можа быць. Першая экстраная шпіталізацыя, другая... А ты лічыш гэтыя тыдні, бо ёсць меркаванне, што да 24 тыдняў шанцы скрайне малыя, а пасля, магчыма, уратуюць.

І нельга, нельга хвалявацца! Хвалюешся — і ад таго хвалюешся яшчэ больш, бо нельга. Нельга хвалявацца!

«Зусім глухі-сляпы інвалід»


На дваццаць шостым тыдні на чарговым УГД упершыню выявілі фетаплацэнтарную недастатковаць — парушэнне функцыі плацэнты. Як вядома, плацэнта ўсталёўвае сувязь паміж плодам і маці. Па сутнасці, ФПН — гэта парушэнне кровазвароту ў сістэме маці-плацэнта-дзіця. Арганізм маці можа кампенсаваць ФПН (што доўгі час адбывалася і ў маім выпадку), але недастатковасць можа стаць прычынай адставання ў развіцці плоду, гіпаксіі і смерці дзіцяці.

Пасля агляду ў лякарні доктарка эмацыйна заявіла: «Ну, дзе ж зараз нараджаць, гэты ж зусім глухі-сляпы інвалід будзе!» Абышлося. Але праз месяц зноў шпіталізавалі. І гэтым разам праз некалькі тыдняў з лякарні я ўжо выйшла не цяжарнай.

Чарговая, апошняя, шпіталізацыя была самай страшнай. УГД паказвала, што сітуацыя пагаршаецца. Пры гэтым ты ніяк не можаш паўплываць на яе і чымсьці дапамагчы свайму дзіцяці. Пастаянна прыслухоўваешся, ці варушыцца, бясконца робіш КТГ, каб упэўніцца, што сэрца яшчэ б’ецца.

Штораз пасля УГД збіраўся кансіліум, дзе дактары абмяркоўвалі: кесарыць цяпер ці даць шанцы больш развіцца (але больш шанцаў — больш і рызыкі). Напрыканцы кожнага кансіліуму прапаноўвалі напісаць распіску з адмовай ад аператыўнага ўмяшальніцтва. Плакалася мужу: «Як я магу падпісаць? Я ж не спецыяліст, хіба я магу аб’ектыўна ацаніць рызыку?» На той момант мы паспелі абзавесціся сувязямі ў медычных колах, і «свае людзі» казалі: «Не хвалюйцеся, калі стане сапраўды трэба, вам будуць задаваць пытанні зусім іншым чынам і тонам».

Пасля чарговага УГД загадчык аддзялення выклікаў нас з мужам і сказаў: «Дзіцё не развіваецца. Далей цягнуць нельга, мы рызыкуем у любы момант не пачуць сэрцабіцце. Вырашайце, калі — заўтра ці паслязаўтра».

Вечар напярэдадні мы з Глебам доўга гулялі вакол бальніцы. Праз пару соцень метраў скрозь міліцэйскія турнікеты збіраліся мітынгоўцы на (спакойны ў 2015 годзе) Дзень Волі, і ўсё вакол было такім штодзённым, сонечным. Калі б адкруціць час назад, я б усё зрабіла па-іншаму. Напэўна, я б радавалася, што ўжо заўтра ўбачу нашага хлопчыка, а праз нейкі час, магчыма, вазьму яго на рукі, што не трэба будзе больш хваляцца, як ён там. Я была б спакойнай, бо ведала, што шанец выжывальнасці дзяцей, народжаных на 33–34 тыдні, больш за 90%.

Але ў той вечар мы думалі, хаця стараліся размаўляць пра іншае, што наша дзіцё яшчэ зусім не гатовае з’явіцца на гэты свет. Страх за яго перакрываў усё. І я лічыла, што дзень, калі павінен нарадзіцца мой сын, будзе самым страшным у маім жыцці.


41 сантыметр, 1700 грамаў

Лёва быў вельмі незадаволены тым, што яго дасталі так хутка. А я не чакала, што ён будзе ў стане крычаць, яго сярдзіты голас радасна расхваляваў. Ён нарадзіўся такі маленькі… 41 сантыметр і 1700 грамаў. Акрамя таго заўчасна народжаныя дзеткі патрабуюць асаблівага дагляду, таму малога адразу забралі ў рэанімацыю, я яго нават не ўбачыла.

У пасляаперацыйнай палаце нас было пяць ці шэсць. Праз некалькі гадзін пасля аперацыі да мяне прыйшла неанаталог, каб распавесці пра Лёву. Яго падключылі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх, бо ў неданошаных гэты орган таксама яшчэ недаразвіты. Але з ім усё добра. Гэта быў адзін з самых шчаслівых момантаў у маім жыцці!

Тады многае для мяне засталося па-за кадрам. Напрыклад, калі Глеб патэлефанаваў у дзень нараджэння ў рэанімацыю, яму распавялі толькі, што малы на ШВЛ — і ўсё, маўляў, тэлефануйце заўтра, сёння новай інфармацыі не будзе. Недахоп інфармацыі — таксама цяжка.

Праз нейкі час да суседкі прыйшоў педыятр. Як аказалася, у яе дачкі сур’ёзныя праблемы з сэрцам, і трэба найстройвацца на доўгае лячэнне. Калі тая жанчына ў істэрыцы тэлефанавала мужу, я думала, як усё адносна і няпэўна. І нават беспраблемная цяжарнасць і роды ў тэрмін нічога не гарантуюць.

І хоць хтосьці там, наверсе, добра да нас ставіцца, відаць ён вырашыў зрабіць усё, каб гэтыя дні мы запомнілі дакладна. Раніцай высветлілася, што ў мяне пасляродавае кровацячэнне, гемаглабін рэзка упаў. Дактары вырашылі рабіць пераліванне крыві.

Як жа мне гэтага не хацелася. Ірацыянальна — ад адной думкі, што ў мой арганізм трапіць чыясьці чужая кроў, станавілася агідна. Рацыянальна — узгадваліся выпадкі заражэння ўсялякімі непрыемнымі хваробамі, пра якія даводзілася чытаць. Таму пакет з крывёй на ўсялякі выпадак сфатаграфавала і адправіла Глебу.

Неўзабаве пасля пералівання рэзка пачаў часацца твар: вусны, лоб, вочы. Яшчэ паспела спытаць у медсястры: ці так трэба, як мяне званітавала. Падалося, што крывёй. Шалёная тахікардыя, цяжка дыхаць, адчуванне, што вось зараз мяне не стане. Мітусня вакол, крыкі: «Падключычку!»... На каталцы некуды вязуць па вуліцы, вачам невыносна ад яркага сонца. У галаве б’ецца думка, што я вельмі патрэбна малому, але ў мяне няма больш сілаў змагацца...

Анафілактычны шок — страшная рэч.

У рэанімацыі

Пасля таго, як мае вочы зноў сталі расплюшчвацца, а твар ужо не выглядаў як пакусаны восамі, паступова з’явілася прага да жыцця. У першую чаргу гэтаму паспрыялі фотаздымкі Лёвы, якія ўпотай зрабіў Глеб у дзіцячай рэанімацыі, куды яго насуперак інструкцыям пусцілі на 5 хвілін з улікам сітуацыі. Я не ведала, якімі бываюць неданошаныя дзеці, а перад аперацыяй гугл чамусьці падсоўваў вельмі страшныя карцінкі. Але Лёва выглядаў як звычайны дзіцёнак, вельмі мілы і прыгожы.


У рэанімацыі было дзіўна: у адной палаце ляжаць мужчыны і жанчыны разам, ніякіх перагародак і прыватнасці. Спаць немагчыма праз гукі прыбораў, наведвальнікаў не пускаюць, тэлефонамі карыстацца нельга, да таго ж у прыбіральні на ўнітазе не было сідушкі (чаму так і як людзі пасля аперацыі мусяць рабіць свае справы — засталося загадкай. Хадзіла са сваёй). Зразумела, што трэба было адсюль хутчэй выбірацца.

Па шчырасці, тое, што было ў бальніцы менавіта са мной, вельмі хочацца забыць. Напрыклад, як ужо пасля рэанімацыі высветлілася, што ў матцы засталіся крывяныя «згусткі» (прабачце за натуралізм). І доктарка вырашыла іх выскрасці ўручную. Па жывому, пасля аперацыі. Гэта быў пякельны боль, і я крыкам прасіла спыніцца. За ўсім гэтым моўчкі назіраў натоўп студэнтаў... У выніку зрабілі «чыстку». На той час гемаглабін быў усё яшчэ вельмі нізкі, таму вырашылі зноў пераліць кроў. Яе падбіралі адмыслова пад мяне, дадаткова ачысцілі. Але да самага наркозу не адпускала думка, што штосьці зноў пойдзе не так.

Па-сапраўднаму я ўбачыла Лёву праз пару дзён, калі мяне перавялі ў звычайнае аддзяленне. Божухна, які ён быў маленькі! Як невялікая котка! На фотаздымках Глеба гэтага не было бачна.

Дзетак у рэанімацыі бальніцы можна было наведваць штодня па паўгадзіны. Пастаяць побач з кювезам, паглядзець праз шкло. Спыталася ў дактароў, ці практыкуюць у нас метад Кенгуру (неданошаным дзеткам вельмі важны фізічны кантакт, скура да скуры, з маці як мага хутчэй пасля нараджэння). На жаль, умовы нашых медыцынскіх устаноў гэта не дазваляюць. Магчыма, штосьці з 2015 года змянілася.  

Нарэшце Лёву перавезлі ў РНПЦ «Маці і дзіця». Праз некалькі дзён я да яго далучылася. Пашанцавала, бо мне распавядалі пра выпадкі, калі праз адсутнасць месцаў для маці некаторым жанчынам даводзілася чакаць не адзін тыдзень.

Ні грама назад!

Мы разам. Упершыню кармлю сама — з бутэлечкі. Смактаць самастойна — гэта цяжкая праца, неданошаныя дзеткі змогуць яе рабіць недзе праз месяц. У той момант здаецца, што прыгоды скончыліся: я магу дакрануцца да нашага хлопчыка, патрымаць яго «слупком» у кювезе. Ён такі цёплы, родны, самы любімы.

А на наступны дзень мне дазволілі забраць Лёву ў палату — «мацярынскую».

«Мацярынская» — невялікі пакой на дзвюх-трох жанчын. У нашым блоку — тры пакоі. Немаўляты спяць у адмысловых мабільных ложачках. У Лёвы быў нават з падагрэвам. У заўчасна народжаных дзяцей слабы механізм тэрмарэгуляцыі, таму яны патрабуюць больш цяпла.

Той самы ложак з падагрэвам. Святкуем дзень народзінаў — першы месяц.

Той самы ложак з падагрэвам. Святкуем дзень народзінаў — першы месяц.

Мая суседка, таксама Насця, ляжыць адна — забраць дачку ў палату ёй дазволяць няхутка, бо дзяўчынка вельмі слабая. Насця некалькі разоў на дзень сцэджвае малако і ходзіць карміць малую на пост.
У суседніх пакоях жывуць жанчыны з блізнятамі: у адной — двое хлопчыкаў, у другой — тройня, два хлопчыкі і дзяўчынка. І гэта яе, адпаведна, сёмае, восьмае і дзявятае дзіцё! Кажа, вырашылі з мужам нарадзіць апошняга і спыніцца, а атрымаліся трое.

Штовечар мы прывозім дзяцей на пост, дзе іх узважваюць, выконваюць медычныя прызначэнні. Вага — гэта важна. Калі дзіцё не набірае вагу ці, крый Божа, губляе хоць 5 грамаў — гэта сапраўдная трагедыя для маці і нагода для слёз.

Акрамя хвалявання за здароўе і стан дзіцяці цяжка было пераносіць ізаляцыю. Канешне, можна было выскачыць на некалькі хвілінаў у фае да Глеба ці мамы, пакінуўшы малога на суседку ці на пасту. І сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць быць на сувязі анлайн. І ўсё ж большую частку часу ў бальніцы застаешся сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі. І прафесійнай псіхалагічнай дапамогі тады, па шчырасці, бракавала.

Але, з іншага боку, «на волі», заставаліся людзі, якія таксама перажывалі гэтую сітуацыю. Пісалі, тэлефанавалі. Увесь гэты час Глеб разрываўся паміж мною (намі) у бальніцы, працай, хворай маці і незавершаным рамонтам. Я шчыра не ўяўляю, як у яго хапала сіл і часу на ўсё гэта. Калі я трапіла ў рэанімацыю, менавіта Глеб дамогся, каб мой стан пачалі кантраляваць. Думаю, увесь цяжар хваляванняў ён падзяліў са мной напоўніцу. Вельмі дапамагала мая мама, апроч іншага яна рабіла ўсё, каб у бальніцы мне было як мага камфортна, штодня прывозіла хатнія смакоцці. А былая калега, калі даведалася, павіншавала паштоўкай і перадала цэлую кучу дзіцячых рэчаў. Гэта было нечакана і кранальна.
 

Страшныя дыягназы

У бальніцы кожнага дзіцёнка пільна абследуюць. І амаль у кожнага выяўляюць адхіленні, уласцівыя неданошаным дзецям. Кісты ў мозгу, праблемы з унутранымі органамі, рэтынапатыя.

У нашай картцы таксама былі страшныя дыягназы, і нам казалі, што мінімум да паўтара гадоў мы будзем разбірацца з імі. Пасля выпіскі знайшлі добрага неўролага. З часам большая частка дыягназаў знікла. У чатыры месяцы на чарговым прыёме ў педыятра мы пачулі, што Лёва трапляе ў ніжнюю граніцу нормы фізічнага развіцця. У год ён адштурхнуўся ад сцяны і пайшоў. У чатыры з паловай — Лёва разумны, энергічны хлопчык з багатай фантазіяй, які мала чым адрозніваецца ад аднагодкаў, ну хіба больш кампактны. Пэўна, нам пашанцавала. Дый Лёва з першых хвілін жыцця паказаў сябе сапраўдным змагаром — усё ж мы далі яму моцнае імя.

Лёвусю два месяцы

Лёвусю два месяцы

Чатыры гады

Так, ён ходзіць у лагапедычную групу, ёсць пэўныя неўралагічныя і псіхалагічныя пытанні. Але ён ёсць — і здаровы, наколькі могуць быць здаровымі дзеці ў Беларусі. Здаецца, усё скончана? Некалькі месяцаў таму на прыёме ў дзіцячага псіхолага мы з Глебам даведаліся, што намі дагэтуль пануе страх страты дзіця. А значыць, гэтая гісторыя для нас яшчэ працягваецца.  

Фота з сямейнага архіву

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!