«Я магу ўжо не ўбачыць бабулю». Дзяўчыне, якая распісала шчыты амапаўцаў, далі 2 гады, хлопцу — 1,5 года

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў 2 гады пазбаўлення волі для Соф’і Малашэвіч шляхам складання пакарання за тры артыкулы, і паўтара года для Ціхана Клюкача, у якога засталося абвінавачанне толькі паводле аднаго артыкулу, піша Свабода.


18-гадовыя Соф’я Малашэвіч і Ціхан Клюкач у 2020 годзе паступілі ў берасьцейскі каледж бытавога абслугоўвання.

6 верасня Соф’я загітавала Ціхана паехаць у Мінск на марш. Каля палаца Незалежнасці Соф’я распісала фарбай з балончыка шчыты амапаўцаў і сістэму «Рубеж», танчыла, а Ціхан здымаў гэта на відэа. У выніку Ціхана затрымалі, а Соф’я сама паехала ў Цэнтральнае РУУС вызваляць Ціхана.

Пазней абаіх выключылі з каледжа, завялі крымінальную справу. Соф’ю Малашэвіч абвінавацілі ў злосным хуліганстве (частка 2 артыкула 339 КК) і ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Акрамя таго, выставілі абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368) — за плакат на адной з акцый, які быў у яе руках. Ціхана спачатку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: 2-й часткі 339-га і 342-га.

Праваабаронцы прызналі Соф’ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача палітзняволенымі.

Ціхан асноўную віну ўзяў на сябе, Соф’я прасіла не караць хлопца турмой

Падчас следства асноўную віну Ціхан узяў на сябе: маўляў, ён наносіў фарбу на шчыты. На судзе хлопец сказаў, што «кожны прыстойны чалавек так бы зрабіў». Але МУС апублікавала відэа, якое зьняпраўджвае гэта.

Падчас суду пракурор зняла абвінавачанні Ціхана Клюкача паводле ч. 2 арт. 339, а таксама перакваліфікавала дзеянні Соф’і з 2-й часткі артыкулу 339 на частку 1.

Ціхан у апошнім слове папрасіў прабачэння перад маці і бабуляй, што прынёс ім шмат гора, а таксама раскаяўся ў сваіх дзеяннях.

У сваім апошнім слове Соф’я прасіла не караць Ціхана пазбаўленнем волі.

«Я хацела б папрасіць суд не караць як мінімум Ціхана: яму проста спадабалася прыгожая дзяўчына і ён захацеў праводзіць мяне на мітынг.

Ён дзесяць тысяч разоў — я вам клянуся — угаворваў мяне адысці ад загароды. Я думаю, двух месяцаў у СІЗА дастаткова, каб зразумець, што нікуды хадзіць не трэба і да платоў падыходзіць таксама не трэба. Я таксама адседзела два месяцы ў СІЗА і за гэты час зразумела, што турма ніяк не выправіць чалавека, яна зробіць толькі горш... Я вам клянуся, што ён не заслугоўвае такога пакарання», — эмацыйна казала Соф’я.

Сваю віну дзяўчына прызнала і папрасіла пакараць яе «хіміяй», бо мае хворую бабулю, якой 88 гадоў.

«Я не буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасце мне тэрмін, я магу ўжо не ўбачыць бабулю. Можна нават даць „хімію“ з большым тэрмінам, чым просіце пазбаўлення волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю», — казала 18-гадовая дзяўчына.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: