«Я павінна праз усё гэта прайсці, каб проста быць шчаслівай»

Палітвязню Яўгену Бароўскаму 2 красавіка прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму. За тры дні да гэтага Яўген і яго дзяўчына Вераніка пабраліся шлюбам у СІЗА №1 на Валадарскага. Вераніцы 20 гадоў, Яўгену на 10 больш, але іх яднае тое, што абодвум з самага дзяцінства выпалі цяжкія выпрабаванні.

Вераніка. Фота Яны Трусіла

«Жэню забралі»

Вераніка сама прапануе падзяліцца іх гісторыяй — Яўген прасіў, каб яна ўсім распавядала пра тое, што ён сядзіць ні за што. Але словы даюцца дзяўчыне няпроста. У свае 20 гадоў Вераніка вельмі стрыманая і нібыта паглыбленая ў сябе — так бывае ў людзей, якія прывыклі пры вырашэнні праблем разлічваць толькі на сябе. Моц характару Веранікі праявілася і ў тым, што год таму яна сама зрабіла першы крок у знаёмстве з Яўгенам. Яе захапіла тое, што ён старэйшы і больш дасведчаны за яе, побач з ім яна адчувае: ёй ёсць куды расці.

Яе каханы — спакойны, добры і спагадлівы хлопец, які заўжды прыйдзе на дапамогу. Ён працаваў на будоўлях, цікавіўся футболам, беспамылкова мог назваць даты падзелаў Рэчы Паспалітай. Аднойчы Яўген абмовіўся, што марыць пра 11-ы Айфон, і Вераніка набыла яго для хлопца — таму што мары павінны здзяйсняцца, хаця ў яе гэтага ніколі не было. Але новым тэлефонам Яўген так і не паспеў скарыстацца — бо народзіны 30 кастрычніка сустрэў у СІЗА.

— Калі яго забралі 15 кастрычніка, я падумала, што з мяне жартуюць. Я была дома, чакала, калі ён вернецца з працы, прыгатавала ежу. І тут заходзіць яго сябра, з якім ён паехаў на працу, увесь трасецца і кажа: «Жэню забралі», — узгадвае Вераніка.

Пасля працы хлопцы зайшлі ў краму, а на выхадзе Яўгена скруцілі пяць чалавек у балаклавах, збілі і забралі — пазней выявілася, што гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Потым у кватэру да Веранікі і Яўгена прыехалі з ператрусам, але забралі толькі Яўгенавы красоўкі. Знаёмы, блізкі да сілавых структур, казаў дзяўчыне, каб яна не перажывала — затрыманага патрымаюць пару тыдняў і адпусцяць. Але ўвечары па беларускім тэлебачанні выйшаў пастановачны рэпартаж, дзе Яўген дае паказанні.

Яўгена Бароўскага абвінавацілі ў тым, што 11 кастрычніка ў раёне метро «Пушкінская» ён і яшчэ трое мужчын перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Хаця на прадастаўленых відэа бачна, што Яўген стаіць убаку ад амапаўцаў.


— Яго сябра, Паша, які паклікаў яго на мітынг, стаў хавацца, а потым даў ілжывыя паказанні. Цяпер ён у Польшчы, — гаворыць дзяўчына. — У той дзень Жэня не хацеў ісці ні на які мітынг, ён хацеў пабыць дома. Яму Паша тэлефанаваў і заахвочваў. Яны схадзілі ў кавярню, потым я тэлефанавала яму, ён казаў, што на «Пушкінскай» і не ведае, як будзе дамоў дабірацца — тут такое робіцца… Я ведаю, што яны недзе хаваліся, а потым ён прыехаў дамоў увесь напалоханы, гаворыць: «Мяне на відэа запісалі, напэўна, мяне пасадзяць». Я падумала — што за трызненне: на тым відэа ён нічога не робіць, проста стаіць, махае рукамі. Але ў выніку сямі супрацоўнікам трэба заплаціць па 3000 рублёў кампенсацыі, хаця нічога не зафіксавана, пабояў яны не здымалі.

Затое самому Яўгену ў бусе неаднаразова «прылятала» дубінкай: супрацоўнікі задавалі пытанне, давалі 5 секунд на адказ, і калі ён казаў не тое, што ад яго хацелі пачуць, — білі. Пра гэта вязень заявіў на судзе.

На дзень народзінаў прапанаваў ажаніцца

— Я прыйшла на суд, як у цырк. Яму ў віну паставілі тое, што ён прыняў баявую стойку і тым самым напалохаў супрацоўнікаў. І за гэта — 4 гады і выплачваць маральную шкоду супрацоўнікам і «Мінсктрансу»? — усё яшчэ здзіўляецца абсурднаму выраку Вераніка.

Па яе словах, Яўген значна змяніўся за тыя паўгода, што знаходзіцца за кратамі, спачатку моцна перажываў, але цяпер стан яго больш-менш спакойны і бадзёры. Яўген упэўнены, што не будзе сядзець увесь прызначаны яму тэрмін.

— Ён ніколі не хацеў аказацца ў турме. У яго ў жыцці было не ўсё гладка, ён рос у дзіцячым доме: маці памерла, калі яму было сем гадоў, а бацьку пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Нягледзячы на тое, што стасункі з бацькам вязень не моцна падтрымліваў, для яго стала ўдарам вестка пра яго смерць, якая прыйшла, калі Яўген знаходзіўся за кратамі.

— Але ён трымаецца, ён дастаткова моцны. Канешне, яму цяжка ўсведамляць, што ён знаходзіцца за кратамі ні за што. Ён спадзяваўся, што яму дадуць «хімію» ці хаця б два гады, але ніяк не чатыры.

Вераніка ўвесь час падтрымлівала Яўгена ў лістах, і 14 студзеня, на яе дзень народзінаў, вязень прапанаваў ёй стаць яго жонкай. Вераніка пагадзілася. Гаворыць, што ўсведамляе: ёй давядзецца чакаць каханага і пераадольваць мноства цяжкасцяў, і гатовая да гэтага, бо разумее, для чаго гэта робіць.

— У мяне ёсць прыклад маёй прабабулі, якая распавядала, як чакала з вайны мужа і двух сыноў. Яна чакала іх да апошняга дня, не выйшла потым замуж — верыла, што муж вернецца. Я ёй ганаруся, што яна настолькі моцная і ўсё гэта вытрымала.

Вераніка. Фота Яны Трусіла

Вераніка. Фота Яны Трусіла



Зорка Венера

Сама Вераніка нарадзілася ў Навагрудку, пражыла там тры гады, пасля сям’я пераехала ў вёску. Калі дзяўчынцы было 10 гадоў, маму пазбавілі бацькоўскіх правоў, і яе з малодшым братам забраў тата.

Бачачы з самага дзяцінства крыўду і несправядлівасць, такія людзі, як Вераніка і Яўген, не могуць праходзіць міма яе ў жыцці. Менавіта таму, мяркуе дзяўчына, Яўген трапіў у тыя падзеі на «Пушкінскай»: ён не мог дапусціць, каб крыўдзілі безабароннага чалавека.

Яўген Бароўскі

Яўген Бароўскі

Выпрабаванні, праз якія цяпер даводзіцца праходзіць, змянілі стасункі пары.

— Я стала значна мацнейшай, чым была, раней я не думала, што здольная на нейкія ўчынкі дзеля мужчыны, але цяпер я разумею, што ён гэтага заслугоўвае, — прызнаецца Вераніка. — Я цяпер проста не ўяўляю жыцця без гэтага чалавека. У адным з лістоў ён мне напісаў: «Калі ты стомішся чакаць, падумай пра тое, што было б нашмат горш, калі б чакаць не было чаго».

Вераніка неаднойчы ўяўляла дзень, калі Яўген выйдзе з турмы. Яшчэ перад абвяшчэннем прысуду яна сасніла, што каханага вызваляць у зале суда. На жаль, сон не спраўдзіўся. Але дзень вызвалення ўсё роўна настане.

— Калі ён выйдзе, я яго абдыму з усёй моцы. Гэта будзе найлепшы дзень, апроч дня роспісу — хоць такога сабе, але ўсё роўна свята, — дзеліцца дзяўчына.

Для яе дзень вяселля ў СІЗА запомніўся як рамантычны, нягледзячы на абставіны і на тое, што паразмаўляць з мужам ёй дазволілі ўсяго 5 хвілін. Нават за гадзіннае спатканне яна не паспявае сказаць яму ўсё, што хоча.
Дый цяпер, праз газету, Вераніка перадае каханаму, каб ён трымаў сябе ў руках і памятаў, што ні ў чым не вінаваты. А яна зробіць усё, што можа, каб яму дапамагчы, і заўсёды яго падтрымае. «Ну і кахаю яго вельмі моцна і спадзяюся на хутчэйшае вызваленне», — дадае дзяўчына.

Вераніка. Фота Яны Трусіла

Вераніка. Фота Яны Трусіла



Ужо пасля нашай сустрэчы Вераніка дашле мне верш Максіма Багдановіча «Зорка Венера». І патлумачыць: для яе гэта сімвал таго, што дзе б ні знаходзіліся людзі, каханне паміж імі ўсё роўна застаецца. У Веранікі і Яўгена яно ўзаемнае, і, спадзяецца дзяўчына, іх зорка Венера не згасне ніколі.

Як дапамагчы Вераніцы і Яўгену

Падчас размовы ў Веранікі на вачах некалькі разоў з’яўляюцца слёзы. Яна прызнаецца: вельмі сумуе па Яўгену, асабліва па вечарах, калі прыходзіць дадому, а яго няма. Разам з Веранікай па гаспадару сумуе і іх кот.
Але такі стан дзяўчыну ахоплівае ненадоўга: яна адчувае ў сабе сілы з усім справіцца.

 — Я павінна праз усё гэта прайсці, каб проста быць шчаслівай, — усміхаецца яна.

Вераніка дзякуе ўсім, хто яе падтрымлівае, — гэта надае сілы.

— Канешне, хочацца, каб нешта змянілася ў нашай дзяржаве, каб не было такога беззаконня. Я працую ў краме і пастаянна бачу, як злодзеі нешта крадуць, іх забірае міліцыя, складаюць пратакол, да скрыжавання давозяць і выкідваюць. І яны прыходзяць на наступны дзень, і ўсё паўтараецца. А чаму я павінна аплачваць недастачу потым? Справядлівасці ніякай, нават штрафам не караюць іх. А калі чалавек выказаў сваё меркаванне — яго судзяць. У дзяцінстве вучылі, што трэба быць справядлівым, сумленным і выказваць, што думаеш, — гаворыць Вераніка, якая не спадзяецца на тое, што ў Беларусі нешта зменіцца ў бліжэйшы час.

Вераніка. Фота Яны Трусіла

Вераніка. Фота Яны Трусіла



Дзяўчына запэўнівае, што ніякай дапамогі пакуль ёй не трэба, адзінае, яна шукае жыллё. Пакуль яна здымае пакой у кватэры, дзе, апроч яе, жывуць іншыя людзі, якія часта бываюць нецвярозымі і могуць нават ужываць сілу. Таму, калі нехта з нашых чытачоў ведае, дзе знайсці пакой для Веранікі, просім звяртацца ў рэдакцыю.

Таксама вы можаце падтрымаць Яўгена лістом: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Бароўскаму Яўгену Леанідавічу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: