«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі

«Я вельмі баюся, што Ігар можа не адчуць той мяжы, калі ў арганізме пачнуць адбывацца нейкія сурʼёзныя змены, — кажа Дар’я Лосік. — Я размаўляла з дактарамі, пытала, як галадоўка ўплывае на арганізм. Мне сказалі, што першым у такой сітуацыі церпіць сэрца, і больш за 20 дзён — гэта ўжо сурʼёзны тэрмін, калі могуць пачацца сурʼёзныя змены ў арганізме. І выходзіць з такой працяглай галадоўкі будзе вельмі цяжка», — расказала Белсату жонка палітвязня Ігара Лосіка
Дар’я i Паўліна Лосік. Фота: ТК / Белсат

Дар’я i Паўліна Лосік. Фота: ТК / Белсат

Ігар галадае ўжо 24 дні і пакуль не збіраецца спыняцца, кажа ягоная жонка Дар’я. З турмы ён піша, што ўжо не адчувае голаду. Дар’я вельмі перажывае, як гэта ўсё адабʼецца на здароўі мужа, але разумее, што для Ігара гэта адзіны спосаб выказаць нязгоду з абвінавачаннем. З моманту затрымання мужа кожны дзень жыцця Дар’і прысвечаны барацьбе за вызваленне і вяртанне Ігара ў сямʼю.

«Няхай возьме грошы на талончык: ён вернецца дамоў»

Ігар Лосік застаецца за кратамі ўжо больш за паўгода. Яго затрымалі яшчэ 25 чэрвеня на вачах жонкі. Згадваючы той дзень, Дар’я кажа, што ён перавярнуў усё ейнае жыццё і змяніў яе саму.

«Усё адбывалася вельмі нечакана, — кажа дзяўчына. — Мы вярталіся дамоў са шпацыру і сустрэлі на лесвічнай пляцоўцы міліцыянтаў, іх было шмат, чалавек 10—12. Яны паказалі пастанову і сказалі, што мусяць у нас правесці ператрус».

Забралі тэхніку ды Ігара. Дар’я кажа, што на ўсё жыццё запомніць, як ёй тады сказалі, каб муж узяў «грошы на талончык», бо ў міліцыі толькі падпіша тлумачэнні і вернецца дамоў. Не вярнуўся дасюль. Ігару Лосіку выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Калі скончыўся тэрмін утрымання пад вартаю паводле гэтага артыкулу, дадалі новы: ч. 2 арт. 293 КК РБ «Масавыя закалоты».

 

Дар’я Лосік. Фота: ТК / Белсат

Калі чакаць суда, невядома. Скаргі на ўтрыманне пад вартаю выніку не далі. Разгляд чарговай такой скаргі адбудзецца ў панядзелак 11 студзеня.

 

«Галадаванне — адзіны спосаб выказаць нязгоду»

Каб выказаць сваю нязгоду з абвінавачаннем і зняволеннем, Ігар пайшоў на скрайні крок — абвясціў галадаванне. Дар’я падтрымлівае мужа ды разумее яго, але і баіцца наступстваў.

«Галадаванне — адзіны спосаб, які яму застаўся, каб выказаць свой пратэст супраць беззаконня, — кажа жонка Ігара. — Ягоны пераслед палітычна матываваны, усе абвінавачанні сфальсіфікаваныя, ён не вінаваты ў тым, што яму выстаўляюць, але яго ніхто не чуе. Што яму застаецца рабіць?»

Жонка палітвязня хоча верыць, што такім чынам мужу ўдасца дабіцца справядлівасці, што ўрэшце ён спыніць галадаванне.

 

Дар’я Лосік. Фота: ТК / Белсат


«Кожную раніцу я прачынаюся і думаю, як там мой муж, што з ім адбываецца. Вельмі перажываю, што яму не нададуць кваліфікаванай медычнай дапамогі, калі яна яму спатрэбіцца», — адзначае Дар’я.

Разам з бацькамі жанчына пераконвае мужа спыніць галадаванне, але, кажа, у Ігара такі характар: калі ён нешта вырашыў, то назад адступаць не будзе.

«Нашай дачцэ патрэбны тата, а мне — муж, — кажа Дар’я. — Штораз у лістах я прашу яго спыніцца і праз адваката кажу: хопіць, ты ўжо дастаткова ўсім паказаў і даказаў».

 

Мусіла спыніць галадаванне, бо адказваю не толькі за сябе

У лістах Ігар піша, што ягоны стан добры, ён ужо не адчувае голаду. Яму рэгулярна мераюць ціск, узважвалі, бралі кроў на аналіз.

 

Дар’я i Паўліна Лосік. Фота: ТК / Белсат

 

«Я вельмі баюся, што добры стан можа быць ілюзіяй, што Ігар можа не адчуць той мяжы, калі ў арганізме пачнуць адбывацца нейкія сурʼёзныя змены, — кажа Дар’я. — Я размаўляла з дактарамі, пытала, як галадоўка ўплывае на арганізм. Мне сказалі, што першым у такой сітуацыі цярпіць сэрца, і больш за 20 дзён — гэта ўжо сурʼёзны тэрмін, калі могуць пачацца сурʼёзныя змены ў арганізме. І выходзіць з такой працяглай галадоўкі будзе вельмі цяжка, гэта не будзе проста так, што сеў і паеў, а кропельніцы, асаблівы рэжым харчавання. Гэта ўсё вельмі цяжка і страшна».

Каб падтрымаць мужа, Дар’я паспрабавала галадаць разам з ім. Кажа, што пратрымалася шэсць дзён. Была вымушаная спыніцца, бо на ейную сямʼю пачалі ціснуць. Жанчына не ўдакладняе, толькі падкрэслівае, што нясе адказнасць не толькі за сябе.

 

Дар’я Лосік. Фота: ТК / Белсат


«Я стала больш моцнай і смелаю»

Кажучы пра сваё жыццё цягам апошніх шасці месяцаў, Дар’я Лосік адзначае, што кожны дзень зрабіўся падобны да папярэдняга. Вельмі шмат часу займаюць паездкі да Ігара, распаўсюд інфармацыі пра яго. Да галадавання часта збірала харчовыя перадачы мужу: хадзіла ў краму, потым наразала прадукты, якія можна нарэзаць.

Дарʼя стараецца вылучаць асобныя дні і праводзіць іх толькі з дачкой, якая вельмі сумуе без таты.

 

Паўліна Лосік. Фота: ТК / Белсат

«Магчыма, я стала ў нейкай ступені больш моцнай і смелаю, бо, калі б мне сказалі раней, што я буду гэта рабіць, я падумала б, што вы жартуеце», — кажа Дар’я пра тое, як яе змянілі апошнія паўгода. І дадае, што не ведае, як бы трымалася, калі б не клопат як блізкіх, гэтак і цалкам незнаёмых людзей.

«Мне пішуць вельмі шмат асобаў, з некаторымі мы за гэты час нават пасябравалі, — апавядае Дар’я. — На Новы год Паўліне прыслалі падарункі. І цяпер нядаўна, 4 студзеня, у яе быў дзень народзінаў, ёй споўнілася два гады, я на пошце забрала тры вялізныя пасылкі кілаграмаў на шэсць. Гэта прыслалі цалкам незнаёмыя нам людзі. Гэтая неймаверная салідарнасць вельмі ўзрушвае і дае штуршок нешта рабіць далей».

 

Фота: ТК / Белсат

Двухгадовая Паўліна сумуе па тату, памятае яго. Але адначасова жонка палітвязня радуецца, што дачка яшчэ вельмі маленькая і пакуль не пытае, дзе тата. Дар’я не ведае, як бы распавядала, што такое турма, чаму тату забралі. Пакуль яна кажа, што ён проста з’ехаў. А Паўліна паказвае на неба, нібыта тата зляцеў самалётам. Жанчыне цяжка казаць пра дачку, адзначае, што і сама за паўгода больш-менш супакоілася, але калі думае і апавядае пра тое, як дзіцяці не стае таты, да горла падступае камок:

«Паўліна робіць выгляд, што тэлефануе тату, разглядае ягоныя здымкі. А ў першыя дні яна ўсё хадзіла і казала: «Тата, ку-ку». Яна памятае ягоную вопратку. У нас на вешалцы ў калідоры вісіць мая вопратка ды ягоная, і яна выдатна ведае, што ён апранаў, падыходзіць і кажа: «Гэта таты».

 

«Ігар — ідэальны муж і тата»

Пазнаёміліся Дар’я з Ігарам даўно, першы раз сустрэліся 28 лістапада 2009 года. А да гэтага цягам трох месяцаў ліставаліся.

«Я тады стварылі старонку ў сетцы «УКантакце», і Ігар цалкам выпадкова стаў маім першым сябрам, — згадвае жонка палітычнага вязня. — Мы пачалі перапісвацца, а потым ён прапанаваў сустрэцца, так усё і пачалося».

 

Дарʼя і Ігар. Фота з асабістага архіву

Дар’я тады толькі паступіла на першы курс Баранавіцкага ўніверсітэту, Ігар вучыўся ў Менску. Але пасля першага курсу ён забраў дакументы і паступіў у БарДУ на выкладчыка англійскай і нямецкай моваў: не мог жыць у Менску без Дар’і ды бачыцца толькі ў выходныя. Пасля ўніверсітэту Ігар стаў пазаштатным кансультантам радыё «Свабода».

Ажаніліся Ігар і Дар’я 9 лютага 2013 года. Паўліна — запланаваная і доўгачаканая дачка. Ігар заўсёды хацеў менавіта дачку, сам выбіраў ёй імя.

 

 

«У нас вельмі добрая сям’я, ніколі не было ніякіх канфліктаў, — кажа Дар’я. — Мы ўсё вырашаем разам. Ігар — выдатны бацька і муж. Для мяне ён ідэальны: добры, мяккі, заўсёды ўмее знайсці кампраміс».

 

«Калі спатрэбіцца — буду чакаць гадамі. І змагацца»

Дар’я не збіраецца з’язджаць, пакуль Ігар тут, за кратамі, як бы на яе ні ціснулі: «Я ягоная жонка і не кіну яго. Я прыкладаю і буду прыкладаць усе намаганні, каб яго вызваліць і каб пра ягоную гісторыю даведаліся як мага больш людзей. А калі спатрэбіцца, я буду чакаць яго гадамі. Чакаць і змагацца».

 

Фота: ТК / Белсат

За ўсе шэсць месяцаў Ігару і Дар’і не далі ніводнай сустрэчы. Сваю сямʼю ён цяпер бачыць толькі на здымках, якія шле ў лістах жонка.

«Пра Паўліну Ігар піша, што яна вельмі вырасла за гэты час: маўляў, калі яго забіралі, была маленькая, а цяпер ужо сапраўднаю прынцэсаю стала», — распавядае Дар’я.

Таксама Ігар піша, што вельмі ганарыцца беларусамі, тым, што яны здолелі аб’яднацца пасля выбараў і гвалту сілавікоў 9—12 жніўня, што выходзілі на вуліцы.


За шэсць месяцаў Ігар атрымаў больш за тысячу лістоў

Палітвязень атрымлівае шмат лістоў ад неабыякавых людзей з розных куткоў свету. Толькі ў першы панядзелак новага года яму прынеслі 60 лістоў. А агулам у яго іх ужо больш за тысячу.

 

Дар’я Лосік з партрэтам мужа. Фота: ТК / Белсат

«Ён захоўвае лісты ў спартовай торбе і кажа, што яна ўжо вельмі цяжкая, — зазначае Дар’я. — Думае, як перадаць гэтую торбу мне».

На ўмовы Ігар цяпер не скардзіцца. Сорак дзён ён правёў у напалову склепавай камеры, у якой бегалі мышы ды смярдзела прыбіральняю. Цяпер яго перавялі ў лепшыя ўмовы, нават мае тэлевізар. З сукамернікамі стасункі добрыя, адзін намаляваў партрэт Ігара, гэтак Дар’я змагла ўбачыць мужа ўпершыню за паўгода.

 

Фота: ТК / Белсат

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і фрылансер-кансультант беларускай службы радыё «Свабода» Ігар Лосік утрымліваецца ў турме ў Жодзіне. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала мужчыну палітычным вязнем.

 

Ганна Ганчар, blstv.eu, фота ТК belsat.eu

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: