«Я ўбачыла, што ў мужа з рота язык выпаў і ён не дыхае». Што здарылася ў Новай Баравой, дзе супраць пенсіянера ўжылі задушлівы прыём

Пятніцкая сустрэча суседзяў жылога комплексу Новая Баравая для 64-гадовага Аляксандра скончылася паездкай у бальніцу. Пенсіянер пацярпеў, калі не даваў сілавікам забраць калонку, з якой гуляла музыка. Мужчына страціў прытомнасць, яго павезлі на хуткай. TUT.BY даведаўся падрабязнасці гэтай гісторыі.


23 кастрычніка каля васьмі вечара на галоўнай плошчы Новай Баравой павінен быў выступіць беларускі калектыў Dzivasil, мерапрыемства шырока не анансавалася. Тым не менш яшчэ да выступу на пляцоўку прыехалі супрацоўнікі Бараўлянскага аддзелу міліцыі — іх пазналі жыхары раёна. Клапоцячыся пра бяспеку артыстаў, мясцовыя вырашылі перанесці канцэрт на іншую дату.

Але самі суседзі разыходзіцца не сталі, вырашылі паслухаць музыку і праз калонку ўключылі "Ляпісаў". Тады, па словах мясцовых жыхароў, патрульныя і невядомыя ў масках вярнуліся і запатрабавалі выключыць музыку. З іх слоў, хтосьці з жыхароў мікрараёна тэлефанаваў у міліцыю і скардзіўся на шум.

Зрэшты мясцовыя сумняваюцца, што званок сапраўды быў.

— Па-першае, гэта наша галоўная плошча, тут заўсёды грае музыка і значна гучней, нават ад самога "А100" (забудоўшчык жылога комплексу. — TUT.BY), — падзялілася з TUT.BY сведка ўчорашняй гісторыі.

Жанчына паказвае і на тое, што тады яшчэ не было і дзевяці вечара, а значыць закон яны не парушылі.

У адказ на пытанне мясцовых, чаму нельга слухаць музыку ў раёне дзевяці вечара, супрацоўнікі папрасілі некаторых з іх "прайсці ў аддзяленне" і паспрабавалі забраць калонку. Сітуацыя напальвалася. Трое суседзяў, у тым ліку 64-гадовы Аляксандр, сталі перад калонкай, усталяванай на даху велабокса, і не давалі міліцыі яе зняць. Невядомыя ў масках сталі сцягваць мужчын з імправізаванай сцэны, а супраць пенсіянера, са слоў сведак, ужылі задушлівы прыём: Аляксандр страціў прытомнасць і ўпаў. Жанчыны кінуліся на міліцыянтаў з крыкамі: "Што вы робіце?».

— Гэта было дзіка: я ўбачыла, што ў мужа з рота язык выпаў і ён не дыхае. Суседзі пачалі так гучна крычаць, што людзі ў балаклавах разбегліся, — успамінае Наталля, жонка Аляксандра.

На месцы інцыдэнту была медык — жанчына знаходзілася ў першым шэрагу ля сцэны. Яна распавяла TUT.BY, што бачыла, як скручвалі Аляксандра.

— Я бачыла, як у яго пасінеў твар, вылез язык. Як медык, я ведаю прыкметы ўдушша, гіпаксіі. Я тады падышла бліжэй да Аляксандра, нашы хлопцы пачалі адбіваць яго ў сілавікоў. Тыя яго адпусцілі, я прасіла яго павярнуць на спіну, каб аказаць першую дапамогу. Пачала прамацваць пульс — балазе, ён сам стаў трохі рухацца. Сардэчна-лёгачная рэанімацыя, якую я гатова была рабіць, не спатрэбілася.

Сілавікі адышлі ў бок, сталі камусьці тэлефанаваць. Хуткую выклікалі мясцовыя жыхары: Аляксандра забралі ў 5-ю гарадскую клінічную бальніцу на Філатава. У медустанове ў пенсіянера ўзялі аналізы, яму зрабілі КТ сасудаў шыі і галавы і рэнтген. У выпісцы Аляксандра пазначана: «Сінкопальны стан (прытомнасць) і гіпертанічны крыз».

Муж і жонка начавалі дома, цяпер Аляксандр адчувае сябе нармальна. Тое, што здарылася яны называюць правакацыяй.

— Мы думаем, што гэта проста ціск на двары, каб людзі не збіраліся. Але мы маем права збірацца ў пэўны час — да 22 гадзін. Тым больш Новая Баравая — малады раён, у нас ёсць спецыяльная плошча для сустрэч людзей, для зносін. Учора прыйшло шмат моладзі, сем'яў з дзецьмі.

Пісаць заяву ў міліцыю пара не збіраецца — у мэтах бяспекі, кажа Аляксандр. А вось іх суседзі ўжо падалі калектыўную скаргу ў Бараўлянскі аддзел міліцыі: у ёй паведамляецца пра «ўжыванне грубай фізічнай сілы (удушша)», заяву падпісалі 13 чалавек (фота звароту ёсць у рэдакцыі). Але калектыўная прэтэнзія сілы не мае, калі няма заявы ад пацярпелага, перадае Наталля словы ўчастковага.

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама пракаментавала сітуацыю. Публікуем адказ цалкам.

— Учора а 20.25 у АДС Бараўлянскага аддзела міліцыі паступіў тэлефонны званок ад жыхара мікрараёна Новая Баравая. Грамадзянін паведаміў, што ў двары вельмі гучна грае музыка, шумяць і перашкаджаюць адпачываць. Таксама ён адзначыў, што падобнае адбываецца ўжо неаднаразова і многія жыхары ўжо стаміліся ад «сходаў». Для разбору былі накіраваны супрацоўнікі Бараўлянскага АМ. Прыбыўшы ў двор, міліцыянты ўбачылі калонку, з якой гучна грала музыка. З мэтай выявіць уладальніка калонкі, каб папрасіць яго зрабіць музыку цішэй і не перашкаджаць адпачываць іншым жыхарам двара, супрацоўнікі пачалі прасоўвацца да апаратуры, у надзеі што ўладальнік сам падыдзе да іх. Урэгуляваць канфлікт праваахоўнікі мелі намер гутаркай і просьбай зрабіць музыку цішэй.

У гэты момант шлях заступіў мужчына. Ён не пазіцыянаваў сябе ўладальнікам калонкі, але ў вельмі грубай форме патрабаваў, каб супрацоўнікі пакінулі двор. Мужчыну прасілі адысці, аднак той адмаўляўся. Тады яго ўзялі пад рукі, каб адвесці ў бок. Затрымліваць мужчыну не збіраліся. У гэты момант грамадзянін павіс на руках супрацоўнікаў. Выказаўшы здагадку, што яму стала дрэнна і ён страціў прытомнасць, мужчыну сталі аказваць першую дапамогу. Пры гэтым навакольныя грамадзяне негатыўна выказваліся ў бок праваахоўнікаў і спрабавалі іх правакаваць. Але ніхто нават не імкнуўся дапамагчы грамадзяніну. Супрацоўнікі міліцыі перадалі мужчыну медработнікам.

Цяпер Бараўлянскім аддзелам міліцыі праводзіцца праверка. Мужчына са скаргай на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не звяртаўся.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: