«Я веру, што ў гэтым годзе ён будзе дома»

Палітвязень Раман Канановіч асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за тое, што 10 жніўня ў раёне метро «Пушкінская» паспрабаваў адцягнуць агароджу, якая замінала прайсці. Яго дзяўчына Валерыя распавяла «Новаму Часу», чаму пайшла на шматлікія курсы, як вучыць каханага французскай мове, рыхтуецца да вяселля і якім уяўляе дзень вызвалення.

Раман і Валерыя разам амаль два гады. Як распавядае дзяўчына, гэта было каханне ледзь не з першага позірку.

— Гэта было адно з найлепшых спатканняў у маім жыцці, — узгадвае Валерыя першую сустрэчу з Раманам. — Ён адвёў мяне на дамбу, там быў вельмі прыгожы краявід, зладзіў пікнік. Мы сядзелі ўсю ноч. Яшчэ адзін момант, які падкупіў: мы з ім жылі ў розных частках горада. Ён выклікаў таксоўку і спачатку адвёз дадому мяне, а потым паехаў да сябе. Рома — джэнтльмен, а яшчэ ён вельмі добры, крыху рассеяны, камунікабельны, заўжды ўсім дапамагае.


Абвінавачанне пабудавана на фотаздымку

Раман Канановіч працуе праграмістам, вельмі захоплены сваёй прафесіяй і палітыкай ніколі не цікавіўся. Але хацеў развіваць сваю краіну і разумеў, што вынікі выбараў 9 жніўня — хлусня. Увечары 10 жніўня ён быў у сваякоў у раёне станцыі метро «Пушкінская» і выйшаў на вуліцу, каб ісці дамоў. Гэтага хапіла, каб трапіць пад крымінальны пераслед. Валерыя распавядае, што ўсё абвінавачанне будавалася вакол аднаго фотаздымка, зробленага ў той вечар карэспандэнтам аднаго з замежных СМІ.

Паводле абвінавачання, Раман Канановіч «9 жніўня і ў наступныя дні прыняў удзел у загадзя спланаваных масавых беспарадках у Мінску, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні пагромаў, узброеным супраціве прадстаўнікам улады, супрацоўнікам АУС у форменным абмундзіраванні». У выстаўленым палітвязню абвінавачанні сказана, што ён «10 жніўня, будучы дасведчаным з розных крыніц аб планаваных супрацьпраўных дзеяннях, прыбыў на ўчастак мясцовасці па адрасе на Прытыцкага, 32-28, для выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэстаў праз дэструктыўную дзейнасць, накіраваную, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у сумесных дзеяннях натоўпу, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Таксама абвінавачванне сцвярджала, што Раман нанёс шкоду філіялу «Мінскія цеплавыя сеці» РУП «Мінскэнэрга» шляхам «раскамплектавання металічнай канструкцыі ў выглядзе 12 жалезных штыроў», «выняў з іншымі неўстаноўленымі асобамі не менш за чатыры металічныя пруты з агароджы» і перамясціў іх да барыкад з мэтай «палягчэння сабе і іншым удзельнікам масавых беспарадкаў, стварэння перашкоды для перамяшчэння супрацоўнікаў і транспарту АУС». Адметна, што прадпрыемства выставіла кампенсацыю шкоды ў памеры… 0 рублёў 00 капеек.

Раман віну не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў.

Не думаў, што яго затрымаюць

Хлопца затрымалі 16 кастрычніка. Валерыя распавядае, як гэта адбывалася:

— Спачатку прыйшлі па месцы прапіскі да маці, але яго там не аказалася, бо ён жыў асобна. Маці яму пра гэта сказала, мы ведалі, што едуць людзі. У нас яшчэ было такое стаўленне да праваахоўнікаў — думалі, можа, агледзяць кватэру. Рома ведаў, што ён ні ў чым не вінаваты. Але ніхто не думаў, што яго будуць затрымліваць, ён сказаў мне, каб я ехала на працу, а ён застанецца, сустрэне іх і пагаворыць. Я паехала, па дарозе мы перапісваліся. Каля 9-ай раніцы ён напісаў: «Я цябе моцна кахаю», — і выдаліў дыялог.  

Валерыя гаворыць, што ператрусу ў кватэры не было, бо, калі яна ўвечары туды прыехала, нічога не змянілася.
З РУУС, куды адразу адвезлі Рамана, ён змог патэлефанаваць маці. Так, дзякуючы пошукам каханага, Валерыя з ёй і пазнаёмілася. Пасля хлопца адвезлі на Акрэсціна, тры дні ён правёў у ІЧУ, адтуль яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе Раман утрымліваецца і цяпер.

«Падрыхтавацца да такога немагчыма»

За ўвесь гэты час Валерыі ўдалося ўбачыць Рому толькі на судзе. Яна зазначае, што малады чалавек вельмі схуднеў. 10 лютага суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»).

— Каб даказаць віну па яго артыкуле, павінны былі сысціся некалькі фактараў: удзел у масавых беспарадках, наяўнасць гвалту, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, наяўнасць зброі, нанясенне шкоды маёмасці. Ну, дапусцім, удзел даказаны: ёсць фотаздымак, і тут ужо ніхто разбірацца не будзе. Зброі не было, гвалту не было, не прывялі нават якога-небудзь пацярпелага ў балаклаве. Не было пашкоджання маёмасці. Па-добраму, атрымліваецца адміністрацыйны артыкул: адсядзеў 15 сутак — і да пабачэння. Тое, што ўсё гэта не даказана — гэта не мае словы, гэта агучваў пракурор на пасяджэнні. І запытаў чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Гэта такі сюр.

Калі Валерыя распавядае, які шок перажыла падчас вынясення прысуду, у яе дрыжыць голас. Але яна бярэ сябе ў рукі і ўжо спакайней працягвае: насамрэч ілюзій адносна выраку асаблівых не было, адвакат раіў настройвацца на тэрмін.

— Мы чыталі навіны і разумелі, што такі вынік магчымы, — гаворыць дзяўчына. — Усім па гэтым артыкуле даюць падобныя тэрміны, бо ёсць пэўная ўстаноўка. Але ўсё роўна падрыхтавацца да такога немагчыма.

Вучыць французскую мову праз лісты

Валерыя і Раман пішуць адно аднаму штодня. Дзякуючы гэтаму ўдаецца прабіваць «паштовую блакаду». З ліставаннем здараюцца перабоі: напрыклад, лісты не даходзілі з канца снежня і да пачатку студзеня і з канца лютага да пачатку сакавіка. Але агулам перапіска больш-менш стабільная.

— У мяне, напэўна, самыя шалёныя лісты, бо я пішу яму пра ўсё. За дзень з табой не асабліва шмат чаго адбываецца, але ў мяне ёсць канал «Добрыя навіны», я адкрываю яго і пачынаю распавядаць, што, умоўна кажучы, Маск плануе адкрыць гатэль на Месяцы ці ў Мінскім заапарку казляня пасябравала з бегемоцікам. Пішу словы падтрымкі. Ён мне піша, што мае лісты яго моцна падтрымліваюць. А яшчэ я пырскаю лісты парфумай, каб у яго заўсёды быў мой пах.


У лістах маладыя людзі стараюцца не закранаць нічога таго, што магло б не прайсці цэнзуру. Нядаўна Валерыі ўдалося паразмаўляць з мужчынам, які сядзеў з Раманам і сышоў на «хімію», і ад яго яна змагла крыху даведацца пра стан хлопца.

— У яго цяпер «сінусоіда»: то здаецца, што вось-вось усё атрымаецца, то роспач. Але такое, мне здаецца, ва ўсіх. Агулам ён трымаецца, ён вялікі малайчына, і я ўпэўненая, што ён не зламаецца.

У СІЗА Раман шмат чытае, яшчэ ўвосень родным удалося перадаць яму кнігі па праграмаванні і англійскай мове. Пасля суда Валерыя пачала вучыць яго французскай мове. Паколькі падручнікі ў перадачы не прынялі, дзяўчына спрабуе займацца з каханым французскай праз лісты, але так, каб было зразумела і цэнзару — бо лісты на замежных мовах не прапускаюць.

У камеры Рамана ёсць тэлевізар, таксама да яго даходзіць «Новы Час», і ён разумее, што адбываецца. Яму пішуць шмат людзей, ён атрымаў нават ліст з Бразіліі. Валерыя зазначае, што хлопец вельмі добра аналізуе інфармацыю і робіць трапныя высновы.

«Я стала мацнейшай і смялейшай»

— Да ўсёй гэтай сітуацыі мы, напэўна, адно аднаго недаацэньвалі, — усміхаецца дзяўчына. — Цяпер я разумею, што побач са мной не хлопец, а сапраўды мужчына.

Каб прасцей было перажываць час расстання з каханым, Валерыя, хімік па адукацыі, апроч працы стараецца нагрузіць сябе дадатковымі заняткамі: тры разы на тыдзень яна вывучае англійскую мову, яшчэ два дні вучыцца ў аўташколе. Дапамагаюць родныя і сябры — усе вельмі з’ядналіся, арганізуюць перадачы для Рамана, падтрымліваюць маральна.

— Зона камфорту для мяне цяпер — гэта замкнуцца ў сваім маленькім свеце і нікога да сябе не падпускаць, шкадаваць сябе. Але і я сама, і сябры не дазваляюць мне гэтага рабіць.


У бліжэйшых планах Рамана і Валерыі — распісацца. Яны праз маму на спатканні дамовіліся распісацца, а потым на 14 лютага Раман падарыў Валерыі пярсцёнак. Хоць, смяецца дзяўчына, прапановы хлопец ёй
не рабіў і яна ўсё ж чакае гэтага прыгожага моманту, але так з’явіцца магчымасць бачыцца на спатканнях. Праўда, пакуль замест звычайнага для маладых прыемнага хвалявання даводзіцца праходзіць «перадвясельны квэст» паміж аддзелам ЗАГС, СІЗА і судом, каб сабраць неабходныя дакументы

— Мне здаецца, што я ў кастрычніку і я цяпер — гэта два розныя чалавекі, — прызнаецца суразмоўца. Я стала мацнейшай і смялейшай. Я параўноўвала гэта з тым, што, калі мы з Ромам хадзілі ў залу, трэнер дадаваў вагу, і ты ляжыш, на цябе ўсё цісне, і думаеш, што не можаш зрабіць гэтае практыкаванне. А потым аказваецца, што можаш. Але тут пытанне не ў тым, ці ты можаш, а ў тым, ці цябе гэта прыцісне. Я не гатовая да таго, каб мяне прыціснула.

Трыванне гэтага цяжару даецца Валерыі нялёгка. І ўсё ж яна ўдзячная лёсу за тое, што такая гісторыя здарылася з ёй і Раманам. Яна дапамагла раскрыць новыя якасці адно ў адным, стаць больш дарослымі і вывесці адносіны на глыбейшы ўзровень, чым яны былі раней.

«Ён патэлефануе і скажа, каб мы выклікалі яму таксі»

— У мяне няма адчування, што я развіталася з ім на чатыры гады, — зазначае Валерыя. — Мне здаецца, так думае любы чалавек, які здольны аналізаваць. Калі паглядзець хаця б на эканамічны аспект — усё становіцца зразумела. Я веру, што ў гэтым годзе ён будзе дома.

Валерыя чакае каханага і ўяўляе, як будзе выглядаць дзень яго вызвалення. Яна мяркуе, што гэта здарыцца нечакана.

— Ён патэлефануе з незнаёмага нумара і скажа, каб мы выклікалі яму таксі. Я ўпэўнена, што гэта будзе сітуацыя, калі рэзка ў адзін дзень усіх выпусцяць.


Пасля вызвалення дзяўчына марыць з’ехаць з каханым на нейкі час адпачыць на мора. Але зусім з’язджаць з Беларусі яна не хацела б: перакананая, што і яна, і Раман могуць прынесці карысць тут. Праўда, зазначае Валерыя, усё будзе залежаць ад таго, у якой краіне Раман выйдзе на волю. Калі тут усё застанецца па-ранейшаму, магчыма, давядзецца з’ехаць.

Пакуль жа дзяўчына перадае каханаму, што тут усё працягваецца, і ўсё будзе добра, і што дома яго чакаюць. Трэба не адчайвацца, азірнуцца назад, убачыць, колькі ўжо пройдзена, і верыць, што лепшае абавязкова наступіць.

— Я вельмі хачу яму сказаць, каб ён ні на секунду не сумняваўся ні ў сабе, ні ў нас. З намі ўсё нармальна, і ніхто не думае апускаць рукі, усе гатовыя змагацца. А яшчэ — ён неверагодна моцны, сапраўдны воін дабра!

Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: