Я веру ў людзей

«Ты, галоўнае, памятай: як зойдзеш у «хату» — назаві артыкул, тэрмін, паганяла сваё, павітайся…» — інструктаваў мяне перад судом дасведчаны калега і былы палітвязень Мікола Дзядок.
Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Штраф у 20 базавых велічыць за «ўдзел у пікетаванні» (менавіта так супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС сталіцы ацанілі ўскладанне папяровых караблікаў да расійскай амбасады) мяне здзівіў (нагадаю, я прысутнічала на акцыі як журналістка і выконвала свае прафесійныя абавязкі), але не надта расстроіў. Бо судовая сістэма Беларусі — як захапляльны атракцыён, латарэя з невядомым фіналам, і крыўдаваць на тое, што гэтым разам табе не пашчасціла, — глупства. Так, менавіта «шчасце», а не закон вызначае ў нашай краіне віну чалавека. І асабліва паказальныя тут суды за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Калі цябе судзяць па артыкуле 23.34 КоАП, ты павінен на ўсялякі выпадак да суда сабраць кешар, нават калі толькі праходзіў побач з пікетам альбо асвятляў яго як журналіст.

У мяне не было ілюзій наконт справядлівасці і неперадузятасці нашых судоў — балазе, давялося пабываць на розных працэсах, сярод якіх адзін быў абсурднейшы за іншы. Але ў мяне быў станоўчы досвед: калі першы раз мяне судзілі за нібыта ўдзел у недазволенай акцыі пратэсту ля будоўлі бізнес-цэнтру блізу Курапатаў, то апраўдалі. І тады ўва мне зарадзілася вера, што, насамрэч, не ўсё так абсурдна, ёсць і парасткі здаровага сэнсу ў асобных людзей сістэмы. Да таго ж, як перакананы яшчэ адзін мой калега Сяргей Пульша, немагчыма быць журналістам без веры ў людзей.

Але, здаецца, я памылілася. Бо ў сістэме людзей няма. Гэта нейкія жывыя істоты, якія могуць толькі выконваць спушчаныя «зверху» загады. Адзінае даступнае ім пачуццё — страх. Не справядлівасць, не міласэрнасць, не любоў, не спагада. Толькі жывёльны страх, які штурхае іх штодня іменем закона тварыць злачынствы.

Чалавека вызначаюць перадусім яго маральныя якасці.

А пра якія маральныя якасці можна казаць, калі сведка-міліцыянт ходзіць з працэсу на працэс і слова ў слова паўтарае адны і тыя ж завучаныя паказанні, мяняючы толькі імёны? Пра якія маральныя якасці можна казаць, калі суддзя ўважліва выслухоўвае, задавальняе ўсе хадайніцтвы, вывучае прадастаўленыя падсудным бясспрэчныя доказы, а потым выносіць абвінаваўчы вердыкт?

Ці ўвогуле, як гэта было з вязнямі «Плошчы – 2010», нават не разбіраецца ў справах, а толькі паспявае раздаваць налева і направа «суткі» ды штрафы зусім не датычным да пратэстаў людзям…

Што ж да таго выпадку з судом за Курапаты — гэта быў проста збой у сістэме (цуд: сведкі абвінавачвання змянілі свае паказанні на маю карысць).

А ў людзей я веру. Я веру ў сваіх калег. У рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб, якая, нягледзячы на тэмпературу, прыехала ў суд, каб сведчыць за мяне. У фотакарэспандэнта агенцтва БелаПАН Сяргея Балая, які таксама выступіў сведкам і прадаставіў арыгіналы сваіх фотаздымкаў у маю абарону. У калег з БАЖ, якія давалі розгалас і як маглі падтрымлівалі мяне, а таксама ў іншых журналістаў, што рабілі матэрыялы з працэсу. У маіх бацькоў, якія адмянілі ўсе свае справы, каб быць побач са мной. У сваіх «падзельнікаў», якія праявілі сапраўдную салідарнасць. Ва ўсіх тых сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей, якія прыйшлі падтрымаць. Альбо не змаглі прыйсці, аднак пазванілі, напісалі, ці проста ў думках пажадалі мне ўдачы.

Гэтыя людзі ў маім жыцці — важнейшыя за ўсе штрафы і прысуды. Яны — сапраўдная каштоўнасць, і я вельмі шчаслівая, што іх так шмат. Дзякуй вам усім, дарагія!

А сістэмы рана ці позна ламаюцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!