«Я выпіўшы была добра!» У жніўні 2020-га маці здала міліцыі дачку, якая ўдзельнічала ў пратэстах

«Наша Ніва» прааналізавала злітую хакерамі базу зваротаў у дыспетчарскую службу міліцыі ў жніўні 2020-га. І знайшла займальную гісторыю: маці паведаміла ў міліцыю, што яе дачка накіравалася на мітынг. Жанчыну завуць Раіса.

Вядома, што жанчына пазваніла ў міліцыю 10 жніўня. «Паводле слоў заяўніцы, яе дачка Алеся накіравалася на мітынг», — гаворыцца ў запісе міліцыі.

«НН» пазваніла спытаць, навошта яна гэта зрабіла. Як патлумачыла спадарыня Раіса, гэтага званка б не было, калі б яна ў той дзень «не была добра выпіўшы».

«Калі б я не была выпіўшы, то не пазваніла б — Дзень народзінаў быў у сяброўкі, я выпіўшы была добра! Дачка сказала, што некуды збіраецца, а я ж чула, як там выбухае. Тады расказвалі, што нейкія запальныя сумесі кідаюць, бутэлькі.

Я падумала: дачка — шматдзетная маці, трое дзяцей, а калі раптам што, хто гадаваць будзе? Хацела, каб яны яе затрымалі і вярнулі назад, каб нічога з ёй не здарылася. Але вярнулася сама, усё нармальна, можа, я выпіла і не зразумела тады правільна, куды яна ідзе», — сказала жанчына.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: