«Яго ўнутраная свабода не даспадобы ўладам». Хто такі Ігар Банцар, які трымае сухую галадоўку

3 сакавіка ў Гродне пачаўся суд над гродзенскім музыкам, прадстаўніком мясцовага андэграўнду і актывістам Ігарам Банцарам. Яго затрымалі 20 кастрычніка — забралі раніцай з уласнай кватэры. Нагодай стаў адзін з вулічных перформансаў музыкі: ноччу 5 верасня Ігар танцаваў перад міліцэйскім аўто без ніжняй бялізны. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 339 КК за «хуліганства», Ігару пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля затрымання музыку кінулі ў адзіночную камеру гродзенскай турмы, распавядае «Белсат». Праз некаторы час яго прымусова завезлі на псіхалагічнае абследаванне ў Навінкі, затым, па вяртанні ў ізалятар турмы, ён два тыдні адбываў пакаранне ў карцары. Гродзенца пазбавілі ўсялякай сувязі з роднымі і сябрамі.

Ігару Банцару 40 гадоў, ён — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта «Mister X». Вегетарыянец, не ўжывае алкаголю, займаецца тайскім боксам, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў.

НАСІЎ ТРУНУ ДЛЯ СВАБОДЫ СЛОВА ДА БУДЫНКУ СУДА: ШЛЯХ АД ЖУРНАЛІСТА ДА МУЗЫКІ

Ігар Банцар нарадзіўся ў Мінску ў 1980 годзе, з сям’ёй пераехаў у Гродна ў 1986 г., дзе пайшоў у школу. У 1997 г. стаў сябрам арганізацыі «Малады Фронт», браў удзел у яе актыўнасцях. У тым жа годзе пачаў працаваць журналістам у газеце «Пагоня».

«Ігар быў добрым фотакарэспандэнтам. Пісаў няшмат, звычайна на музычную і грамадскую тэмы», — згадвае калега творцы з «Пагоні», гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка.

Бацька Ігара быў падпалкоўнікам міліцыі — кіраваў капітальным будаўніцтвам ва ўпраўленні. Брат Раман працаваў у аддзеле барацьбы з кіберзлачыннасцю: займаўся інфармацыйнымі тэхналогіямі ў міліцыі. Сышоў з гэтай працы, калі ад яго запатрабавалі сачыць за братам. Цяпер Раман жыве ў Беластоку і працуе ў турыстычным бізнесе.

У канцы 90-х — пачатку 2000-х Ігар Банцар вывучаў міжнародныя дачыненні ў Варшаўскім універсітэце. У гэты час актыўна супрацоўнічаў з беларускімі палітычнымі мігрантамі і Хельсінкскім фондам правоў чалавека — у праграмах дэмакратызацыі Беларусі.

Пасля вяртання ў Беларусь Ігар працаваў журналістам у некалькіх выданнях. У гэты час пачаў арганізоўваць свае першыя акцыі. Напрыклад, падчас ціску на газету «Пагоня», калі ў рэдакцыі ўчынілі ператрус і канфіскавалі тэхніку, Ігар ініцыяваў акцыю «Журналістаў ніхто не ведае»: разам з калегамі правёў «прэс-канферэнцыю» ў балаклавах.

Гродзенскія журналісты ў той час праяўлялі моцную салідарнасць са сваімі калегамі, адбываліся акцыі каля судоў і аблвыканкама. Ігар Банцар браў удзел у адной з самых яскравых: журналісты і актывісты зрабілі вялізную чорную труну для свабоды слова і разам з ёй правялі шэсце да абласнога суда, дзе разглядалася апеляцыя па справе «Пагоні».

У 2007 годзе Ігар быў галоўным рэдактарам штомесячнага выдання на польскай мове «Magazyn Polski». Стаў актывістам і прэс-сакратаром незалежнага Саюза палякаў Беларусі, браў удзел у пікетах для абароны Польскай школы ў Гродне.

За гэтую актыўнасць яго, пачынаючы з сярэдзіны 2000-х, пастаянна затрымлівалі, у тым ліку проста каля ўласнага дома, каралі суткамі, адзіночнымі камерамі і штрафамі. Часта фармальнай прычынай была «нецэнзурная лаянка ў прысутнасці міліцыянтаў» і «адмова ў падпарадкаванні міліцыі». Неаднаразова, перабываючы за кратамі, Ігар на знак пратэсту абвяшчаў галадоўку. Падчас адной з такіх галадовак ён хутка страціў 8 кг вагі.

З 2014 года Ігар Банцар адышоў ад грамадскай дзейнасці і цалкам прысвяціў сябе музыцы. Сёлета ён стварыў «Гродзенскі рок-клуб», што арганізаваў шэраг музычных і культурніцкіх імпрэз у Беларусі і за межамі.

«Плюралізм поглядаў і свабода выказвання — вось той фундамент, на якім варта будаваць сучаснае грамадства. Сярэднявечныя забабоны і суб’ектыўныя страхі, такія як расізм, нацыяналізм, ксенафобія і г. д., мы лічым ненатуральнымі і непрымальнымі для адукаваных людзей XXI стагоддзя. Уся нашая праца накіравана на тое, каб спрыяць адукацыі моладзі (але не толькі!), каб пашыраць творчую прастору, матываваць простых людзей да творчасці, каб змяняць свет вакол сябе да лепшага, выходзячы за стандартныя рамкі штодзённага шэрага існавання», — гаворыцца на старонцы клуба.

Таксама ў гэты час Ігар стварыў сваю аматарскую футбольную каманду і ладзіў дваровыя футбольныя турніры.

МУЗЫЧНАЯ КАР’ЕРА

У 2003 годзе, калі быў заснаваны стрыт-панк-гурт «Mister X», Ігар Банцар стаўся яго галоўным вакалістам. Да гэтага ён спяваў у панк-гурце «Твар».

«Mister X» добра вядомым на андэграўнд-панк-сцэне ў Польшчы, дзе яго часта называюць «самым вядомым беларускім панк-рок-гуртом» і «флагманам беларускага вулічнага панку». З моманту свайго стварэння гурт гастраляваў у Польшчы, Латвіі, Літве, Нямеччыне ды іншых краінах Заходняй Еўропы.

Ігар піша свае тэксты і запісвае вакал на расійскай, польскай, англійскай або беларускай мовах. Ён, як і ўсе ўдзельнікі гурта, прыхільнік антыфашызму, адкрыта выступае супраць расізму, гамафобіі і сексізму ў панк-року і агулам у грамадстве.

2020: ПРАТЭСТЫ І КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА

Ігар актыўна далучыўся да пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Напачатку ён браў удзел у акцыях падтрымкі анархічнага руху і яго актывістаў, затым пачаў ладзіць свае асабістыя перформансы. За гэта яго неаднойчы затрымлівала міліцыя. Напрыклад, на адзін з судоў у верасні ён прыйшоў у ружовым адзенні з ружовым сцягам — каб паказаць, што яго затрыманні, тыя суды, на якіх ён быў раней, ды наогул уся беларуская судовая сістэма — гэта фарс. З ганку суда музыку забраў АМАП.

Адразу падчас першага зняволення Ігар пачаў галадаваць. Яго двойчы збілі, але ў рэшце рэшт вызвалілі праз 72 гадзіны ўтрымання. 24 жніўня музыку арыштавалі разам з іншымі анархісцкімі і антыфашысцкімі дэманстрантамі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Ён атрымаў 10 сутак, астатнія пратэстоўцы — 7, і ў чарговы раз пачаў галадоўку.

За кратамі ў перыяд са жніўня да кастрычніка 2020 года творца агулам адбыў 18 сутак, да таго ж яго аштрафавалі на вялікую суму.

Нягледзячы на тое, што Ігара вызвалілі па заканчэнні 10 дзён арышту, ранкам 20 кастрычніка да яго дома зноў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, каб яшчэ раз арыштаваць яго — ужо па крымінальнай справе. Гэтым разам у кватэры музыкі ўчынілі ператрус, а таксама наклалі арышт на нататнік. Цяпер гродзенцу пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Жонка музыкі Анжаліка Арэхва ў каментары «Белсату» адзначыла, што супраць мужа распачалі крымінальную справу менавіта праз яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.

«Ён меў сваё меркаванне і бараніў яго. Ігар сваймі перформансамі актыўна выказваўся пра тое, што цяпер адбываецца ў краіне», — кажа яна.

Гродзенскі журналіст і сябра Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут прытрымліваецца думкі, што ўлады фактычна помсцяць Ігару за яго перформансы, што заўсёды былі гучнымі і выклікалі рэзананс у грамадстве.

«Гэта і прывяло яго за краты. Ні ў адной дэмакратычнай краіне такая грамадска-музычная актыўнасць не пацягнула б такіх драматычных наступстваў. Тая музыка, якую ён грае, тая ўнутраная свабода, якая звязаная з гэтай музыкай, не даспадобы ўладам Беларусі», — разважае Анджэй.

САЛІДАРНАСЦЬ

На знак салідарнасці з Ігарам фанаты футбольнага клуба «Санкт-Паўлі» з Гамбурга зрабілі графіці і вывесілі банер у яго падтрымку на стадыёне. У Нямеччыне прадстаўнікі лэйбла, з якім супрацоўнічае гродзенскі гурт, запусцілі кампанію #freebancer. Пра справу Ігара Банцара паведамілі таксама ў «Amnesty International», каб надаць гэтай гісторыі міжнародны розгалас.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: