«Яго зачыняюць у металічную клетку». Адвакаты нарэшце сустрэліся з Мікалаем Дзядком

Упершыню з 18 снежня адвакатаў дапусцілі ў СІЗА да адміністратара телеграм-канала «Мікоlа» Мікалая Дзядка. Пра гэта паведаміла ягоная адвакатка Наталля Мацкевіч.


 

— Стан здароўя ў яго нармальны, настрой бадзёры,распавяла TUT.BY Наталля Мацкевіч. — За апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў. Ён ведае пра хвалю салідарнасці людзей з ім, захоплены і шчаслівы, ад душы ўдзячны тым, хто падтрымаў і перажывае за яго.

Тым не менш у абароны ёсць падставы для турботы. За час знаходжання ў СІЗА Мікалай змяніў некалькі камер з-за канфліктаў з сукамернікамі. Мікалай Дзядок лічыць, што сітуацыя можа пагоршыцца.

Па словах адваката, умовы сустрэч Мікалая з абаронай у СІЗА на Валадарскага не забяспечваюць умоў для аказання эфектыўнай юрыдычнай дапамогі.

— Апошні месяц для гэтых сустрэч вылучаюць толькі спецыяльна абсталяваны кабінет, дзе Дзядка замыкаюць у металічную клетку, якая яшчэ і герметычна зачыненая пластыкавымі панэлямі. Гэта выключае магчымасць перадаваць запісы і дакументы, а каб размаўляць праз аргшкла, даводзіцца павышаць голас. Гэта ставіць пад сумнеў ўмова прыватнасці. Пры гэтым у СІЗА ёсць іншыя кабінеты. Але для зносін з Дзядком яны адвакату не прадастаўляюцца. З чым звязана такое дыскрымінацыйнае і зневажальнае стаўленне, адміністрацыя не тлумачыць. Аб'ектыўных і разумных падстаў да гэтага няма, улічваючы, што блогер абвінавачваецца ў здзяйсненні менш цяжкага, негвалтоўнага злачынства, — кажа Наталля Мацкевіч.

Абарона Мікалая Дзядка адправіла скаргу на абставіны сустрэч з падабаронным ва ўпраўленне Дэпартамента па выкананні пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і ў пракуратуру горада Мінска.

32-гадовага блогера анархічных поглядаў і адміністратара тэлеграм-канала «Мікоlа» Мікалая Дзядка затрымалі 12 лістапада ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна супрацоўнікі ГУБАЗіК. Як сцвярджае МУС, на месцы былі выяўленыя буйныя сумы ў замежнай валюце, матэрыялы, неабходныя для вырабу кактэйляў Молатава, а таксама ўлёткі і пратэстная атрыбутыка. У дачыненні да Дзядка была ўзбуджаная справа па артыкуле 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязнем.

У дваццатых чыслах снежня бацькі Мікалая Дзядка распавядалі, што былі ўстрывожаныя паведамленнем, атрыманым ад яго сукамерніка, пра тое, што жыццю і здароўю Мікалая пагражае небяспека. Ім не ўдавалася атрымаць інфармацыю пра здароўе сына ў адміністрацыі СІЗА, а адвакатаў да падабароннага не дапускалі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: