Ягор Лебядок — пра тое, чаму застаецца ў Беларусі: Трэба ж і мужнасць мець, а то займелі звычку з'язджаць

Вядомы ваенны і палітычны эксперт Ягор Лебядок у інтэрв'ю «Народнай Волі» патлумачыў, чаму не збіраецца ў эміграцыю.

— У апошні час вас пачалі часцяком ўспамінаць у некаторых праўладных тэлеграм-каналах: маўляў, што за ваенны эксперт такі-сякі? Не баіцеся такой пільнай увагі да сваёй персоны? Гляджу, вам нават каментатары ў Фэйсбуку пішуць: маўляў, неяк неспакойна за вас…

— А чаго баяцца? Мы ж у Беларусі жывём, калі баяцца, то можна альбо шызануцца, альбо падацца ў эміграцыю.

Усё, што тут адбываецца, мяне не палохае і не напружвае. Я выдатна разумею, што будзе яшчэ горш, але мяне гэта не страшыць, як усіх астатніх.

— Многія сапраўды цяпер жывуць у стане непраходзячага напружання і стрэсу.

— Гэта глупства, таму што напружанне будзе толькі нарастаць. Трэба проста зразумець, дзе ты жывеш, што можа цябе чакаць, і расслабіцца.

— А чаму вы думаеце, што далей будзе толькі горш?

— А хіба вы бачыце якія-небудзь сімптомы паляпшэння? Я не бачу. Усё як у Оруэла напісана: рэпрэсіі дзеля рэпрэсій, катаванні дзеля катаванняў, улада дзеля ўлады. І гэта ўжо не метафара, а дакладнае апісанне сутнасці такіх рэжымаў, як беларускі.

— Тысячы беларусаў за апошні час з'ехалі з краіны, баючыся рэпрэсій. Вы для сябе разглядаеце магчымасць рэлакейту?

— Вядома, не! Я ўжо сказаў, што не паеду. Трэба ж і мужнасць мець, а то займелі звычку з'язджаць…

Я разумею яшчэ тых, каму сапраўды пагражаюць, а тут глядзіш па сацсетках — некаторыя ў нейкай незразумелай істэрыцы з'язджаюць: ай-яй, са мной тут такое могуць зрабіць!.. Ну, пасадзяць і пасадзяць — не ты першы, не ты апошні.

— У вас ёсць дзеці, жонка?

— Няма. Мне ў гэтым сэнсе, вядома, прасцей. Я разумею, што сям'я — гэта дадатковы фактар рызыкі.

— Ягор, а колькі вам гадоў?

— 39.

— А чаму не жанаты?

— Ды не зраслося неяк раней. А цяпер я больш рызыкоўны, чым зайздросны жаніх... (Смяецца.)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: