Ягор Марціновіч з «Валадаркі»: патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні

Два месяцы таму сілавікі брутальна затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы». Ягора працягваюць трымаць у СІЗА на Валадарскага. Ніякіх зрухаў па крымінальнай справе няма, адзначае «НН». Як і сотні палітвязняў, яго ізалявалі ад свету, каб не даць магчымасці працаваць. У лістах ён распавядае, якія кнігі прачытаў і якія перадачы па ТБ паглядзеў. «Патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні. Магу рыхтаваць агляды самых цікавых праграм», — з гумарам адзначае Ягор.

«Кніг не надта шмат, і калі чытаць па 300 старонак на дзень, то хутка дайду да серыі "Мент у законе", — жартуе галоўны рэдактар «НН». — Кажуць, там каля 15 кніг, адна прымітыўнейшая за іншую. Так што чакаю магчымасці абнавіць бібліятэку. Ну і, каб развіваць мозг, рубімся ў шахматы.

Чарговы раз пераканаўся, які класны культурны прадукт ствараюць скандынавы. Раней мы разам з Адар’яй (жонкай) любілі глядзець іх серыялы — і шведскія, і дацкія, і нарвежскія. Абавязкова драматычныя, а звычайна яшчэ і з нейкім дэтэктыўным ухілам.

А цяпер спрабую выхапіць такія ж кнігі. "Срэбная дарога" (аўтар — Сціна Джэксан) — бадай, найлепшае з таго, што прачытаў тут, літаральна за дзень-два праглынуў, не адарвацца. Такі тыповы флегматычны сюжэт, але трымае ўвагу да канца.

Можа, прынясуць яшчэ чаго скандынаўскага. Ідэальна, каб яшчэ і па-беларуску. А так тут перадусім класіка. У маёй чарзе на наступныя два тыдні Рэмарк, Маркес, Дзюма, Кізі, можа, і Чэхава прагляджу. А пакуль перачытваю Караткевіча.

Я тут патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні. Магу рыхтаваць агляды самых цікавых праграм. Рэальна крута, што па "Беларусь-2" паказваюць "Арла і рэшку". Хай хаатычна, хай з паўторамі, але ўсё адно падымаецца настрой. Збіраюцца перад тэлевізарам усе. Глядзелі двойчы Іарданію, аднойчы Таджыкістан.

Вось я думаю: як адчуваюць сябе тыя, каго ніхто не чакае і за каго ніхто не перажывае? Мне амаль кожны дзень прылятаюць нагадванні пра тое, што я не адзін. Ды нават кожны дзень, бо і тэлевізар, і рэчы ў торбе — гэта ўсё пра тое, што сям’я блізка.

Усе, хто пішуць лісты, такія малайцы! Аніводнага падобнага ліста, усе з нейкай разынкай. Абавязкова адказваю ўсім, таму калі камусьці не прыйшоў адказ, то на нейкім этапе адбыўся збой, але не з майго боку».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: