Як абараніць дзяцей ад дзяржавы?

Яшчэ з савецкіх часоў мы ўсе ведаем, што 1 чэрвеня святкуецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Але ў сучаснай Беларусі гэтае свята такое ж дэкаратыўнае і дэкларатыўнае, як і ў савецкі час. З дзіцячымі праблемамі дзяржава абыходзіцца гэтак жа, як і з дарослымі.

Фота misanec.ru


За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: як ні згадаць нядаўнюю гісторыю з пераносам часу заняткаў у школе? Яна паказальная ў плане стаўлення дзяржавы да дзяцінства ўвогуле.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што заняткі ў школах трэба пачынаць у 9 гадзін раніцы. Міністэрства адукацыі пачало выконваць пажаданне кіраўніка дзяржавы і дасылаць у школы цыркуляры з патрабаваннем пачынаць заняткі пазней. Чым паставіла ў тупік і вучняў, і іх бацькоў, і настаўнікаў — то бок, усё грамадства ў цэлым. І раптам (інакш у нас не бывае) высветлілася, што адукацыйная сістэма — не «дзіцячая» праблема, і завязаная на шмат «дарослых» спраў.

Напрыклад, што рабіць бацькам, якія едуць на працу раней? Мінадукацыі паспрабавала адкруціцца: маўляў, можна дзяцей прыводзіць у школу, як і раней, але заняткі павінны пачынацца ў дзевяць. «Лішнюю» гадзіну з вучнямі павінны сядзець настаўнікі. А ці падлічыў хто, як узрасце нагрузка на і без таго занятых па самыя вушы настаўнікаў?

Пасоўванне заняткаў руйнуе звыклы графік і пазашкольнай адукацыі: кружкоў, клубаў і іншага. Усяго на адну гадзіну больш у школе — і першы гурток пачнецца з трох да пяці. Другі, адпаведна, з шасці да васьмі? А калі «дамашку» рабіць?


Гледзячы на дзяржаўную палітыку ў сферы абароны дзяцінства, узнікае ўяўленне, што яе няма. Ці, прынамсі, яна насамрэч — другасная. Бо ўсё яшчэ няма разумення таго, пра што казалася напачатку: яна наўпрост завязаная на дарослыя праблемы. І наадварот.

Тая ж рэформа пенсійнай сістэмы альбо дэкрэт пра дармаедаў. Каму прыйшло ў галаву выкінуць з працоўнага стажу тэрмін адпачынку па даглядзе за дзіцём? Пасля гэтага мы сур’ёзна будзем казаць пра «дэмаграфічны крызіс» і нарошчванне насельніцтва ў Беларусі? Мы будзем шчыра заклікаць жанчын нараджаць другое, трэцяе і чацвёртае дзіця, каб потым пакінуць гэтых жанчын без пенсіі?

Увогуле, з «дзіцячымі» праблемамі дзяржава паступае літаральна гэтак жа, як з «дарослымі». Мы шмат чуем пра клопат пра дзяцінства з экранаў тэлевізараў, а ў рэальнасці бачым зусім іншае. У выніку «рэфармавання» адпачынку і рэабілітацыі «чарнобыльскіх» дзяцей за мяжой многія дзеці страцілі такую магчымасць: цяпер на першым месцы апынуліся дзеці чыноўнікаў і сілавікоў, а тыя, каму сапраўды патрэбная дапамога, — у канцы спісу.

А ў некаторых выпадках на «клопаце пра дзяцей» чыноўнікі імкнуцца і нават падзарабіць. Мы памятаем, напрыклад, ініцыятыву Анатоля Тозіка (тады віцэ-прэм'ера), які ў 2014 годзе прапанаваў штрафаваць бацькоў за тое, што іх дзеці прапускаюць дзіцячы садок.

Ці тое ж палажэнне дэкрэту пра дармаедства: калі дзіцё садок наведвае, то маці ці бацька, якія афіцыйна не працуюць (і не важна, што ў іх дзіцё ад трох да сямі гадоў), лічацца «дармаедамі», і, адпаведна, падпадаюць пад той самы падатак.

Можа, дзяржава заклапочаная дзецьмі-інвалідамі? Вялікі вэрхал узяўся ў грамадстве з нагоды публікацыі ў інтэрнэт-часопісе «Імёны» артыкула пра мінскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З-за адсутнасці належнага харчавання дзеці там ператварыліся ў натуральных дыстрофікаў: важылі ў 19 гадоў 15 кілаграмаў! Зусім не дзяржава, а неабыякавыя грамадзяне ўзнялі гэтую праблему і пачалі збіраць сродкі для дзяцей на харчаванне. Улады ж звярнулі ўвагу на сітуацыю ў дзіцячым інтэрнаце толькі пасля вялікага розгаласу.


Затое калі трэба выкарыстаць дзяцей, каб ціснуць на «залішне актыўных» бацькоў — тут ніхто не цырымоніцца. Пагрозы прызнаць сем’і апазіцыянераў нядобранадзейнымі і забраць дзяцей гучаць рэгулярна. Праз адабранне дзяцей спрабавалі ціснуць на намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага, Крысціну Шацікаву, Таццяну Андрэеву. У снежні 2010-га пасля затрымання Андрэя Саннікава і яго жонкі Ірыны Халіп сацыяльныя службы спрабавалі адабраць у бацькоў Халіп малалетняга сына арыштаваных Данііла. Зараз такія ж спробы былі ў дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай і былога намесніка старшыні руху "За Свабоду" Алеся Лагвінца. Цікавы «клопат пра дзяцінства», ці не так?

«Дзіцячыя» праблемы наўпрост паказваюць самую вялікую хібу нашай дзяржаўнай сістэмы: адсутнасць зваротнай сувязі паміж народам і кіраўніцтвам. Калі б такая зваротная сувязь была, і праекты дзяржаўных рашэнняў не залежалі ад настрою аднаго чалавека, а выносіліся б на грамадскае абмеркаванне, усе праблемныя зоны рэформаў былі б высветленыя і скасаваныя ў самым пачатку. У адказ на патрабаванне Лукашэнкі пачынаць заняткі ў дзевяць раніцы міністр адукацыі б сказаў: «Гэта руйнуе ўсю ўсталяваную сістэму. Грамадства супраць». І прывёў бы адпаведныя разлікі.

Але ў тым уся і справа, што дзяржава — аўтарытарная. Зваротнай сувязі паміж ёю і грамадствам няма. Дакладней, улада проста не хоча чуць тое грамадства — да таго часу, пакуль яно не выйдзе на вуліцы, як было гэтай вясной.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: