Перамовы, петыцыі, пратэсты: як беларусы бароняць свае экалагічныя правы

Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне вырашэння экалагічных праблем умацоўваецца, аднак у Беларусі не перастае з’яўляцца інфармацыя пра парушэнні экалагічных правоў: права на чыстае і здаровае навакольнае асяроддзе, права на доступ да экалагічнай інфармацыі, права грамадскасці на ўдзел у працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў.

Фота Радыё Свабода

Да сумнавядомых у экалагічным плане Брэста, Светлагорска, Наваполацка дадаюцца ўсё новыя і новыя гарады. Як правіла, гэта звязана з пабудовай буйных прамысловых карпарацый, якія замест прынцыпу экалагічнай накіраванасці абіраюць дасягненне матэрыяльных каштоўнасцяў любымі спосабамі. Часам людзям не хапае ведаў і смеласці ў змаганні з дзяржавай і прадпрыемствамі. Нават нягледзячы на тое, што экалагічныя правы гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі актамі па правах чалавека.

Праблема таксама палягае ў адсутнасці сфарміраванага механізму абароны экалагічных правоў. Вядома, што іх можна абараняць праз стварэнне грамадскіх арганізацый, звароты ў дзяржаўныя органы і суды, пікетаванне, ініцыяванне экалагічных экспертызаў. Але, калі спусціцца з тэорыі на беларускую зямлю, то ўбачым: на практыцы такімі сродкамі скарыстацца вельмі цяжка, а часам — амаль немагчыма. У Брэсце ўжо амаль паўтара года працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў, якія змагаюцца за чыстае навакольнае асяроддзе, там жа адмаўляюць у рэгістрацыі экалагічнага праваабарончага грамадскага аб’яднання. У Светлагорску любую актыў­насць расцэньваюць як масавае мерапрыемства, а жыхарам адмаўляюцца прадстаўляць інфармацыю пра працу завода беленай цэлюлозы.

Мы распыталі экаактывістаў, якія займаюцца абаронай экалагічных правоў у самых «гарачых» кропках Беларусі, што рабіць, калі твае экалагічныя правы парушаюцца, ці можна назваць пратэсты самым эфектыўным сродкам абароны экалагічных правоў і чаму важна абараняць свае экалагічныя правы, нават калі ты ў Беларусі.


МАГІЛЁЎ: «Трэба выкарыстаць усе магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі»

У Магілёве з 2014 года будуецца расійскае прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў». Мясцовыя жыхары і актывісты лічаць вытворчасць прадпрыемства шкоднай. Асноўная барацьба супраць «Омск Карбона» пачалася каля трох гадоў таму, але рэальна людзі запанікавалі, калі ў ноч на 18 лістапада 2018 года наваколле завода накрыла «сажай»…

У горадзе дзейнічае ініцыятыва «За здаровы Магілёў», якую каардынуе Андрэй Бодзілеў. Экаактывіст распавядае, што асноўным сродкам абароны экалагічных правоў у Магілёве выступае канструктыўнае ўзаемадзеянне з органамі ўлады. У актывістаў ёсць дакументы, што сведчаць: праект будаўніцтва завода не адпавядае нормам экалагічнай бяспекі, у ім мноства недакладнасцяў і памылак. Гэта дае актывістам рэальныя падставы звяртацца па тлумачэнні і з канкрэтнымі прапановамі па паляпшэнні экалагічнай бяспекі ў горадзе. Напрыклад, з дапамогай грамадскай экалагічнай экспертызы яны дамагліся адмовы заводу ў павелічэнні магутнасці вытворчасці.

«Многія пытаюцца: чаму магілёўцы не пайшлі па шляху берасцейцаў і не выходзяць пратэставаць на вуліцы горада? Шмат хто лічыць, што магілёўцы не такія свабодалюбныя, як палешукі. Але трэба разумець, што ў Брэсце масавую незадаволенасць і пратэсты выклікалі менавіта рэпрэсіі ўладаў. У Магілёве іншая сітуацыя: актывісты ў першую чаргу хочуць вычарпаць усе рэсурсы ў перамовах з уладамі. Час “Х” настане тады, калі нам адкажуць адмовай на ўсе нашы прапановы. Трэба выкарыстаць усе магчымасці ўзаемадзеяння з уладай. Калі варыянтаў не застанецца — тады ўжо і на вуліцы Магілёва выйдуць людзі, абараняючы сваё здароўе», — распавядае Андрэй Бодзілеў.

Па словах каардынатара «За здаровы Магілёў», кіраўніцтва «Омск Карбона», у сваю чаргу, не спяшаецца ісці насустрач грамадскасці. «Яны вырашылі “дыскрэдытаваць” у вачах грамадства ініцыятыву “За здаровы Магілёў”, жыхароў, якія бачылі сажу ў лістападзе 2018 года», — распавядае Андрэй Бодзілеў. Нядаўна з’явіўся артыкул, у якім сцвярджаецца, што «невядомыя групы фінансуюць грамадзянскую пазіцыю» экаактывіста. На думку Бодзілева, аўтарам артыкула з’яўляецца кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў». Ён ужо накіраваў у абласную пракуратуру і міліцыю заяву з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых за паклёп.

Актывісты кампаніі, апроч іншага, намагаюцца паса­дзейнічаць стварэнню грамадскай экалагічнай камісіі пры Мінпрыпроды ці Магілёўскім камітэце прыродных рэсурсаў.

«Такія камісіі дзейнічаюць, напрыклад, пры Міністэрстве культуры і Міністэрстве юстыцыі. Дык чаму б не стварыць і пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў? Тым больш што на сёння гэтая камісія жыццёва неабходная. Гэты шлях дазволіў бы стварыць грамадскі механізм, які супрацьдзейнічаў бы карупцыйнаму складніку ў будаўніцтве новых вытворчасцей. Гэты шлях дазволіць актывізаваць запалоханае рэпрэсіямі насельніцтва», — кажа экаактывіст.

На думку Андрэя Бодзілева, усе сродкі барацьбы за экалагічныя правы эфектыўныя: запыты, экспертызы, прыцягненне грамадскасці, выхад на вуліцу. А яшчэ лепш, калі гэтыя дзеянні дапаўняюць адно аднаго: «Эфектыўныя любыя дзеянні, якія выкарыстоўваюць людзі, што не жадаюць моўчкі дыхаць атрутай вытворчасцяў ці глядзець на сажу, якая падае на іх галаву замест снегу».


НАВАПОЛАЦК. Петыцыя як асноўны інструмент у абароне экалагічных правоў

Наваполацк з’яўляецца лідарам сярод усіх беларускіх гарадоў па колькасці выкідаў у паветра шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі: іх штогод выкідаецца каля 60 тысяч тон. Але сёлета Наваполацк адзначыўся рэдкай для Беларусі перамогай у абароне права на чыстае навакольнае асяроддзе. Плануемая Міністэрствам энергетыкі пабудова катла па спальванні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ адмененая. Агульныя выдаткі рэалізацыі праекту маглі скласці больш за 1 мільярд долараў. Але экалагічныя наступствы меркаванага будаўніцтва маглі быць сапраўды катастрафічнымі. Дзякуючы дзейнасці экаактывістаў і актыўнасці мясцовых жыхароў, гэтага ўдалося пазбегнуць.

Зміцер Салаўёў, каардынатар кампаніі «За чыстае паветра ў Наваполацку» і праваабаронца «Вясны», адзначае, што ў кожным рэгіёне дзейнічае свой набор інструментаў абароны экалагічных правоў у залежнасці ад сітуацыі.

«У рэгіёнах, дзе экалагічная сітуацыя ад даўняга часу “стабільна цяжкая”, дзейнічаюць іншыя заканамернасці. Напрыклад, у Наваполацку, гора­дзе-лідары ў Беларусі па выкідах у паветра шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі, вулічных пратэстаў з нагоды экалагічнага становішча няма ужо больш за два дзесяцігоддзі.

Але ўвесну, калі стала вядома, што Міністэрства энергетыкі збіраецца пабудаваць кацёл па спальванні нафтавага коксу, жыхары ўсяго раёна змаглі хутка кансалідавацца. Пад першай петыцыяй “Прадухілім экалагічную катастрофу ў Наваполацку” на Petitions.by падпісалася амаль 1800 чалавек. Улады спужаліся магчымых пратэстаў і спачатку прыпынілі працэдуру грамадскага абмеркавання “з-за памылак у дакументацыі”. Пасля паўторнай петыцыі ўвогуле адмовіліся ад ідэі будавання катла», — распавядае праваабаронца.

Зміцер Салаўёў адзначае, што пры гэтым пратэсты сапраўды могуць выступаць добрым сродкам абароны экалагічных правоў. Праваабаронца ўзгадвае, што з дапамогай мірных сходаў на пачатку 1990-х навапалачане змаглі дамагчыся паляпшэння якасці пітной вады. Дзякуючы актыўнай пазіцыі мясцовых жыхароў быў зроблены артэзіянскі водазабор, а ў далейшым — і ачышчальныя збудаванні.

«Апошнім часам інфармацыя пра пратэсты, звязаныя з экалагічнымі праблемамі рэгіянальных гарадоў, з’яўляецца штотыдзень. Людзі выходзяць на вуліцу бараніць права на чыстае навакольнае асяроддзе, калі экалагічная сітуацыя рэзка пагаршаецца ці пагражае пагоршыцца.

Пратэсты будуць актыўна выкарыстоўвацца, калі дзяржава будзе парушаць правы сваіх грамадзян. Гэта звязана з новымі рэаліямі жыцця — з’яўленнем інтэрнэту. Людзі павышаюць сваю экалагічную правасвядомасць, атрымліваюць інфармацыю аб небяспецы для здароўя забруджвання наваколля, а таксама бачаць і натхняюцца паспяховымі прыкладамі дзейнасці экалагічных актывістаў па ўсім свеце. Гэта ўсё спрыяе мабілізацыі жыхароў у крытычных сітуацыях да актыўных дзеянняў», — адзначае Зміцер Салаўёў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!