Як асвятляецца на тэлебачанні тэма беларуска-расейскай інтэграцыі?

Беларуска-расейская дыскусія пра больш цесную інтэграцыю. Як яна асвятляецца на тэлебачанні? Адмысловы маніторынг на гэту тэму пачынае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.

Летась асвятленне расійска-беларускіх стасункаў таксама даследавалі, і цяпер у адмыслоўцаў будзе магчымасць параўнаць і вызначыць, як расстаўляюцца акцэнты, асабліва на фоне ўзмацнення тэмы, кажа Андрэй Бастунец:

— Мы рабілі такі маніторынг у мінулым годзе. І вось будзе магчымасць параўнаць, як за год змянілася стаўленне тэлебачання з акцэнтам зноў такі на тыя тэлеканалы, якія ўваходзяць у абавязковыя пакеты, якія атрымліваюць з гэтага пэўныя прэферэнцыі, прыбыткі. І як беларускія тэлеканалы асвятляюць тэму інтэграцыі, як яны дэманструюць уласны погляд з гледжання беларускай дзяржавы і расейскай.

Маніторынг пачынаецца сёння. Ён ахопіць толькі тэлеканалы, якія ўваходзяць у так званы «агульнадаступны пакет».

Даследаванне медыяпрасторы — адзін з кірункаў дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў. Неўзабаве, 26 кастрычніка таксама прэзентуюць вынікі першага этапу маніторынгу беларускіх СМІ па тэме “Выбары ў Палату прадстаўнікоў”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!