Як без прымусу вярнуць беларускую мову

14 траўня 1995 года ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку якога змянілася дзяржаўная сімволіка, а беларуская мова перастала быць адзінай дзяржаўнай. У інтэрв'ю Свабодзе гісторык і даследчыца моўнай палітыкі Алена Маркава расказвае пра тое, як у будучыні можна будзе выправіць маргіналізацыю беларускай мовы, якая працягваецца апошнія 26 гадоў.

Ці былі ў 1990-я гады пратэсты супраць беларускай мовы і сімвалаў

Сітуацыя была абсалютна адваротная. Былі калектыўныя лісты, але ў падтрымку беларускай мовы. Гэта была вельмі масавая з'ява. Рабочыя калектывы пісалі лісты за беларускую мову. Не было пратэстаў, мітынгаў супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Была масавая хваля прыняцця нацыянальнай мовы як адзінай дзяржаўнай. Мова была знакам новага жыцця.




Ці навязвалася беларуская мова ў 1990-я?

Заканадаўствам прадугледжваўся паступовы пераход. Былі прадугледжаныя моўныя курсы і г. д. Гэта было без прымусу. Былі акрэсленыя меры для плаўнага пераходу. Перш чым прыняць беларускую мову як адзіную дзяржаўную, урад спытаўся ў грамадзян. Лісты ў падтрымку беларускай мовы пісалі нават рускія ў Беларусі.

Чаму тады ўзнікла ідэя рэфэрэндуму?

Гэта тлумачыцца асобай тагачаснага прэзідэнта, які заўсёды апеляваў да савецкіх традыцый. І калі ўзнікла магчымасць, то быў арганізаваны рэферэндум. Ініцыятыва паходзіла ад яго, а не ад грамадзян. Пры тым, што працэс пераходу на беларускую мову адбываўся спакойна. Не было ніякіх з'яваў, якія б сведчылі аб тым, што Лукашэнка рэагуе на сігналы знізу.

Як павінна выпраўляцца праблема беларускай мовы ў будучыні

Калі адбудуцца перамены, то многія могуць запярэчыць: а навошта вы гаворыце пра мову, давайце займацца эканомікай або геапалітыкай. Але не існуе такога паняцця, што пра мову гаварыць рана ці позна. Наша мова цяпер у крытычным стане. Беларускую мову неабходна абвясціць адзінай дзяржаўнай мовай. Яе статус павінен быць прыярытэтны. Інакш мы нічым не будзем адрознівацца ад суседзяў. Наш распазнавальны знак — мова, і мы павінны яе культываваць.

Навошта чапляцца за адну мову, калі свет стаў глабальным

Калі мы паглядзім на іншыя краіны ў Еўропе, то тыя ж шведы, якія часта гавораць па-ангельску лепш, чым хто заўгодна, культывуюць сваю нацыянальную мову і падтрымліваюць яе на ўсіх узроўнях. Мы яшчэ не саспелі да таго, каб адмаўляцца ад сваіх моваў.

Ці падтрымаюць сёння беларусы статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай

За гады русіфікацыі на працягу кіравання Лукашэнкі, калі беларуская мова негалосна была на другаснай пазіцыі, або трэцяй ці чацвёртай, вырасла пакаленне, якое не мае адносінаў да беларускай мовы. Яны не разумеюць, навошта ім беларуская, калі можна размаўляць па-руску. Гэта пытанне да тых людзей, якія падтрымліваюць сёння перамены. Ці падтрымаюць яны і новую мову, як адзіную дзяржаву.

Ці прымальная прапанова дзвюхмоўя з разлікам у будучыні перайсці на адзіную беларускую

Пытанне: а калі той светлы момант надыдзе? Тут існуе небяспека, што гэта будзе адкладацца на пазней — маўляў, а цяпер эканоміка, або палітыка. А мова, можа, некалі пазней. Гэта нібыта кампраміс, але незразумела, калі будзе адпаведны час. Пры любых абставінах беларуская мова павінна мець прыярытэтны статус.

Як можна на практыцы пашыраць ужытак беларускай мовы

Пачынаць трэба ад пашырэння прэстыжу мовы. Не толькі на сімвалічных узроўнях. Калі вышэйшыя слаі, палітыкі, дзяржаўныя дзеячы пачнуць размаўляць па-беларуску, гэта ўжо будзе адзін з першых сігналаў, што гэта мова прэстыжнай сацыяльнай камунікацыі.

Далей дзяржаўныя СМІ павінны пераходзіць на беларускую. А камерцыйныя СМІ пасля будуць рэагаваць на попыт.

Важна прасоўваць нацыянальную мову на адукацыйным узроўні. Гэта павінна быць без прымусу — дзякуючы дзяржаўным прэферэнцыям.

Хто павінен усім гэтым займацца

Гэты працэс будзе маштабным. Будзе неабходна стварыць хаця б часовую камісію па нацыянальных пытаннях, якая будзе каардынаваць гэтыя дзеянні і кантраляваць гэтыя мерапрыемствы.

Ці павінна моўнае пытанне выносіцца на новы рэферэндум

Такія пытанні не могуць выносіцца на рэферэндум. Нельга паўтарыць памылкі 1995 года. Немагчыма выносіць на галасаванне рэчы, якія ёсць часткай нацыянальна-гістарычнай адметнасці. Я лічу, што рэферэндуму быць не павінна.

Гэта павінна быць у пакеце новых пераменаў, якія будуць прынятыя. Бо потым можа быць позна. Пасля можа не быць месца на гэтыя пытанні.

Калі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай будзе прыняты, то трэба выкарыстоўваць досвед іншых дзяржаў, каб рабіць гэта найлепшым чынам. Тут справа не ў тым, што нехта будзе прымушаць людзей гаварыць на адной мове. Павінен быць паступовы графік пераходу, з курсамі, каб гэта не было прымусова. Так, як было ў нас да 1995 года. Гэтыя механізмы і трэба выкарыстоўваць.

Колькі патрэбна часу на вяртанне беларускай мовы ва ўжытак

Як паказвае досвед беларусізацыі 1920-х або 1990-х, неабходна трохі больш, чым 5 год, каб гэта было паспяхова. Трэба, каб гэтая палітыка пачала самапрадукавацца, каб яна ўкаранілася настолькі, каб не было патрэбы абапірацца на падтрымку зверху. Прынамсі 6–7 год такое павінна працягвацца, каб гэтыя меры далі плён. Хутка гэта не адбудзецца. Трэба доўга, старанна і асцярожна працаваць, каб гэта не выклікала адпрэчвання. Таму трэба больш часу.

Дзмітрый Гурневіч, «Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: