«Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім слове

30 красавіка вынесуць прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пракурор запатрабаваў пінчукам ад 5,5 да 6,5 гадоў пазбаўлення волі і сумарна 530 тысяч рублёў кампенсацыі 109 міліцыянтам і чыноўнікам, паведамляе «Свабода».


Што сказалі ў апошнім слове

14 красавіка абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Вось што сказалі некаторыя з іх.

Алена Маўшук (44 гады): «Я вінаватая толькі ў тым, што нанесла ўдары па шчыце. Але зрабіла я гэта ў мэтах абароны. Пасля таго, як мне нанеслі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі моцна шкадую і раскайваюся. Больш ніякіх [супрацьпраўных] дзеянняў я не прадпрымала. Прашу вас жорстка мяне не караць. Я вельмі патрэбная сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс (у Алены трое дзяцей, двое з іх непаўналетнія і цяпер у прытулку. — РС.). Прашу змякчыць маё пакаранне, бо ў мяне непаўналетнія дзяўчаткі, адной 11, другой 5 гадоў (плача). Дзякуй».

Сяргей Маўшук (42, знаходзіцца пад хатнім арыштам): «Я вельмі шкадую, што так здарылася. Назад нічога не вернеш. Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх пацярпелых. Дзецям вельмі неабходная маці. Прашу прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі».

Вячаслаў Рагашчук (36): «У сваім апошнім слове я хачу выказаць словы ўдзячнасці сваякам. Усім людзям, якія, нягледзячы на гэтую сітуацыю, не забыліся пра мяне і падтрымлівалі. Вялікі вам дзякуй! Я спадзяюся, што вы [суд] дасце адэкватную і прававую ацэнку ўсім тым супярэчлівым сведчанням супрацоўнікаў міліцыі. Бо вы толькі падумайце! 14 чалавек, з якіх адна жанчына, збілі і запалохалі сотню міліцыянтаў (пацярпелымі ў “пінскай справе” праходзяць 109 сілавікоў. — РС). Што тычыцца маіх дзеянняў, то думаю, што я зрабіў правільна. Зрабіў бы я па-іншаму — як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям (у яго 3 дзяцей. — Заўв. рэд.) і тлумачыў ім, што не дапамог збітым супрацоўнікамі міліцыі людзям? Што тычыцца пазоваў, то прашу зрабіць пацярпелым псіхалагічную экспертызу. Яны наогул усведамляюць, якія пазовы яны нам заяўляюць? Дзе нам узяць гэтыя грошы? Высокі суд, мы, напэўна, сваякі Ілана Маска. У выпадку прызнання судом гэтых сум мне давядзецца прадаць кватэру і маёмасць. Я прашу разабрацца вас і прызначыць пакаранне толькі за тое, што я рабіў, а не за тое, што выдумалі некаторыя асобы. Дзякуй».

Рыгор Гунько (31): «Я не думаў і не ўсведамляў, што так магло атрымацца, бо я звычайны хлопец. Ніколі нікому не нарабіў зла. За ўсе тыя месяцы, праведзеныя ў СІЗА, я шмат чаго пабачыў, усвядоміў свае памылкі і зразумеў, што пазбавіўся самага каштоўнага — свабоды! У мяне было столькі планаў на будучыню: хацеў стварыць сям’ю, пабудаваць дом і жыць нармальным жыццём, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Паважаны суд, прашу вас строга не караць. Не пазбаўляць мяне волі. Дазвольце мне выправіцца, працягнуць працаваць і дапамагаць сваёй сямʼі. У мяне ўжо немаладыя бацькі, а жыццё праходзіць вельмі хутка. Я спадзяюся на ваш перагляд справы».

Дэвід Масціцкі (20): «Мам, не хвалюйся за мяне. Усё будзе добра. Вельмі моцна цябе люблю. Высокі суд, я ўсё зразумеў, прашу апраўдаць мяне».

Раман Багнавец (36): «Калі б была магчымасць перажыць той дзень нанова, я думаю, усё б па-іншаму склалася».

Алег Рубец (19): «(...) Хачу выказаць удзячнасць бацькам і ўсім тым, хто падтрымліваў мяне. Хачу папрасіць прабачэння ў мамы і таты за прынесеныя ім перажыванні. У мяне ёсць прычыны, з-за якіх я кінуў у супрацоўніка міліцыі жменю зямлі. Я зрабіў гэта пад уздзеяннем эмацыйнага ўзрушэння ад скрываўленага выгляду мужчыны, які ўпаў недалёка ад мяне. Мяне абурыла несправядлівасць. Гэты кідок стаў ахоўнай рэакцыяй з майго боку. І сам ён не можа быць кваліфікаваны як наўмыснае дзеянне з мэтай прычынення гвалту. Жменя зямлі не з’яўляецца прыладай здзяйснення злачынства, як гаворыцца ў абвінавачанні. Яна не можа прычыніць шкоды. Абвінавачанні ў мой адрас не абгрунтаваныя. Следствам не вызначана, які менавіта гвалт псіхалагічны ці фізічны я здзейсніў. Як і тое, што зрабіў гэта менавіта я. Няма доказаў і таго, што пашкодзіў альбо знішчыў маёмасць. Следствам таксама не ўстаноўлена, якім спосабам я асабіста пасягаў на грамадскую бяспеку... Прашу ў сувязі з адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу злачынства мяне апраўдаць».

Аляксандр Цярэшка (35): «Мне няма чаго сказаць, акрамя таго, што я ні перад кім не вінаваты».

Артур Халімончык (32): «Найперш хачу падзякаваць людзям, якія падтрымалі мяне за час знаходжання ў СІЗА, пад следствам. Шмат чаго новага я ўсвядоміў і зразумеў у сваіх дзеяннях. І шмат да чаго новага прыйшоў. Гэты перыяд застанецца часткай майго жыцця».

Данііл Богнат (19): «Высокі суд, тое, у чым мяне абвінавачваюць, — няпраўда. Прашу вас даць справядлівую ацэнку маім дзеянням».

Станіслаў Міхайлаў (43): «Высокі суд, я проста хачу, каб вы разабраліся ў гэтай справе. Таму што я не браў удзелу ў падзеях, у якіх мяне абвінавачваюць, нікому нічога не зрабіў. Я спадзяюся, вы ва ўсім разберацеся. Таму што я ўвогуле не разумею. Такі тэрмін...».

Ігар Салавей (37): «...У Пінску існуе такая праблема, як чынавенства і „бязмежжа“ з боку супрацоўнікаў міліцыі. У нашым горадзе ўсе гэта ведаюць, але мала хто пра гэта кажа (...), бо гэта можа прынесці дыскрымінацыю ў працы і выклікаць рэпрэсіі з боку ўлады... Ёсць такі афарызм — „хто больш лянуецца, той сваю працу прадстаўляе як нейкі подзвіг“, што мы і бачым з паказанняў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Тое, як яны рызыкавалі жыццём, ратавалі таварыша, затуляючы яго шчытом. Нібыта гэта мемуары пра Другую сусветную вайну. Толькі пінскія міліцыянты рабілі з сябе герояў і пакутнікаў (...). Яшчэ не вынесеныя прысуды ў дачыненні да абвінавачаных, а Каравякоўскі (начальнік Пінскага ГАУС. — РС) ужо атрымаў званне ад гарвыканкама „Чалавек года“... Значыцца, у Пінску нас ужо ўсіх завочна асудзілі. Што тычыцца маёй ролі ў гэтых падзеях, то, як я сказаў раней, сваіх паказанняў не змяняю. І цалкам падтрымліваю абарону. Пацярпелыя не пазначылі канкрэтна, што атрымалі траўмы менавіта ад маіх дзеянняў. Абвінавачанне будуецца толькі на домыслах і здагадках следчых, якія пры тых падзеях нават не прысутнічалі і толькі па відэа выказалі здагадку, што я там раблю нешта супрацьпраўнае. Сведак няма».

 

Што вынікае з паказанняў абвінавачаных

Алена Маўшук нанесла некалькі ўдараў палкай па шчытах супрацоўнікаў міліцыі. Сцвярджае, што зрабіла гэта, каб супрацоўнікі не ішлі і не збівалі людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыі.

Сяргей Маўшук кінуў у бок супрацоўнікаў палку, бо ўспрымаў дзеянні міліцыянтаў, накіраваныя на выцясненне ўдзельнікаў акцыі, як супрацьпраўныя.

Дэвід Масціцкі нанёс два ўдары драўлянай палкай збоку па шчытах міліцыі. Перад гэтым ён назіраў, як яны збівалі людзей. Гэта і паслужыла матывам яго дзеянняў — абараніць людзей і аберагчы сябе.

Рыгор Гунько нанёс удар у шчыт супрацоўніка, кінуў у бок пастраення міліцыянтаў пясок. Назіраў, як іншыя ўдзельнікі масавых акцый кідалі прадметы, каб абараніцца ад міліцыянтаў.

Вячаслаў Шэлемет кінуў у кірунку шыхтоў сілавікоў камень, палімерную бутэльку і пачак цыгарэт. Тым самым хацеў абараніць сябе ад супрацьпраўных дзеянняў міліцыянтаў, якія білі людзей гумовымі палкамі.

Раман Багнавец кінуў у бок супрацоўнікаў кол для падвязкі дрэў, каб прадухіліць гвалт з боку міліцыянтаў. Гэтым ён спрабаваў адцягнуць увагу сілавікоў, якія выцяснялі людзей.

Вячаслаў Рагашчук наносіў удары палкай па шчытах сілавікоў, спрабуючы гэтым абараніць людзей і адагнаць іншых міліцыянтаў. У супрацоўнікаў міліцыі нічога не кідаў, маёмасці не пашкоджваў.

Алег Рубец кінуў у бок супрацоўнікаў жменю зямлі, якая да іх не даляцела. Зрабіў гэта, бо спалохаўся дзеянняў міліцыянтаў, якія выцяснялі людзей. Камень у міліцыянтаў не кідаў. 

Што кажа дзяржабвінавачанне

Дзяржаўныя абвінаваўцы Міхаіл Дайнека і Сцяпан Ляшок сцвярджаюць, што падчас судовых пасяджэнняў з паказанняў пацярпелых міліцыянтаў, сведкі Каравякоўскага, паказанняў абвінавачаных, прагляду відэазапісу вынікае, што, акрамя масавай акцыі, гучалі таксама заклікі дэмантаваць тратуарную плітку і ўжываць гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ў выглядзе фармулёвак «Бі іх».

Паводле пракурораў, удзельнікі акцыі «праводзілі сумесныя дзеянні, накіраваныя на пашкоджанне маёмасці». У напрамку супрацоўнікаў міліцыі абвінавачаныя кідалі камяні, фрагменты тратуарнай пліткі, палкі, бутэлькі. Наносілі ўдары па супрацоўніках рукамі і нагамі.

Падсудныя нібыта далучыліся да дзеянняў іншых асоб і адно да аднаго «ў мэтах дасягнення адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах і знішчэнні маёмасці».

Паводле абвінавачання, прымяненне гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі пацвярджаецца заключэннем судмедэкспэртызы пацярпелых.

Згодна з матэрыяламі справы, самі міліцыянты дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў і ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку «з мэтай спынення несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкама».

У ходзе судовых пасяджэнняў Сяргей Ляжэнка і Артур Халімончык цалкам прызналі віну. Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Аляксандр Цярэшка і Ігар Салавей віну адмаўляюць. Астатнія падсудныя прызналі яе часткова. Яны сцвярджаюць, што не мелі намеру прычыняць супрацоўнікам міліцыі цялесныя пашкоджанні, а проста знаходзіліся з 9 на 10 жніўня каля будынку Пінскага гарвыканкама. Падсудныя таксама заявілі, што не прымалі ўдзелу ў масавых беспарадках, не дзейнічалі групай асоб узгоднена адно з адным. А таксама не пашкоджвалі і не знішчалі маёмасць.

Суды над 14 пінчукамі працягваюцца з 23 сакавіка. Усім ім пасля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Падсудным пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: