«Як быццам вярнулася ў часы васьмідзесяцігадовай даўніны». Ліст на волю Анжалікі Борыс

Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін атрымаў на сваё 70-годдзе ліст ад Анжалікі Борыс, старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі, якая цяпер знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА. Ліст напісаны па-беларуску 24 чэрвеня. З дазволу Тадэвуша Гавіна «Свабода» прыводзіць яго цалкам.

Фота Людмілы Лебедзь

Фота Людмілы Лебедзь

«Дзень добры, пане Тадэвушу!

Вялікі дзякуй за ліст. Атрымала 22.06.2021 г. Пішу на беларускай мове, таму што на польскай, думаю, што не дойдзе, хаця мае думкі, канешне, на польскай мове. Прашу прабачэння за памылкі, вучуся пісаць.

Дзякуй за словы падтрымкі. У мяне ўсё добра, наколькі гэта мажліва, галоўнае, што здаровая. У «санаторыі», у якім знаходжуся, акліматызавалася так, як быццам бы вярнулася ў гады гістарычныя, васьмідзесяцігадовай даўніны. Але і тут таксама знаходзяцца нармальныя і пазітыўныя людзі.

Усюды, дзе знаходзілася, навучала дзяўчат польскай мове, а для мяне гэта было вельмі прыемным. Так што апошнія тры месяцы я валанцёр-настаўнік.

Атрымліваю таксама лісты ад людзей з розных куткоў Беларусі са словамі салідарнасці, а таксама нават з Масквы і Санкт-Пецярбургу. Большасць гэтых людзей — гэта Беларусы, і таму мне вельмі прыемна, што гэта Беларусы пішуць мне словы падтрымкі.

Прашу перадаць ад мяне словы вялікай падзякі!!! Пане Тадэвушу, перадаю сардэчныя вітанні для ўсіх нашых сяброў, перадайце вялікі дзякуй для сваёй сям’і!!! Сардэчна ўсіх вітаю!!! Трымайцеся і беражыце сябе!!!

З павагай, Анжаліка Борыс. 24.06.2021».

Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка па «польскай справе». Ёй пагражае да 12 гадоў калоніі за «распальванне варажнечы». Пазней арыштавалі чатырох яе паплечнікаў з незарэгістраванага СПБ.

Трох фігурантак справы ў маі вывезлі і вызвалілі ўзамен на выезд за мяжу. Вядома, што падобныя прапановы паступалі і Анджэю Пачобуту, і Анжаліцы Борыс, Пачобут адмовіўся. Паводле інфармацыі дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай, Анжаліка Борыс урэшце пагадзілася на гэтую прапанову, аднак яе выезд чамусьці пакуль не адбыўся.

Анжаліцы Борыс 47 гадоў. Да арышту жыла ў Гродне. Не замужам, дзяцей няма. Узначальвае не зарэгістраваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў Беларусі цягам 10 гадоў: з 2005 па 2010 год, і з 2016 году дагэтуль. Раней яе не аднойчы судзілі і штрафавалі за яе дзейнасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: