Як доўга захоўваецца імунітэт ад каронавіруса і ці ва ўсіх ён выпрацоўваецца?

Навукоўцы Імперскага каледжа Лондана прыйшлі да высновы, што без прышчэпкі імунітэт да хваробы, выкліканай новым каронавірусам, з часам зніжаецца, а станоўчы тэст на антыцелы не гарантуе, што з цягам часу імунітэт захаваецца.


Як доўга захоўваецца імунітэт да COVID-19?

Як адзначаецца ў даследаванні, гэта залежыць ад мноства фактараў. Да прыкладу, ад узросту: у людзей, старэйшых за 75 гадоў, канцэнтрацыя антыцелаў у арганізме памяншаецца значна хутчэй, чым у маладых людзей. Акрамя таго, колькасць антыцелаў залежыць ад цяжару цячэння хваробы. Цікава, што ў медработнікаў, якія перахварэлі на каронавірус, канцэнтрацыя антыцелаў зніжалася больш павольна. Па версіі навукоўцаў, гэта можа быць звязана з тым, што медперсанал пастаянна сутыкаецца з хворымі на COVID-19 і атрымлівае вялікую дозу віруса ў момант заражэння.

У іншым даследаванні, сумесна праведзеным навукоўцамі з Гарвардскай медыцынскай школы і Універсітэта Таронта, было ўстаноўлена, што канцэнтрацыя антыцелаў у крыві дасягала максімуму праз два-чатыры тыдні пасля заражэння, а затым падала. Узровень антыцелаў, аднак, заставаўся павышаным на працягу прыкладна чатырох месяцаў. Кіраўнік даследавання Рышэлье Чарльз мяркуе, што ў гэты перыяд чалавек наўрад ці можа паўторна заразіцца COVID-19. Дадзенае даследаванне, зрэшты, усё ж не дае адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Чаму меркаванні навукоўцаў пра імунітэт да COVID-19 адрозніваюцца?

Усё залежыць ад месца правядзення даследавання, яго працягласці і колькасці ўдзельнікаў. Так, у Нью-Ёрку антыцелы былі выяўленыя ў 20 працэнтаў жыхароў, якія прынялі ўдзел у даследаванні, у нямецкай акрузе Хайнсберг — у 15 працэнтаў, а ў аўстрыйскім Ішгле — у 40 працэнтаў. Хоць падчас першай хвалі пандэміі ўсе гэтыя месцы сталі ачагамі распаўсюджвання каронавіруса, у кожным з іх былі зафіксаваныя розныя вынікі.

У Кітаі, дзе ўпершыню быў знойдзены каронавірус новага тыпу SARS-CoV-2, таксама актыўна праводзяць даследаванні тэстаў на антыцелы. Вынікі аднаго з іх паказалі, што праз два месяцы ўзровень антыцелаў у крыві людзей, якія перанеслі COVID-19 бессімптомна, быў блізкі да нуля.

Затое вынікі даследавання, праведзенага амерыканскімі навукоўцамі з Універсітэта Арызоны, усяляюць большы аптымізм. Вывучыўшы аналізы 6000 чалавек, спецыялісты заўважылі прыкметы таго, што набыты імунітэт да каронавіруса стабільна захоўваецца на працягу як мінімум пяці месяцаў. Зрэшты, даказаць наяўнасць антыцелаў у крыві не так проста, што таксама можа быць прычынай гэткіх розных вынікаў даследаванняў.

Ці трэба тым, хто перахварэў на COVID-19 насіць маскі і захоўваць дыстанцыю?

Так. Людзі, якія перахварэлі на каронавірус, павінны працягваць выконваць правілы, накіраваныя на барацьбу з распаўсюджваннем інфекцыі. З юрыдычнага пункту гледжання закон не падзяляе грамадзян на тых, хто ўжо перахварэў на каронавірус, і тых, хто яшчэ не заразіўся. Але і з медыцынскага пункту гледжання людзі, якія перахварэлі на COVID-19, павінны і надалей прытрымлівацца прафілактычных мер, бо ўстойлівасць імунітэту пакуль яшчэ недастаткова вывучана.

Акрамя таго, вядомыя выпадкі паўторнага заражэння каронавірусам. "Нават пасля станоўчага тэсту на антыцелы чалавек павінен працягваць прытрымлівацца мераў бяспекі — у прыватнасці, выконваць сацыяльную дыстанцыю, насіць маску і ў выпадку з'яўлення сімптомаў зрабіць тэст на каронавірус", — падкрэслівае прафесар Імперскага каледжа Лондана Пол Эліёт.

Ці заўсёды ў перахварэлых на COVID-19 фарміруецца імунітэт?

Падобна на тое, што не. У ходзе шэрагу даследаванняў было ўстаноўлена, што антыцелы сапраўды выпрацоўваюцца не ва ўсіх. Да прыкладу, больш чым у 40 працэнтаў амерыканскіх маракоў, якія служылі на авіяносцы, дзе адбылася буйная ўспышка каронавіруса, антыцелаў так і не было выяўлена.

Да падобных высноў прыйшлі і навукоўцы з Любекскага ўніверсітэта ў Германіі. Большасць людзей, якія прынялі ўдзел у іх даследаванні, перахварэлі на COVID-19 у лёгкай або сярэдняй цяжкасці форме. Аднак навукоўцы так і не змаглі выявіць антыцелы ў крыві прыкладна чвэрці пацыентаў, нягледзячы на ​​пастаўлены ім раней дыягназ і ярка выяўленыя сімптомы COVID-19. Таму на пытанне, ці выпрацоўваецца ва ўсіх тых, хто заразіўся каронавірусам імунітэт, нельга ўпэўнена даць сцвярджальны адказ.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: