Як галінка пад снегам: чаму мы ўсё роўна перамагаем, калі ўсё кепска

Цяперашні стан беларускага грамадства можна параўнаць са станам галінкі пад гурбай снегу. Здаецца, яна не можа вытрываць гэты цяжар, які ўтрая большы за яе саму. Але, як ні дзіўна, галінка не ламаецца.

Пасля таго, як скончыліся, дакладней, былі зачышчаныя масавыя вулічныя пратэсты, шмат хто ўпаў у роспач і адчай, страціў надзею і веру ў перамогу. Здаецца, што ўсё марна, а рэпрэсіўная машына, якая і так неслася з шалёнай хуткасцю, працягвае набіраць абароты. І страх, які пранікае ў самыя косткі, паралізуе волю і свядомасць. Анягож — калі штодня ў навінах нам абяцаюць, што нас «зачысцяць», пагражаюць сем’ям, забіраюць дзяцей.

І вось ужо перад выхадам на вуліцу мы, нават самі не заўважаючы, пераглядаем гардэроб — каб не было спалучэння «небяспечных» белых і чырвоных колераў. Чысцім месэнджары і падпіскі. Ужо даўным-даўно не жывём, а існуем, агорнутыя ліпкай трывогай, якая не праходзіць ні ўдзень, ні ўначы, не дае спаць і радавацца нават самым звычайным рэчам.

Але варта ўспомніць, што ўсё гэта — даўно адпрацаваныя метады псіхалагічнага ўздзеяння. Галоўная мэта таталітарызму — запалохаць, паралізаваць супраціў і іншадумства, паказаць, што тых, хто «не з імі», чакаюць пакуты. Што прасцей і бяспечней — сядзець ціхенька пад венікам і не высоўвацца. Іначай будзе толькі горш.

Аднак гэта — толькі ілюзія. Горш, канешне, сапраўды можа быць. Але толькі ў тым выпадку, калі грамадства ў ХХІ стагоддзі ў самым цэнтры Еўропы дапусціць такое дзікунства. Падпарадкуецца і прыме такі расклад, выракшы на шматгадовае рабства саміх сябе і сваіх дзяцей на ўласнай зямлі.

Пакуль у нас яшчэ ёсць шанец гэтага пазбегнуць. Нас па-ранейшаму большасць, наша салідарнасць не слабее, на шчасце, прага перамен — таксама. З намі — увесь цывілізаваны свет.

Што ж нам рабіць? Адказ адначасова просты і складаны: не падпадаць пад уздзеянне запалохванняў. Гэта вымагае вялікіх, найперш маральных, высілкаў. Трэба ўмець быць гнуткімі, як тая галінка пад снегам, і часам паддавацца ў дробным, каб перамагчы ў вялікім. Так, не варта перці з голымі рукамі супраць БТРаў. Але і не варта дэманізаваць карны апарат. Іх — мала, і яны самі знаходзяцца ў панічным страху: доказ таму — фантастычныя блокбастары, якія рэгулярна штампуе дзяржпрапаганда, а таксама абсалютна шызафрэнічныя акты заканадаўства, якія забараняюць ледзь не ўсё, што варушыцца. Узгадайце словы рымскага гісторыка Публія Карнэлія Тацыта: «Чым бліжэй дзяржава да падзення, тым больш шматлікія ў яе законы». Але можна выдаць колькі заўгодна законаў, дэкрэтаў і загадаў, ды толькі нельга перапісаць законы эканомікі — а яны спраўна функцыянуюць паводле сваёй логікі, не абяцаючы рэжыму нічога добрага.

Таму цяпер, калі паглядзець на падзеі ў Беларусі з пункту гледжання гістарычнага працэсу, мы на слушным шляху. Гэта абсалютна непазбежна: прыйдзе час — і сістэма пажрэ сама сябе. Гэта адбываецца ўжо — на жаль, не так хутка, як хацелася б, і нашмат марудней, чым людзей кідаюць за краты. Але гэты працэс ідзе, і ён няспынны.

І цяпер ад беларусаў трэба, насамрэч, не так шмат. Першае, што мы мусім рабіць, — гэта захоўваць спагаду і салідарнасць, заставацца людзьмі, грамадствам, дзе «беларус беларусу — беларус». Ніякія рэпрэсіі не ў стане забараніць чалавеку быць чалавекам.

А яшчэ — давайце, нарэшце, у поўны голас заявім, што мы — беларусы і мы маем славутую гісторыю, адметную мову, старадаўнія традыцыі і дзяржаўнасць. Папярэджваючы тых, хто скажа, маўляў, цяпер не час, спачатку трэба вырашыць палітычны крызіс. Акурат цяпер — самы час, каб пачаць размаўляць па-беларуску (дарэчы, таксама адзін са спосабаў паказаць, што нас шмат) і культываваць нацыянальныя каштоўнасці. У свой час для нашых балтыйскіх суседзяў гэта стала галоўным чыннікам у здабыцці незалежнасці. Менавіта нацыянальны складнік, які нават падчас савецкай акупацыі ў літоўцаў, латышоў, палякаў, украінцаў заставаўся вельмі моцным, дапамог ім у даволі хуткі тэрмін адваяваць сваю свабоду.

Азірніцеся на колькі месяцаў назад і паглядзіце, як шмат мы ўжо зрабілі. Паглядзіце: мы прымусілі дыктатара задумацца над тым, што будзе «пасля яго». Пагартайце натхняльныя фотаздымкі са шматтысячных шэсцяў. Падумайце пра тых, хто цяпер пакутуе ў турмах і хто страціў жыццё ў гэтым змаганні — і зразумейце, што дзеля іх нельга спыняцца.

Часам сітуацыя выглядае абсалютна безвыходнай. Тады я ўзгадваю псіхолага Віктара Франкла, які выжыў у Асвенцыме і страціў сям’ю. Гэты чалавек напісаў: «Той, хто ведае, "навошта" яму жыць, будзе здольны вытрымаць амаль любое "як"». Пагадзіцеся: будаваць жыццё для сябе і сваіх дзяцей у вольнай і прыгожай Беларусі — толькі адзін з магчымых і, безумоўна, вартых сэнсаў для таго, каб выжыць і перамагчы.

Аднойчы павее ветрык, прыгрэе сонейка — і снег на галінцы растае. І тады яна выпрастаецца і пацягнецца свежымі парасткамі да неба.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: