Як гарадзенскія апазіцыянеры змагаюцца з паклёпам?

Вадзім Саранчукоў, лідар абласной арганізацыі БНФ, падаў у суд на мясцовую тэлерадыёкампанію за фільм «Маршам у нікуды», прысвечаны ўдзельнікам вясновых пратэстаў. Зварот у пракуратуру, паводле актывіста, ніякіх вынікаў не даў. Чаму паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні?

Вадзім Саранчукоў (фота Радыё Свабода)

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачанне паказала ў эфіры 10-хвілінны фільм, у якім паліваюцца брудам мясцовыя актывісты ды прадстаўнікі палітычных структураў. У ход пайшоў увесь прапагандысцкі набор штампаў пра апазіцыю: «вечныя беспрацоўныя», «алкаголікі» і г.д.


Як аператыўныя кадры трапілі на ТБ?

Адзін з «герояў» фільма Вадзім Саранчукоў, удзельнік вясновых пратэстаў, які атрымаў суткі за адну з акцыяў, вырашыў не мірыцца з абразамі ды падаў позву спачатку ў пракуратуру, пасля — у суд. З пракуратурай, паводле Саранчукова, атрымаўся звычайны «футбол»: з гарадской пераслалі ў абласную, адтуль — непасрэдна на Гарадзенскае тэлебачанне.

«У фільме былі выкарыстаныя кадры аператыўных здымак, якія пасля нейкім загадкавым чынам трапілі на тэлебачанне, — лічыць абласны лідар БНФ. —  Як? Будзем разбірацца».

Сёлетнія пратэсты ў Гродна

Аналагічную скаргу ў пракуратуру падаў і каардынатар БХД Сяргей Верамеенка. Эквілібрыстыка з перанакіраваннем зварота ў ягоным выпадку паўтарылася. Пры гэтым актывіст не можа зразумець, чаму фінальным адрэсатам ліста апынулася Гарадзенскае тэлебачанне, якое, фактычна, з’яўляецца зацікаўленым бокам у разбіральніцтве. Верамеенка таксама гатовы судзіцца з тэлевізіёншчыкамі.

«Вялікі начальнік» і ДТЗ

Чаму паклёпніцкі фільм з’явіўся менавіта на Гарадзенскім тэлебачанні, хоць вясновыя пратэсты, здаецца, захапілі ўсе абласныя і шматлікія раённыя цэнтры краіны? Напрыклад, пра аналагічныя фільмы ў Віцебску ці ў Брэсце мы нічога не чулі.

Публікацыя пра ДТЗ на мясцовым партале

Паводле няспраўджанай інфармацыі, мела месца асабістая ініцыятыва альбо хутчэй справа выпадку. На пачатку красавіка ў Гродне адбылося ДТЗ з удзелам «вялікага начальніка», які апынуўся нецвярозы за стырном. Паколькі імя «начальніка» так і не было агучана, па горадзе папаўзлі чуткі, што ім аказаўся ніхто іншы, як Мікалай Мельячэнка, дырэктар Тэлерадыёкампаніі «Гродна». Пасля ДТЗ той меўся нейкім чынам «выкупіць віну перад Радзімай», таму і паўстаў фільм, зроблены неахайна і на хуткую руку нават па мерках айчынных прапагандыстаў.

Мікалай Мельячэнка, дырэктар ТРК «Гродна»

Сайт «расійскі», таму і караць няма каго?

Для гарадзенцаў, зрэшты, гэта ўжо не першы выпадак абароны свайго гонару праз дзяржаўныя структуры. У мінулым годзе журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка ўжо звяртаўся ў міліцыю з нагоды публікацыяў у інтэрнэце з абразамі на ягоны адрас ды ў бок ягоных родных. Тады «брудныя» матэрыялы з’явіліся на маргінальным рэсурсе «Stop opp», які прафесійна гадамі бэсціць гарадзенскую «апазіцыйную тусоўку».

Тыповая публікацыя на сайце «Stop opp»

Сайт меў пад сваім крылом адмысловую групу ў «УКантакце», на адміністратараў якой і выйшлі гарадзенскія міліцыянты. Праваахоўнікі дадалі пры гэтым, што да сайту гэтыя людзі не маюць ніякага дачынення, таму і караць іх, нібыта, няма за што. Хто ж тады адказны за сайт?

Аказалася, што інтэрнэт старонка зарэгістраваная… у Расіі, дакладней — у Маскве. А гэта ўжо не юрысдыкцыя беларускай міліцыі. На гэтым тады справа і скончылася. На дадзены момант «Stop opp» паспяхова працягвае сваю дзейнасць, публікуючы абразлівыя матэрыялы на гарадзенскіх ды агульнарэспубліканскіх апазіцыйных дзеячоў ды журналістаў.


Абмеркаванне:

  • Виктория
  • 2017-06-08 15:44:02
Интересное совпадение - stopopp вчера написал про ваш ресурс, и вы про него в этот же день. Похоже на взаимный пиар. Уж не один ли хозяин у обоих сайтов.
  • Рэдакцыя
  • 2017-06-08 15:48:55
Вікторыя, што stopopp пісаў пра наш рэсурс?
  • Виктория
  • 2017-06-08 16:44:51
Пачытайце http://stopopp.com/?p=2569
  • аўтар
  • 2017-06-09 00:01:40
Ну, па такой логіцы ў нас наогул незалежныя СМІ больш за ўсё піяраць МУС, а МУС - незалежныя СМІ :) Таксама "адзін гаспадар"?

Каментаваць