Як гартаваліся беларускія патрыёты 90-х: Кроў на плошчы Леніна

Несанкцыяванае ўладамі шэсце моладзі ў Гродне скончылася жорсткай сутычкай з міліцыяй.
racyja.com

racyja.com

Вечарам 25 красавіка 1999 года каля сарака маладых хлапцоў, згуртаваўшыся ў калону, прайшлі па цэнтральнай вуліцы Гродна. Удзельнікі шэсця былі апрануты ў адмысловую камуфляжную форму, у руках трымалі запаленыя паходні. Над калонай луналі тры бел-чырвона-белыя сцягі. Такое відовішча прыцягнула ўвагу шматлікіх прахожых і міліцыянераў. Але, калі першыя рушылі ўслед за хлопцамі, дык другія адразу спрабавалі спыніць шэсце.

Але нешматлікім міліцэйскім нарадам гэтага зрабіць не ўдалося. Яны сутыкнуліся з надзвычай арганізаванай сілай і не маглі падступіцца да атрада юнакоў, якія мелі на берэтах кукарды з "Пагоняй". Толькі, калі міліцыянераў стала больш, чым удзельнікаў шэсця, яны кінуліся ў рашучую атаку. Аднак, згрупаваўшыся ў кола, хлопцы паспяхова адбіваліся ад нападаўшых пылаючымі паходнямі. Так яны здолелі прайсці яшчэ некалькі соцень метраў. Міліцыянтам не дапамагалі ні дубінкі, не слёзатачывы газ. Раз'юшаныя ад бяссілля "ахоўнікі правапарадку" накіравалі на хлопцаў міліцэйскую машыну. Так яны здолелі парушыць згуртаванае кола.

На плошчы Леніна, каля будынка аблвыканкама пачалася крывавая бойка. Юнакі адчайна абараняліся, але сілы былі няроўныя. Супраць сарака чалавек, частка з якіх была непаўналетнімі, выступілі не толькі звычайныя міліцыянеры, а і натрэніраваныя амапаўцы і спецназаўцы. Яны спрабавалі завалодаць бел-чырвона-белымі сцягамі. У адзін з момантаў бойкі, калі сцяг ужо амаль апынуўся ў руках амапаўца, нацыянальны сімвал беларусаў падхапіў вядомы бард Андрэй Мельнікаў, які тымі днямі гасцяваў у Гродне і выпадкова стаў сведкай падзей. Спявак здолеў перадаць сцяг хлопцам, за што атрымаў некалькі ўдараў гумовай палкай.

Другі сцяг вынес на сябе 18-гадовы юнак. Ён прыехаў у Гродна з Мінска спецыяльна для ўдзелу ў акцыі. У бойцы яму зламалі руку, разбілі дубінкай твар. Акрываўленага, атручанага газам хлопца выратавалі дзве невядомыя гродзенскія дзяўчыны. Яны яго пераапранулі, абмылі кроў, схавалі сцяг і давялі да тэлефона, каб ён мог звязацца з гродзенскімі сябрамі. Аднак адно бел-чырвона-белае палотнішча патрапіла ў рукі міліцыянераў. Здолелі яны затрымаць і трынаццаць удзельнікаў шэсця. Разам з імі патрапіў у пастарунак адзін выпадковы прахожы.

Па дарозе ў аддзел унутраных спраў, ужо безабароных хлопцаў, працягвалі збіваць. Некаторым дасталося і ў пастарунку. Адтуль траіх затрыманых забралі ў шпіталь "хуткая дапамога". Дваіх неўзабаве вярнулі ў міліцыю, 19-гадовы юнак застаўся ў траўматалагічным аддзяленні бальніцы. Яму міліцэйскі бот зламаў нос і хлопец праляжыць у ложку не менш за паўтара тыдня.

Але дасталося і міліцыянерам. Па неафіцыйных звестках, у аднаго з іх зламаная сківіца, у другога - сатрасенне мазгоў. Усяго цялесныя пашкоджанні атрымалі сямёра "ахоўнікаў правапарадку".
Чатыры непаўналетнія ўдзельнікі шэсця былі адпраўлены ў прыёмнік-размеркавальнік, адкуль былі перададзены бацькам. 26 красавіка над астатнімі затрыманымі адбыўся суд. Выпадковаму прахожаму далі штраф у адзін мільён рублёў. Удзельнікаў несанкцыяванай акцыі прыгаварылі да арышту на тэрмін ад двух да пяці сутак. Магчыма, такія адносна невялікія пакаранні звязаны з тым, што міліцыянеры самі зразумелі неадэкватнасць сваіх дзеянняў з парушэннем закону з боку моладзі.

На месцы бойкі засталося некалькі лужын крыві. На наступны дзень пасля падзей там з'явіліся кветкі і бел-чырвона-белыя сцяжкі.

Зміцер Кісель, Ніва, 1999, №19.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: